Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычнае лідэрства Ў Беларусі: Лукашэнка, Ганчарык, Домаш, іншыя?


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Валянцін Акудовіч, Аляксандар Сасноў

(Дракахруст: ) “Сп. Сасноў, некалькі дзён таму, прадстаўляючы выніковую справаздачу праэкту, у якім ўдзельнічаў ваш Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў і дасьледчы цэнтар “Стратэгія”, вы зрабілі досыць адказную заяву: “Месца лідэра апазыцыі застаецца вакантным”. На падставе якіх дадзеных вы прайшлі да гэткай высновы? Ёсьцека лідэры апазыцыйных палітычных партыяў, ёсьць удзельнікі выбарчай кампаніі – Ганчарык, Домаш. Чаму вы лічыце, што яны не зьяўляюцца лідэрамі апазыцыі?”

(Cасноў: ) “Сапраўды, ёсьць лідэры партыяў і ўдзельнікі выбарчай кампаніі, але няма лідэра, які б узначаліў ўсю апазыцыю, які задаволіў бы ўсіх прыхільнікаў апазыцыі. Мая тэза заснаваная на выніках нашых апытаньняў: агульнанацыянальнага, якое было праведзеная ў кастрычніку, і апытаньне эліты, якой прайшло ў лістападзе. Падчас агульнанацыянальнага апытаньня на адкрытае пытаньне “Калі б выбары прэзыдэнта адбыліся сёньня, за каго б Вы прагаласавалі?”, электарат, які падтрымлівае Лукашэнку, зрабіў бы той жа самы выбар – 46% апытаных ізноўку выбралі б менавіта яго. Гэта той жа адсотак, што і падчас выбараў. А вось Ганчарык страціў амаль палову тых галасоў, якія ён атрымаў на выбарах паводле нашых дадзеных. У адказах ізноў зьявіўся Домаш, імя якога не фігуравала ў бюлетэні.

Электарат апазыцыі быў вельмі дысцыплінаваны і падтрымаў кандыдатуру, якую прапанавалі лідэры апазыцыі, падтрымаў адзінага кандыдата. А калі б давялося зараз абіраць прэзыдэнта, значная частка апазыцыйнага электарату ня стала б галасаваць за ўдзельнікаў прэзыдэнцкай гонкі, што скончылася 9 верасьня.

Паводле дадзеных апытаньня эліты 85% апытаных, прычым як прадстаўнікоў дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных структураў, мяркуюць, што ў Ганчарыка няма аніякай палітычнай пэрспэктывы. Да Домаша паставіліся крыху лепш, але і ў гэтым выпадку 42% апытаных лічаць, што палітычнай перспэктывы няма і ў Домаша”.

(Акудовіч: ) “Сацыялёгія – гэта люстэрка, якое паказвае тое, што ёсьць у бягучы момант. І калі на ранак пасьля добрага баляваньня Вы глядзіцеся на сябе ў люстэрка і не пазнаеце, хто перад Вамі, то гэта не азначае, што ўсе наступныя дні Вы будзеце ў такім жа стане. Грамадзтва пасьля выбараў – гэта ў пэўным сэнсе грамадства з горкага пахмельля. Такім чынам рабіць з гэтых дадзеных далекасяжныя высновы і будаваць палітыку апазыцыі я б не сьпяшаўся.

Праблема палягае ў тым, што ў Лукашэнкі пакуль папросту няма канкурэнта. І паколькі ніхто з апазыцыйных лідэраў, якія былі высунутыя прэтэндэнтамі на вышэйшую ўладу, ня здолелі канкураваць зь ім, то зразумела, што ўва ўсіх апытаньнях яны будуць выглядаць ня вельмі пераканаўча. Але гэта ня значыць, што ёсьць недзе ў грамадзтве схаваны той, хто будзе больш папулярным за таго ж Домаша ці Ганчарыка.

Так, у нас не атрымалася “варыянту Каштуніцы” – лідэра, якога вылучыла аб’яднаная апазыцыя, але гэта ня значыць, што наступным разам мы ня можам пайсьці па гэтым шляху. І наагул, мне здаецца, што нельга гэтак лёгка адмаўляцца ад таго, што было слушным, толькі таму, што нас прычакала няўдача. Удача была проста немагчымай.
Гэтыя сацыялягічныя апытаньні ня ёсьць падставаю для таго, каб адмаўляцца, прынамсі, ад Домаша”.

(Дракахруст: ) “Зараз я прапаную абмеркаваць прычыны папулярнасьці палітыка, які бясспрэчна зьяўляецца лідэрам – Аляксандра Лукашэнкі. Некалькі тыдняў таму ў расейскім часопісе “Новое время” зьявіўся цікавы артыкул дырэктара расейскага сацыялягічнага цэнтру ВЦИОМ Юрыя Левады. Там ён разважае пра прычыны папулярнасьці Пуціна, але пэўныя сюжэты выглядаюць надзвычай падобнымі. Вось некаторыя цытаты стуль: “Рэйтынг даверу Пуціна фантастычны, ён заснаваны не на зробленым, а на чаканьнях. А чакаць можна як заўгодна доўга . У нашай сытуацыі невыкананьне чаканьняў не падрывае даверу да таго, хто іх намовіў. Калі нават дзясятак “Курскаў” патоне, а рубель патаньнее ўдвая, шмат хто будзе вінаваты. Апрача аднаго чалавека… Канкурэнтаў на бліжэйшых выбарах у Пуціна няма, ён можа нічога не рабіць, проста спаць.” – лічыць расейскі сацыёляг Юры Левада, дасьледчык, заўважым, зусім не пракрамлёўскі. Наколькі гэта падобна на беларускую сытуацыю? Наколькі папулярнасьць Лукашэнкі не залежыць ад таго, што ён робіць, ці ёсьць нейкая мяжа, за якой грамадства ўжо пачне суадносіць ягоны вобраз, ягоныя абяцаньні з тым, што ён зрабіў і робіць насамрэч?”

(Акудовіч: ) “Гэта, бадай, самае таямнічае пытаньне ў палітыцы. У гэтай праблеме ёсьць нешта іррацыянальнае, містычнае. Але паспрабаваць прааналізаваць яе рацыянальна, то здаецца, што і праблема не ў самім лідэры, а ў той сытуацыі, калі ён прыходзіць да ўлады. Адна рэч – прыйсьці да ўлады пасьля рэвалюцыі, і другая – калі грамадзтва прыходзіць ў стан стабільнасьці. Лідэры рэвалюцыйных пэрыядаў вельмі хутка губляюць сваю фэнамэнальную папулярнасьць, атрыманую падчас пад’ёму. І гэта натуральна, бо ніводная рэвалюцыя ня спраўджвае і ня можа спраўдзіць спадзяваньняў, якія яна спараджае.

Тады рэвалюцыйнаму лідэру, каб застацца ўва ўладзе застаецца ці тэрор і дыктатура ці у больш мяккім варыянце – жорсткі аўтарытарызм, прабачце за калямбур. Лідэры, якія, накшталт Пуціна, прыходзяць пасьля катаклізмаў і працяглы час утрымліваюць высокі рэйтынг, то гэта ня іхная заслуга. Грамадзтва, стомленае папярэднім вэрхалам, забясьпечвае сабе высокім рэйтынгам прэзыдэнта свой ўласны спакой. Хто б сёньня ня быў на мейсцы Пуціна, ён меў бы прыкладна такі ж рэйтынг папулярнасьці.

Наколькі сытуацыя Пуціна можа быць спраектаваная на сытуацыю Лукашэнкі?

Фэномэн Лукашэнкі цікавы тым, што ён у сваёй асобе спалучыў два расейскія фэномэны: Ельцына і Пуціна. Лукашэнка прыйшоў на рэвалюцыйнай сытуацыі, як Ельцын , але праз дыктатуру і маніпуляцыі грамадзтвам здолеў утрымаць уладу да той сытуацыі, калі рэвалюцыю перайшла ў стан стабільнасьці.

З майго гледзішча, зараз у нас пачынаецца пэрыяд стабільнасьці. І Лукашэнка будзе ізноў мець вялікі рэйтынг, бо нашае грамадзтва хоча стабільнасьці і высокім рэйтынгам Лукашэнкі яно і будзе ствараць для сябе адчуваньне стабільнасьці і спакою”.

(Дракахруст: ) “Сп. Сасноў, ці згодныя вы зь меркаваньнямі спадара Акудовіча?”

(Сасноў: ) “Я згодны толькі з тым, што гэта таямніца. Але есьць пэўныя дадзеныя, якія супярэчаць зьместу ягоных тэзаў. Пуцін – новы лідэр, ён толькі што прыйшоў, ён мае асабістыя рысы, якіх не было ў Ельцына і якія падабаюцца насельніцтву. А Лукашэнка – ужо стары, ня ў сэнсе ўзросту, а у тым сэнсе, што ён ужо даўгі час працуе прэзыдэнтам і менавіта так ён і ўспрымаецца насельніцтвам. Ён ізноў будзе дамагацца прэзыдэнцкай пасады і на трэці, і на наступныя тэрміны, але стаўленьне да яго будзе пагаршацца незалежна ад таго, што ён будзе рабіць. Мы гэта бачым, калі глядзім на разьмеркаваньне сымпатыяў да Лукашэнкі ў розных узроставых групах. Моладзь ставіцца да яго вельмі непрыязна, прыхільна да яго ставяцца старыя, тыя, каму больш за 50 гадоў, асабліва жанчыны. Зь цягам часу гэтыя групы насельніцтва сыходзяць, а на іхнае мейсца прыходзяць іншыя, у якіх зусім іншае стаўленьне да Лукашэнкі. Я лічу, што праз 5 гадоў у Лукашэнкі будзе шмат праблемаў, каб утрымацца на прэзыдэнцкай пасадзе”.

(Акудовіч: ) “Так, старыя сыходзяць, маладыя падрастаюць і гэта быццам бы дае нейкі спадзеў. Але ж і маладыя старэюць. Гэта значыць робяцца больш рутыннымі, больш схільнымі да стабільнасьці, больш звыклымі да Лукашэнкі, і гэтая рутына можа адыгрываць сваю ролю, якую не фіксуе сацыялёгія і якую мы не бярэм пад увагу, увесь час спадзеючыся, што прыходзяць маладыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG