Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Лукашэнка стаць лідэрам антыпуцінскай апазыцыі?


Віталь Цыганкоў, Менск

Ці можа дапамагчы Аляксандру Лукашэнку падтрымка з боку расейскай апазыцыі ў канфлікце з Уладзімерам Пуціным? Ці настолькі моцныя сёньня пазыцыі самога расейскага прэзыдэнта ў процістаяньні з расейскімі алігархамі? Ці можа беларускае пытаньне зноў стаць важным чыньнікам унутрырасейскай палітычнай барацьбы?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй П’янткоўскі (Масква), палітоляг Уладзімер Падгол (Менск)

(Віталь Цыганкоў: ) “Аляксандар Лукашэнка ў сваім імкненьні “падсесьці” на расейскія рэсурсы заўсёды знаходзіў удзячных лёбістаў у Расеі. Найперш гэта была левая апазыцыя, а таксама мясцовыя губэрнатары. Лукашэнка ўдала выкарыстоўваў расейскую Думу і губэрнатараў у барацьбе супраць Ельцына і выканаўчай улады Расеі.

Як толькі расейскі ўрад, зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасьці, патрабаваў ад Беларусі грошай, Лукашэнка прыяжджаў у Маскву, гаварыў пра тое, што Расея — вялікая краіна, а браты-беларусы любяць расейцаў, і яму даравалі даўгі. Схематычна гэта менавіта так і выглядала.

Цяпер сытуацыя зьмянілася. Дума ўсё больш падпарадкаваная Пуціну, па расейскіх губэрнях Лукашэнку проста забаранілі езьдзіць, пазыцыі расейскіх камуністаў аслабелі. На каго цяпер Лукашэнка можа абаперціся ў Расеі? Як у сувязі з апошнімі тэндэнцыямі, якія я адзначыў, можа зьмяніцца ягоная палітыка і рыторыка?”

(Уладзімер Падгол: ) “Паводле зьвестак, якія я маю, Лукашэнка будзе абапірацца на антыпуцінскія сілы. Гэта можа нават быць “сям’я” — ня толькі пэўныя палітычныя пэрсоны, але і алігархі. На апошняй сустрэчы з Пуціным алігархі далі яму зразумець, што яны на сёньня ня маюць намеру падтрымліваць яго на прэзыдэнцкіх выбарах, якія ўжо вельмі моцна рыхтуюцца. Гэта і фармаваньне рэгіянальных структураў, і пошук рэсурсаў, і гэтак далей.

Я бачу разьвіцьцё падзеяў наступнае. Лукашэнка цяпер намацвае сувязі з тымі сіламі, якія паспрабуюць зьняць Пуціна. Супраць Пуціна можа быць выстаўленая нават кандыдатура Касьянава, на якога сёньня робіць стаўку “сям’я”. Такім чынам, Лукашэнка, узгадніўшы тэрміны і пытаньні, можа правесьці ўнікальны рэфэрэндум. У Беларусі адным з пытаньняў стане праект канстытуцыйнага акту саюзу Беларусі й Расеі. А ў Расеі антыпуцінскія сілы будуць праводзіць збор подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму менавіта па гэтым пытаньні. І гэты збор подпісаў будзе прымеркаваны менавіта да парлямэнцкіх выбараў — як ступені да прэзыдэнцкіх. Такім чынам Лукашэнка і згуляе на расейскім палітычным полі”.

(Цыганкоў: ) “Такое вось парадаксальнае меркаваньне зь Менску. Дасюль у Расеі й Беларусі лічылася, што пазыцыі Ўладзімера Пуціна моцныя і непахісныя. Што вы на гэта скажаце, спадар П’янткоўскі?”

(Андрэй П’янткоўскі: ) “Ведаеце, я з Уладзімерам згодны і ня згодны. Згодны ў тым, што Ўладзімер вельмі тонка пазначыў падзеньне аўтарытэту так званага пуцінскага міту. Міту пра гэткага несакрушальнага мачо, які вядзе Расею ад перамогі да перамогі, “мочыць у сартыры” ўсіх яе ворагаў, скарачае разрыў з Партугаліяй і гэтак далей. Гэты міт па сутнасьці абваліўся. Абваліўся пасьля таго, як Касьянаў вельмі проста паставіў Пуціна на месца, калі той запатрабаваў ад прэм’ера больш амбіцыйных плянаў.

Міт быў заснаваны на бездакорнасьці й непагрэшнасьці, а калі Касьянаў дазваляе сабе паводзіць такім чынам і застаецца на сваёй пасадзе, значыць, Пуцін не такі страшны і моцны. Бо прэм’ер-міністар, які дазволіў бы сабе размаўляць так з таварышам Сталіным, быў бы расстраляны празь пяць хвілінаў, а з панам Ельцыным — звольнены празь пяць хвілінаў.

Пуцін паказаў слабінку — “Акела прамахнуўся”. Эліты ўжо не ўспрымаюць яго як бясспрэчнага героя. У нас жа не выбіраюць прэзыдэнта, а прызначаюць прэзыдэнта. Таму я згодны з тым, што тыя 15–20 чалавек, якія рэальна кіруюць Расеяй, хочуць прызначыць іншага кіраўніка Расеі.

У чым я ня згодны з Уладзімерам — гэта тое, што Лукашэнка ў гэтым працэсе знойдзе нейкую сваю гульню. Разумееце, Лукашэнка расчараваў усіх. Усе былі пад абаяньнем ягонай гульні з разьбіцьцём чарак гарэлкі ў Гранавітай палаце, з заклікам да аб’яднаньня. Цяпер усе ўжо зразумелі, што ніякага аб’яднаньня Лукашэнка ня хоча, ніякім першым сакратаром альбо губэрнатарам ён ня стане. Таму мне здаецца, што раман Масквы зь Менскам закончыўся, і цяпер не выключаю, што ён пачне гуляць у крутога беларускага нацыяналіста”.

(Цыганкоў: ) “Давайце ўдакладнім. Вы лічыце, што Лукашэнка расчараваў нават сваіх традыцыйных саюзьнікаў — левых і вялікадзяржаўнікаў? Прывяду адзін факт. У заяве ЦК кампартыі РФ крытыкавалася збліжэньне Расеі з NATO, і асабліва адзначалася, што такое збліжэньне праводзіцца “без кансультацыяў з братняй Беларусьсю”. То бок можна сьцьвярджаць, што камуністы па-ранейшаму ставяць на Лукашэнку?”

(П’янткоўскі: ) “Так, тут я згодны, але гэта нейкая інэрцыя. Бо сіла Лукашэнкі была ня ў тым, што за яго былі камуністы. Сіла Лукашэнкі была ў тым, што ён зачароўваў расейскі мэйнстрым, палітычную эліту. Усе яны, марыўшы пра веліч Расеі, пра аднаўленьне ў той ці іншай форме Савецкага Саюзу, чакалі, што заўтра ці праз год Лукашэнка зь імі аб’яднаецца. Цяпер яны зразумелі ўсё, што можна зразумець пра Аляксандра Рыгоравіча”.

(Цыганкоў: ) “Вернемся да цьверджаньня Ўладзімера Падгола, што Аляксандар Лукашэнка можа падключыцца да гульні расейскіх алігархаў супраць Пуціна. Па-першае, наколькі сам Пуцін можа дазволіць яму падключыцца да гэтай гульні? Па-другое, які інтарэс Лукашэнку ўключацца ў гэтую гульню, што ён з гэтага можа атрымаць? Барацьба з Пуціным ня дасьць таго, што давала “інтэграцыя” зь Ельцыным”.

(Падгол: ) “Рэч у тым, што Лукашэнка будзе толькі віртуальна гуляць на палітычным полі Расеі праз тых, хто будзе гуляць супраць Пуціна. А мэта... Тут будзе ўзаемны інтарэс. Лукашэнка хоча выкарыстаць расейскія антыпуцінскія сілы, каб аднавіць у мазгах расейскіх выбарцаў згаслую зараз ідэалягічную эмацыйную хвалю наконт аб’яднаньня. Але аб’яднаньня яму, вядома ж, ня трэба. Ён за кошт гэтай хвалі, на якую будзе сканцэнтраваная ўвага СМІ, тут у Беларусі правядзе рэфэрэндум.

Такім чынам, я не кажу, што Лукашэнка прыедзе ў Маскву ці паедзе па рэгіёнах і будзе з Пуціным змагацца. Не. Я падкрэсьліваю — тут ён праводзіць сапраўдны рэфэрэндум, а антыпуцінскія сілы ў Расеі зьбіраюць подпісы за такі ж рэфэрэндум і падкладаюць Пуціну такую “піку пад рэбры”.

Але... вы задалі вельмі моцнае пытаньне — “ці дазволіць такое Пуцін?” Пуцін можа гэтага не дапусьціць толькі адным чынам — калі ягоная каманда супрацоўнікаў спэцслужбаў панішчыць алігархаў і забярэ іхныя грошы. Думаю, на сёньня гэта немагчыма, хутчэй яны самі праплацяць і зьнішчаць сваіх апанэнтаў”.

(Цыганкоў: ) “Мы гаворым пра ўступленьне (ці дакладней, вяртаньне) у палітычную гульню алігархаў. Калі зірнуць на беларуска-расейскія дачыненьні зь іхнага гледзішча — што іх можа цікавіць у Беларусі? Што б яны хацелі мець у Беларусі, акрамя зразумелых рэчаў — заводаў, нафтагазавага комплексу? Якая форма беларуска-расейскіх стасункаў іх бы цікавіла і задавальняла?”

(П’янткоўскі: ) “Вы слушна сфармулявалі, што найперш буйны расейскі капітал цікавіць удзел у прыватызацыі беларусіх аб’ектаў — там ёсьць смачныя кавалкі. І дарэчы, Лукашэнка жорстка перашкаджае гэтаму — можна згадаць кампанію “Балтыка” і гэтак далей. Але яны практычныя людзі і разумеюць, што ўся гульня ў аб’яднаўчыя структуры скончылася. Ад таго, што створацца агульныя парлямэнты, ад гэтага рэалізацыя іхных канкрэтных мэтаў ніяк не наблізіцца.

Што да Лукашэнкі, то ён, канечне, хацеў бы згуляць на антыпуцінскіх настроях часткі эліты, найперш “сямейнай”. Мы ж маем мадэльную сытуацыю. Вельмі рэзка і нават дзёрзка справабаў згуляць на гэтым Ельцын, які як пасланьнік “сям’і” наведаў Беларусь. І як мне стала вядома з даволі кампэтэнтных крыніцаў, Лукашэнка спакушаў яго магчымасьцю вяртаньня ў палітычнае жыцьцё, пасадай прэзыдэнта нейкай сумеснай квазідзяржавы. Але гэта скончылася пшыкам, у Маскве гэта зрабіла дастаткова змрочнае ўражаньне — як выкарыстоўваньне даволі пажылога і не зусім здаровага чалавека”.

(Падгол: ) “Андрэй, а вы ня лічыце, што візыт Ельцына — гэта была ня толькі ініцыятыва Лукашэнкі, а хутчэй алігархаў? Каб паказаць Пуціну, што ёсьць і такая тэхналёгія, і такі рычаг ціску? У гэты шэраг трэба паставіць і тое, што алігархі падвысілі цану на нафту, і інфляцыя падскочыла адразу. Яны далі ўрок фінансавы Пуціну”.

(П’янткоўскі: ) “Так-так, яны адкрылі вайну. Зьвярніце ўвагу, што зьмянілася мова Саюзу правых сілаў. Можа, самае цікавае, што адбылося за апошні час у Расеі, — гэта саюз групы Чубайса і “сям’і”. Але яшчэ вас запэўніваю, што не зьяўляецца Лукашэнка для іх карысным саюзьнікам. Ён адыграны тут. Надта доўга ён усіх тут падманваў і ў дурні пашываў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG