Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА НЕ БАЯЗДОЛЬНАЕ?”


Віталь Цыганкоў, Менск

Ці ідзе ў беларускіх узброеных сілах ваенная рэформа? Ці варта Беларусі разьлічваць на стварэньне прафэсійнага войска?

Удзельнікі: аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Аляксандар Алесін і былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі.

(Цыганкоў: ) “У Беларусі актыўна ідзе чарговы прызыў ва Ўзброеныя сілы краіны. Апошнімі тыднямі было некалькі крокаў да ваеннай рэформы.

“Працэс рэфармавання арміі бясконцы. Усе структуры Ўзброеных сіл павінны рэфармавацца, інакш яны адамруць”, — заявіў журналістам начальнік Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі генэрал-маёр Сяргей Гурулёў падчас правядзеньня апэратыўна-мабілізацыйных збораў на Барысаўскім палігоне. Гэта адбылося ў канцы мінулага году.

Спадар Казлоўскі, да чаго павінна прывесьці ваенная рэформа ў ідэале, да якога тыпу Ўзброеных сіл Беларусі? І ці прывядуць да гэтага тыя пляны, тыя першыя крокі, якія ўжо ажыцьцяўляе кіраўніцтва Беларусі?”

(Казлоўскі: ) “Любая праграма рэформаў патрабуе вялікіх матэрыяльных сродкаў, а сёньня гэтага няма. Можа прывесьці да вялікай шкоды, калі такія сродкі ня будуць выдзяляцца пад рэформы.

Галоўнае — рэформа павінна прывесьці да таго, каб у канчатковым выглядзе беларускае войска стала прафэсійным. Трэба, каб служба стала прэстыжнай, прафэсія афіцэра й кантрактніка стала высокааплатнай. Калі гэта будзе зроблена і беларускае войска стане прафэсійным — у гэтым я бачу вынік усёй працы, не гаворачы пакуль пра дэталі”.

(Цыганкоў: ) “Пакуль ідуць толькі зьмены ў структуры кіраваньня Ўзброеных сіл. Але ці няма тут пагрозы, што рэфармаваньне войска абмяжуецца толькі такімі “вярхушачнымі” пераменамі на генэральскім узроўні й не закране галоўных аспэктаў службы дзясяткаў тысяч жаўнераў і афіцэраў? Спадар Алесін, ваша меркаваньне”.

(Алесін: ) “Усялякія пэртурбацыі ў вярхах, у штабных структурах вельмі часта не даходзілі да нізу, у часткі й злучэньні. Першыя этапы рэформы, напрыклад, у Расеі, не ішлі менавіта таму, што рэформы там абмяжоўваліся пераўтварэньнямі ў вярхах. Як будзе ў нас? Дай Божа, каб нам пашанцавала больш. Усёт-кі ў нас і войска троху меншае, і некаторых праблемаў міжнацыянальнага пляну ў нас няма. Таму будзем спадзявацца.

З гледзішча тэорыі тут усё бездакорна — так увесь сьвет у прынцыпе эвалюцыянуе. Стварэньне адзінага органу кіраваньня, які ўсе ўзброеныя сілы ў ваенны час ставіць пад стратэгічнае кіраваньне аднаго органу — генэральнага штабу.

Акрамя таго, адбыўся падзел палітычных і ваенных, арганізацыйных функцыяў. Ва ўсіх краінах сьвету міністэрства абароны — гэта палітычны орган, а навучаньнем і апэратыўным кіраваньнем войскаў загадвае генэральны штаб. Так што па тэорыі ўсё зроблена нармальна. Будзем глядзець, як гэта будзе ў жыцьці, як гэта дойдзе да войскаў”.

(Цыганкоў: ) “У сёньняшняга беларускага войска засталася адна праблема яшчэ з савецкага часу, якую пакуль выкараніць не ўдаецца — гэта дзедаўшчына. Афіцэры кажуць, што гэтыя дачыненьні паміж салдатамі прыходзяць у войска з грамадзтва. Маўляў, “мы нічога тут зрабіць ня можам”.

І тут варта паглядзець, хто прыходзіць сёньня ва Ўзброеныя сілы. Зараз беларускае войска стала зноў рабоча-сялянскае, паколькі студэнтаў не бяруць. Многія маладыя людзі, якія маюць нейкую матэрыяльную магчымасьць пазьбегнуць службы, пазьбягаюць яе. А прыходяць, скажам шчыра, самыя бедныя, незабясьпечаныя, чые бацькі рады аддаць сына на два гады — маўляў, “там мужчыну зробяць”. Чым пагражае войску такая сытуацыя і што трэба зрабіць, каб яе зьмяніць”.

(Казлоўскі: ) “Безумоўна, каб не было гэтай бяды, трэба прыйсьці да таго, каб у войска ішлі не пад прымусам, а зь вялікім інтарэсам. Каб яны бачылі, што яны будуць патрэбныя, забясьпечаныя...”

(Цыганкоў: ) “Давайце гаварыць больш канкрэтна. Ці можа быць у Беларусі цалакам прафэсійнае войска? Ці гэта магчыма, ці патрэбна для краіны з такой тэрыторыяй, з такімі магчымасьцямі?”

(Казлоўскі: ) “Я думаю, гэта можа быць. І гэта рэальна. Вядома, патрэбны нейкі пераходны пэрыяд, у які патрэбна перайсьці на прафэсійны прынцып фармаваньня войска. Ёсьць розныя дзяржавы, ёсьць чыста прафэсійнае войска, як у Францыі й ЗША, ёсьць зьмешаны прынцып, як у Нямеччыне, дзе ёсьць і абавязковы прызыў на вайсковую службу, і прызыў па кантракце.

І ў беларускім войску сёньня ж ёсьць і кантрактнікі, і прызыўнікі. Я думаю, што паступова празь некалькі гадоў можна перайсьці на прафэсійны грунт фармаваньня войска. Мы рабілі такія падлікі ў свой час — наколькі гэта будзе таньней ці даражэй, і прыйшлі да высновы, што для дзяржавы гэта ўрэшце выгадней”.

(Цыганкоў: ) “Часта кажуць, што пераход на прафэсійнае войска — гэта надзвычай дарагая справа. З самой ідэяй нібыта большасьць у Беларусі згодныя, але многія лічаць, што гэта вельмі складана й не адразу можна зрабіць. Спадар Алесін, як вы лічыце, колькі гадоў можа спатрэбіцца Беларусі для пераходу на прафэсійнае войска?”

(Алесін: ) “У мяне больш пэсымістычныя ацэнкі, чым у Паўла Паўлавіча. Дастаткова зірнуць на Нямеччыну, якая мае зьмешаны прынцып камплектаваньня. Яны вельмі доўга ідуць да таго, каб зрабіць чыста прафэсійнае войска, але пакуль не перайшлі да гэтага, хоць гэта самая багатая краіна Эўропы.

Ёсьць шэраг іншых абставінаў, і самае галоўная — гэта неабходнасьць падумаць пра вайскоўца ня толькі ў пэрыяд службы, але і забясьпечыць яму неабходнае для існаваньня пасьля службы: сацыяльныя патрэбы, узровень адукацыі. Але для гэтага трэба па-іншаму ставіцца да чалавека. У нас такога стаўленьня няма.

Да прафэсійнага войска мы здолеем перайсьці вельмі няхутка. Для гэтага ўсё нашае грамадзтва павінна зьмяніцца. Чалавек ня мусіць быць гарматным мясам, а сацыяльнай каштоўнасьцю. Калі мы зразумеем гэта, калі будзем чалавеку кампэнсаваць ягоныя патрэбы, нягоды вайсковай службы, тады мы здолеем зрабіць прафэсійнае войска. Я думаю, не раней як праз 15–20 гадоў. Ды й тое пры ўмове, што ў нас пойдуць эканамічныя рэформы”.

(Цыганкоў: ) “Спадар Казлоўскі, за апошнія 7–10 гадоў як можна прасачыць стаўленьне дзяржавы да войска? Калі казаць шчыра, які стан беларускага войска сёньня?”

(Казлоўскі: ) “Калі шчыра, то беларускае войска сёньня небаяздольнае. Я не аднойчы казаў пра гэта ў сваіх артыкулах. Фінансаваньне войска недастатковае. Я ведаю бюджэтныя лічбы кожнага году, колькі выдаткоўваецца на Ўзброеныя сілы. Дык вось, кожны год выдаткоўваецца 5–7% ад таго, што патрэбна войску. Толькі тыя сродкі, якія ідуць на штаны, кашулі, на заробкі вайскоўцам, каб яны елі кашу і г.д. Але ні капейкі не ідзе на падвышэньне боегатовасьці, на закупкі новай тэхнікі.

Аляксандар Алесін кажа правільна. Калі глядзець на сёньняшняе стаўленьне ўлады да арміі — прафэсійнага войска і праз 20 гадоў ня будзе. Проста беларускага войска ня будзе! Вось у чым справа!

Пачаць трэба з таго, якая Беларусі патрэбна армія, іншыя сілавыя структуры. Можа, войска патрэбнае не 80 тысяч, як сёньня, можа, яно будзе 30–40 тысяч. Можа, МУС будзе не 180 тысяч, а 40 тысяч. Вось пасьля таго, як з гэтым дзяржава вызначыцца, можна казаць пра той тэрмін, калі армія можа перайсьці на прафэсійныя рэйкі.

За апошнія 7 гадоў я толькі й чуў, што “армія найбольш баяздольная ў Эўропы, сярод усіх краінаў СНД” і гэтак далей. Але на справе ў гэтым напрамку нічога не рабілася кіраўніцтвам дзяржавы — вось што самае страшнае. Таму рэформа і не ідзе!”

(Цыганкоў: ) “Што ж, можна падсумаваць вынікі нашай размовы. Надзвычайная баяздольнасьць беларускага войска — гэта, безумоўна, міт, які імкнецца падтрымліваць улада. Зрэшты, калі б было ўсё ў парадку, не было б неабходнасьці праводзіць рэформу Ўзброеных сіл. А калі гаварыць пра рэфармаваньне, то відавочна, што для такой невялікай краіны як Беларусь, лепш мець менш вайскоўцаў, але сытых і добра навучаных”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG