Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Інстынкт самазахаваньня прымусіць Лукашэнку павярнуцца да Захаду”


Віталь Цыганкоў, Менск

Новая перадача “Экспэртыза Свабоды” разглядае верагоднасьць паляпшэньня стасункаў Беларусі з Захадам. Падчас сваёй апошняй прэс-канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка ня першы ўжо раз заявіў, што хутка дачыненьні з Захадам значна палепшацца. Ці ёсьць для гэтага аб’ектыўныя падставы? Ці могуць паўплываць на сытуацыю перамовы між Беларусьсю і АБСЭ?

Удзельнікі: міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў і намесьнік старшыні БСДП (Народная Грамада) Уладзімер Нісьцюк.

(Віталь Цыганкоў: ) “Падчас сваёй апошняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што адносіны з Захадам хутка палепшацца. Маўляў, для гэтага ёсьць і пэўныя сыгналы з боку самога Захаду, — сказаў кіраўнік Беларусі. Я адразу нагадаю, што падобныя словы Лукашэнка казаў і за некалькі тыдняў да прэзыдэнцкіх выбараў летась, і адразу пасьля выбараў. Аднак дачыненьні з Захадам толькі пагоршыліся.

Зь іншага боку, ёсьць інфармацыя, што неўзабаве пачнуцца перамовы паміж беларускім МЗС і кіраўніцтвам АБСЭ. Ацэньваючы гэтыя факты, ці можна казаць, што ёсьць нейкія падставы для таго, каб бліжэйшымі месяцамі стасункі з Захадам — палітычныя, эканамічныя, іншыя — палепшыліся?”

(Андрэй Саньнікаў: ) “Думаю, што няма ніякіх падставаў лічыць, што можна чакаць нейкага паляпшэньня. Вы слушна заўважылі, што гэта ўжо ня першы раз, калі Лукашэнка кажа нешта падобнае, і ніколі гэта вынікаў не прыносіла.

Цяпер найбольш вострыя праблемы ў міжнародных адносінах — гэта праблема Іраку, увогуле міжнароднага тэрарызму. Лукашэнка ды іншыя афіцыйныя асобы і тут неаднаразова заяўлялі, што яны супраць тэрарызму. Але ж мы ведаем пра тыя кантакты, якія працягваюцца з тым самым Іракам. Таму я лічу, што словы Лукашэнкі — гэта спроба ўсталяваць дыстанцыю паміж тым, што адбываецца насамрэч, і тым, як улады хацелі б, каб іх успрымалі ў сьвеце.

Я ня думаю, што кансультацыі паміж Беларусьсю і АБСЭ дадуць нейкія вынікі. Я лічу, што надышоў час для АБСЭ больш прынцыпова паставіць пытаньне. Калісьці ўжо гучалі прапановы разгледзець пытаньне прыпыненьня сяброўства Беларусі ў АБСЭ. Вось калі так прынцыпова будуць пастаўленыя пытаньні, тады можна разьлічваць на нейкія вынікі ў гэтых кансультацыях”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Нісьцюк у гэтыя дні ў складзе дэлегацыі беларускай апазыцыі едзе на сэсію Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, якая пачнецца ў панядзелак 23 верасьня ў Страсбуры. На якім фоне яна будзе адбывацца? Ці мяняюць што-небудзь апошнія заявы Лукашэнкі ў вашым плянах і задачах?”

(Уладзімер Нісьцюк: ) “Па-першае, я хацеў бы цалкам пагадзіцца з Андрэем Саньнікавым. Аляксандар Лукашэнка і ягоныя падначаленыя вельмі шмат абяцаюць і гавораць. Але ніякіх канкрэтных крокаў за апошні час з боку Беларусі ў бок Эўропы зроблена не было. Акрамя крокаў, якія былі асуджаныя ва ўсім сьвеце — гэта і КНГ АБСЭ, і сяброўства з рэжымамі-ізгоямі і гэтак далей.

Тое, што цяпер спрабуюць зрабіць беларускія ўлады, на мой погляд, вялікай пэрспэктывы ня мае. Таму што зноў гэта ўсё будзе на ўзроўні палавінкі. Ня можа Хвастоў ці хто іншы з МЗС без дазволу зьверху ісьці на нейкія кансультацыі й нешта вырашаць. А палітыку таго, хто ўсё вырашае, мы заўважылі і пачулі на прэсавай канфэрэнцыі.

Таму будзе вельмі складана для ўлады зь “беларускім пытаньнем” і ў Страсбуры. Мы ведаем дасканала тэкст дакладу спадара Бэрэндта, зь якім ён выступіць на пленарным паседжаньні сэсіі 27 верасьня, мы ведаем распрацаваны і абмеркаваны ў рамках Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў тэкст выступу спадара Вячоркі, якому даручана выступіць ад імя рады. Ведаем, як складана фармуецца дэлегацыя ад улады ў Страсбур — ніхто ня хоча туды ехаць, бо бачаць, што ніякіх посьпехаў там ня знойдуць.

Мне ўсё ж здаецца, што зараз больш залежыць не ад Эўропы, а ад Лукашэнкі. Калі ён на самой справе захоча нешта зрабіць карыснае ў паляпшэньні адносінаў з Эўропай, Эўропа адгукнецца”.

(Цыганкоў: ) “Якія Лукашэнка мог бы зрабіць крокі, каб Захад іх успрыняў? Калі б сытуацыя склалася вельмі дрэнна на расейскім фронце і ў беларускага кіраўніка не было б іншага выйсьця, што ён мусіў бы зрабіць з таго, што Захад ацэніць як пазытыўны крок?”

(Саньнікаў: ) “Я ня бачу ніякага сэнсу абмяркоўваць, што Лукашэнка мог бы зрабіць. Нічога ён ня мог бы зрабіць! Ягоная мэта ня ў тым, каб рабіць пэўныя крокі й палепшыць сытуацыю. Да чаго ён імкнуўся і імкнецца ўвесь гэты час — каб адбылося прызнаньне той практыкі, якая ўсталявалася ў Беларусі.

Я ня бачу ніякага сэнсу абмяркоўваць гіпатэтычнага Лукашэнку. Мы маем рэальнага Лукашэнку і рэальны рэжым. Я хацеў бы спадзявацца, што Эўропа можа зрабіць больш канкрэтныя крокі для дапамогі дэмакратыі, тым больш што Лукашэнка агучыў пляны працягнуць тэрмін свайго знаходжаньня пры ўладзе”.

(Цыганкоў: ) “Невясёлая карціна атрымліваецца — пры цяперашнім рэжыме зьмены немагчымыя. Аднак многія грамадзяне Беларусі ня бачаць, як улада можа зьмяніцца наступныя гады. Таму яны спадзяюцца, што зьменіцца хаця б нешта ў міжнародным асяродку, і гэта прымусіць да пэўных зьменаў і беларускую ўладу. А ім сьцьвярджаюць, што пакуль Лукашэнка, нічога вартага і добрага чакаць не выпадае”.

(Саньнікаў: ) “Трэба гэта ўсьведамляць — гэта так і ёсьць. Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, нічога ня варта чакаць. Пакуль улада ня зьменіцца, разьвіцьця да лепшага ня будзе”.

(Цыганкоў: ) “Ёсьць падыход, што галоўнае ў палітыцы — гэта зрабіць адзін важны крок, ёсьць іншы падыход, што палітыка — гэта тысяча дробных крокаў. Эўропа пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў спрабавала вызначыць нейкую пакрокавую стратэгію, але яна, здаецца, правалілася. Спадар Нісьцюк, ці можна што-небудзь цяпер зрабіць для паляпшэньня сытуацыі ў дачыненьнях Беларусі з Захадам? Ці пакуль улада ня зьменіцца, ніякае паляпшэньне немагчымае?”

(Нісьцюк: ) “Я не зусім згодны са спадаром Саньнікавым. Я больш аптымістычна настроены. Мне здаецца, ёсьць аб’ектыўныя падставы мець надзею, што Лукашэнка пойдзе на нейкія крокі, якія прапануе Эўропа. Яны сфармуляваныя ў чатырох умовах, якія былі падтрыманыя парлямэнцкай “тройкай” Эўропы, якія засталіся і вядомыя і нашым грамадзянам.

Ён можа зрабіць крокі, зьвязаныя з дэмакратызацыяй сытуацыі ў Беларусі. Яго прымусіць гэта зрабіць інстынкт самазахаваньня. Калі сытуацыя складзецца такім чынам, што будзе зразумела, што Расея яго зьбіраецца мяняць, калі ў рэспубліцы эканоміка разваліцца да такога стану, што мы будзем на парозе сацыяльнага выбуху (а ўжо зараз такія моцныя сыгналы ёсьць). Вось тады толькі інстынкт — не палітычная дальнабачнасьць, а інстынкт самазахаваньня прымусіць яго рабіць такія крокі. Тады Эўропа абвяшчае, што яна гатовая адказаць на крокі Беларусі, пад якім бы соўсам яны ня будуць зробленыя.

Пакуль сытуацыя яго не прымусіла, не прыціснула да сьцяны. Калі яна прыцісьне, нават пры ўладзе Лукашэнкі будуць рабіцца крокі. Таксама як ён зараз стаў галоўным сувэрэнізатарам Беларусі, калі Расея яго прыціснула да сьцяны. Трэба мець надзею, што сусьветная супольнасьць і сытуацыя прымусяць яго зрабіць нейкія крокі”.

(Цыганкоў: ) “Многія аналітыкі, аднак, лічаць, што Аляксандар Лукашэнка ніколі ня зробіць рашучы крок у бок Захаду, паколькі гэта супярэчыць самой ідэалёгіі і аснове ягонай палітыкі. Бо калі ён пачне крокі ў тым кірунку, пад ім пачне размывацца і абвальвацца ўлада. Любы крок у бок Захаду патрабуе пэўнай лібэралізацыі. Нельга будзе саджаць журналістаў, зачыняць газэты і гэтак далей. З гэтага гледзішча хіба магчымы паварот на Захад, наколькі ён сьмяротны для Лукашэнкавага рэжыму?”

(Нісьцюк: ) “Мяркую, што яму электаральная падтрымка цяпер ня вельмі й патрэбная. Яна была яму патрэбная на першых выбарах, але цяпер ён стварыў сыстэму, якая пры любой думцы электарату будзе праводзіць ягоную палітыку і “элегантна” выйграваць выбары. І калі трэба, гэтыя “элегантныя” выйгрышы будуць памытыя на крыві. Не сумняваюся, што Лукашэнка дбае пра тое, як захавацца пры ўладзе, каб гэта хоць хто з Захаду і Ўсходу прызнаў”.

(Саньнікаў: ) “Тады тут супярэчнасьць узьнікае. Калі ён імкнецца захаваць уладу, то нельга чакаць, што ён зробіць нейкія крокі па лібэралізацыі. Я пра гэта і казаў, што гэта ягоны сьветапогляд. Ён ня ведае, што адбываецца ў сьвеце, ён жыве ў палоне савецкіх стэрэатыпаў. Ён увогуле ня бачыць, як можа кіраўнік Беларусі рухацца ў бок дэмакратызацыі і эканамічных рэформаў. Ён ня пойдзе на гэта. Магчымасьцяў было шмат. Шанцаў і Эўропа, і іншыя давалі яму дастаткова — нічога не адбылося. Таму казаць, што ён здолее нешта зрабіць — гэта было б наіўна”.

(Цыганкоў: ) “Такім чынам, мы паставім шматкроп’е ў дыскусіі, ці можа Аляксандар Лукашэнка павярнуцца на Захад. З аднаго боку, аб’ектыўныя абставіны вымушаюць да гэтага і вымушалі б любога палітыка, які зважае на патрэбы і карысьць для сваёй дзяржавы. Зь іншага боку, Беларусь мае на чале іншага палітыка, які кіруецца выключна сваімі інтарэсамі й ідэалёгіяй. І гэтыя інтэрэсы і абставіны пакуль не прыціснулі да такой ступені, каб ён зрабіў крок у бок Захаду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG