(Навумчык: ) “Як мы паведамлялі, дэлегацыя Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ , якая плянавала распачаць назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі, - была вымушаная адкласьці візыт у Беларусь. Дэлегацыі папросту адмовілі ў візах, і МЗС Беларусі заявіла, што прыезд дэлегацыі заўчасны, што запрашэньне будзе дасланае, але ў адпаведны час.
Між тым, днямі Эўразьвяз выступіў з заявай ў справе назіраньня за выбарамі ў Беларусі, дзе гаворыцца (цытую) “важна, каб самі выбары і падтрыхтоўка да іх адбываліся пад аўтарытэтным міжнародным наглядам такім чынам, каб доўгатэрміновыя назіральнікі маглі пачаць працу ўжо ад 1 жніўня”. (канец цытаты)
Тое, што адбылося, – гэта дыпляматычны “ляпсус” ці частка прадуманай кампаніі?”
(Сяннікаў: ) “Ну відавочна, што гэта – частка пляну, які рэалізуецца ўладамі. Лукашэнка цяпер спрабуе зрабіць нешта такое, каб прымусіць эўрапэйцаў адступіць ад тых умоваў, якія былі высунутыя яшчэ летась. Таму і адмовілі ў візах. Але наколькі я ведаю, дэлегацыя БДІПЧ павінна прыехаць у Беларусь 6 жніўня, калі будзе запрашэньне беларускіх уладаў. Таму што без запрашэньня назіраць за выбарамі назіральнікі БДІПЧ не прыедуць. Я ведаю, што спадар Штудман, які кіруе БДІПЧам, зьвяртаўся да беларускіх уладаў, каб атрымаць гэтае запрашэньне яшчэ 10 ліпеня. Але нічога не атрымаў у адказ. Ён атрымаў нейкі адказ, але там нічога не казалася пра запрашэньне”.
(Навумчык: ) “Я нагадаю, аднак, што адзін з членаў дэлегацыі БДІПЧ, спадар Бальян, заявіў у інтэрвію нашаму Радыё, што звычайная практыка – гэта калі яны самі вырашаюць, калі яны павінны прыехаць і калі ім атрымліваць візы. Ва ўсялякім разе, зразумела, што на такім ўзроўні віза – элемэнтарная фармальнасьць, якая пры жаданьні запрашаючага боку вырашаецца нават не на працягу дзён, а цягам некалькіх гадзінаў. Такое ж пытаньне Віталю Цыганкову: тое, што адбылося ўчора, – гэта непаразуменьне альбо адмысловы дэмарш?”
(Цыганкоў: ) “Так, гэта невыпадкова. Але безумоўна, што ўлада ня ставіць на мэце, каб назіральнікі не прыехалі. Безумоўна, Аляксандру Лукашэнку, рэжыму трэба выканаць дзьве стратэгічныя мэты: выйграць выбары і дамагчыся іх прызнаньня. Таму назіральнікі патрэбныя, але тут – праява ганарыстасьці, прэстыжу ў варыянце разуменьня беларускіх уладаў. Я думаю, тут проста такая нэрвовая гульня – падзёргаць, патузаць, павыхоўваць гэтых назіральнікаў… МЗС пры гэтым нагадвае, што на мінулых так званых парлямэнцкіх выбарах накіроўвалі запрашэньне, але БДІПЧ пасьля чатырохтыднёвага побыту ў Беларусі вырашыў, што назіральнікам ехаць ня варта. Дык вось цяпер сытуацыя зь візамі – гэта такое пэўнае выхаваньне, маўляў, вы прыедзеце тады, калі мы вас запросім. І тое, што сказаў Андрэй Саньнікаў пра 6 жніўня, я, прызнацца, яшчэ ня ведаў, але літаральна некалькі хвілінаў таму размаўляў з адным чыноўнікам з МЗС, ён сказаў – “прыедуць у бліжэйшы час”. У сэнсе, запрашэньне будзе накіраванае ў бліжэйшы час. І ўзгадаем прыклад з амбасадарам ЗША Козакам, калі таксама ўвесь час адказвалі, што гэтыя даверчыя граматы будуць прынятыя ў бліжэйшы час, а гэта працягвалася некалькі тыдняў. Так і тут ідзе такая нэрвовая псыхалягічная гульня, каб паказаць – “хто ў доме гаспадар”,
(Саньнікаў: ) “Я б не пагадзіўся зь Віталём, таму што якраз у гэтым і палягае справа, што Лукашэнка зараз не зацікаўлены, каб былі сапраўдныя назіральнікі. Таму што схема, якая была выкарыстаная падчас гэтак званых “парлямэнцкіх выбараў” – гэта паслухмяныя “назіральнікі”. Перш за ўсё, з тых краінаў, якія сябруюць з Лукашэнкам, і асабістыя сябры з заходніх краінаў, бізнэсоўцы ці нехта яшчэ, каб зрабіць выгляд, што было назіраньне. Таму што назіраньне БДІПЧ – гэта сапраўднае назіраньне. Гэта тое назіраньне, якое прызнаецца і АБСЕ, і іншымі міжнароднымі ўплывовымі арганізацыямі і дзяржавамі. І таму зараз пытаньне аб запрашэньні назіральнікаў, я лічу (і гэта вынікае з той сытуацыі, якая зараз разгортваецца ў Беларусі) невырашанае”.
(Цыганкоў: ) “Яны проста імкнуцца пацягнуць час, мне здаецца. Каб назіральнікі прыехалі як мага пазьней, і ўбачылі як мага ненш”.
(Навумчык: ) “Віталь закрануў вельмі істотны, як мне падаецца, момант. Выглядае, што Лукашэнка і ягоныя дыпляматы ўспрымаюць выбары як уласна галасавапньне, калі людзі прыходзяць на ўчасткі і апускаюць у скрыні бюлетэні. Вядома, што падчас галасаваньня можна кіравацца сталінскім прынцыпам – “важна, ня хто і як галасуе, а хто і як падлічвае галасы”. І такі прынцып спадар Лукашэнка выкарыстоўваў і на “рэфэрэндумах”, і падчас мінулых “выбараў”. Натуральна, што на некалькіх тысячах выбарчых участкаў па ўсёй краіне міжнародных назіральнікаў ня будзе – іх проста ня хопіць. Затое дастаткова аднаго чалавека, які б пачаў з заўтрашняга дня глядзець беларускае тэлебачаньне і пераканаўся, наколькі “справядліва” падзелены эфір паміж Лукашэнкам і ягонымі апанэнтамі. У цывілізаваным жа сьвеце выбары разглядаюцца як працэс, доўгатэрміновы працэс. І менавіта гэтае вызначэньне – “доўгатэрміновы” – было ўжыта ў апошняй заяве Эўрапейскага Зьвязу, датычнай Беларусі. Наколькі такія парушэньні прынцыпу роўнасьці і празрыстасьці могуць быць заўважаныя міжнароднымі назіральнікамі, і наколькі яны паўплываюць на прызнаньне ці непрызнаньне выбараў?”
(Саньнікаў: ) “Яны ўжо заўважаныя, гэтыя парушэньні. Маніторынг сродкаў масавай інфармацыі – гэта частка агульнага маніторынгу працэсу выбараў. І тое, што адбываецца, ідзе з парушэньнямі, і гэта відавочна. Але гаворка ідзе пра іншае. А менавіта – пра прысутнасьць назіральнікаў, якія маюць права абвесьціць выбары сапраўднымі ці несапраўднымі. Яшчэ раз падкрэсьліваю: я лічу, што пытаньне ня вырашанае. Таму што падчас так званых парлямэнцкіх выбараў нічога Лукашэнку не пагражала. Ён ведаў, што ён сфальсыфікуе гэтыя выбары, і хацеў толькі неяк легітымізаваць сябе. А зараз яму пагражае страта ўлады. І таму яму хочацца кантраляваць працэс назіраньня таксама”.
(Навумчык: ) “Андрэй, наколькі я разумею Вашыя словы, Лукашэнка нават гатовы пайсьці на тое, каб гэтыя выбары былі непрызнаныя дэмакратычнымі і справядлівымі, але – захаваць уладу?”
(Саньнікаў: ) “Так, менавіта”.
(Навумчык: ) “І гатовы на варыянт Фідэля Ккастра, Садама Хусэйна і ім падобных?”
(Саньнікаў: ) “Так. І калі мы кажам пра назіральнікаў БДІПЧ, трэба прыгадаць Югаславію, і аналёгія тут відавочная – Мілошавіч таксама не запрашаў БДІПЧ”.
(Навумчык: ) “Віталь, Вы пагаджаецеся з такой ацэнкай, што Лукашэнка цяпер выбірае гэткі непрыемны для сябе ў справе легітымнасьці варыянт, але такі варыянт, які пры ўсіх выдатках усё ж захавае яго як хай і нелегітымнага ў вачах сусьветнай супольнасьці, але – кіраўніка дзяржавы, якім ён, уласна, і ёсьць пасьля ліпеня 1999 году, калі ягоныя легітымныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы скончыліся? Словам, ён згодны, каб на яго глядзелі як на нелегітымнага лідэра, але каб улада – няважна ў спосаб — але заставалася пры ім?”
(Цыганкоў: ) “Ёсьць жаданьні, а ёсьць магчымасьці. Паўтаруся, што ў ідэале Лукашэнка жадаў бы і выйграць выбары, і дамагчыся іх прызнаньня. Але калі так атрымаецца, што назіральнікі ад АБСЭ не прыедуць, ну што ж, тады ён сапраўды згодны будзе пайсьці на варыянт, як Вы выказаліся, Фідэля Кастра, то бок на ўтрыманьне ўлады безь міжнароднага прызнаньня. Зноў жа вярнуся да размовы з адным чыноўнікам з МЗС. Калі я запытаўся пра дату адсылкі запрашэньня, ён мне адказаў: ну вы ж ведаеце, хто можа накіроўваць гэтыя запрашэньні. Нагадаю, што, паводле Канстытуцыі, іх можа накіроўваць “палата прадстаўнікоў”, прэзыдэнт, Цэнтральная выбарчая камісія – структуры, якімі фактычна кіруе Лукашэнка. Тут я згодны з Андрэем Саньнікавым, што рашэньне яшчэ не прынятае, і можа быць і так, і гэтак, але паўтаруся, Лукашэнку было б выгадней дзьве мэты дасягнуць. І ня думаю, што ўжо вырашана ісьці на непрызнаньне выбараў, што азначае жорсткую канфрантацыю з Захадам”.
(Саньнікаў: ) “Я хацеў бы толькі адзначыць – тое, што рашэньне яшчэ не прынятае, і ўлада робіць усё, каб не было сапраўдных назіральнікаў, сьведчыць пра тое, што Лукашэнка ня можа выйграць справядлівыя выбары. Нават – мінімальна дэмакратычныя выбары.”
(Навумчык: ) “І ідзе сьвядома на фальсыфікацыю?”
(Саньнікаў: ) “Так”.
(Навумчык: ) “Што можа яшчэ зрабіць Захад, каб паўплываць на дэмакратычнасьць выбараў?”
(Цыганкоў: ) “Ну, скажам, максымальна канкрэтна даць зразумець Лукашэнку, чым яму можа пагражаць непрызнаньне выбараў. Як мне падаецца, дасюль эўрапейская палітыка ў пэўным сэнсе адрозьнівалася ад амэрыканскай – яна была не такой жорсткай, і была пабудаваная на імкненьні не адрынаць канчаткова Беларусь у асобе Аляксандра Лукашэнкі, а імкнуцца “цывілізаваць” яе. І дасюль, нават за апошнія два гады, такіх нейкіх жорсткіх санкцыяў эканамічных супраць рэжыму Лукашэнкі не было. Я ня буду перабольшваць аналітычныя здольнасьці каманды Лукашэнкі, магчыма, ніхто яму так і не патлумачыў, што здарыцца, калі сапраўды падобныя санкцыі будуць уведзеныя. Што здарыцца зь беларускай эканомікай і з узроўнем жыцьця”.
(Саньнікаў: ) “Я лічу, што пакуль выбары не пачаліся, трэба працягваць патрабаваць выкананьня перадумоваў выбараў, – у дачыненьні да сродкаў масавай інфармацыі, да выбарчых камісіяў усіх узроўняў, да рэпрэсіяў супраць апанэнтаў Лукашэнкі. Ну і я лічу, што пэўныя зрухі тут ёсьць. Таму што калі мы ўзгадаем прыезд Вешнякова ў складзе дэлегацыі малавядомай Асацыяцыі ў справе арганізацыі выбараў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, дык ён сказаў, што зацікаўлены ня толькі ў тым, каб прадстаўнікі гэтай асацыяцыі працавалі разам з БДІПЧ, а таксама і каб прадстаўнікі Расеі таксама былі ў складзе дэлегацыі назіральнікаў БДІПЧ. Гэта вельмі істотны факт, і вельмі істотны зрух, я лічу”.