Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскія гульні і Беларусь: палітыка праз прызму спорту


Удзельнічаюць: Віталь Тарас, Аляксандар Лукашук, У

Сёньня ў Маскве завершылася паседжаньне Міжнароднага алімпійскага камітэту. Новым старшынём МАК, замест Хуана Антоніо Самаранча, абраны бэльгіец Жак Рог.

Якое значэньне маюць апошнія рашэньні Міжнароднага алімпійскага камітэту? Ці ёсьць пэрспэктвы ў беларускага алімпійскага руху пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі? На чыім баку будуць беларускія спартоўцы на прэзыдэнцкіх выбарах?

(Тарас: ) “Я хацеў бы зьвярнуць увагу на адно вельмі важнае, калі не сказаць галоўнае, рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту. Маю на ўвазе рашэньне абраць сталіцай летняй алімпіяды 2008-га году Пэкін. Не сакрэт, што ў падтрымку кандыдатуры Пэкіна выступаў Самаранч (уплыў якога застанецца, як кажуць, вельмі вялікім ім пасьля адстаўкі). Супраць выступалі праваабаронцы ва ўсім сьвеце.

Аляксандар Лукашук, які, на вашую думку, палітычны сэнс прынятага МАК рашэньня?

(Лукашук: ) “У больш нармальным, чалавечным сьвеце такое рашэньне ніколі б не магло быць прынятым. Ніколі алімпійскія гульні не былі б аддадзеныя краіне, дзе парушаецца свабода слова і свабода рэлігійнага веравызнаньня, дзе сотні тысячаў людзей занятыя працай у канцэнтрацыйных лягерах, дзе ўсе праціўнікі аўтарытарнай камуністычнай партыі ня маюць права ні на працу, ні на свабодныя выказваньні сваіх поглядаў.

Аднак, з другога боку, ёсьць надзея, што гэты яркі агонь алімпійскай паходні асьветліць тыя куткі кітайскага грамадзтва, якія былі ў ценю. І ён вельмі моцна паўплывае на паводзіны кітайскага ўраду на працягу наступных сямі гадоў перад алімпійскімі гульнямі, і паводзіны гэтыя будуць пад уплывам гэтйа пастановы”.

(Тарас: ) “Як вядома, Лукашэнка сустракаўся з Самаранчам. Вядома таксама, што ў яго была і застаецца ня вельмі добрая рэпутацыя яшчэ з тых часоў, калі ён супрацоўнічаў з Франка і проста быў сябрам франкісцкай партыі.

Але, з другога боку, Самаранч сапраўды шмат зрабіў для разьвіцьця многіх відаў спорту і колькасьць удзельнікаў – маю на ўвазе краіны - пры ім нязьменна расло. А што зрабіў Лукашэнка для спорту ў Беларусі на пасадзе старшыні нацыянальнага алімпійскага камітэту?”

(Глод: ) “Я хацеў бы адзначыць тое, пра што слушна казаў Аляксандар Лукашук – што Кітай будзе ў гэтыя сем гадоў трымаць іспыт. Гэта, сапраўды, будуць тыя сем год, за якія ён павінен будзе паказаць, што краіна будзе рухацца шляхам дэмакратыі.

І мне здаецца, што гэты захад Самаранча – а менавіта ён паўплываў на прынятае рашэньне, невыпадковы. На мой погляд, Самаранч – гэта фігура культавая, фігура рытуальная. Дарэчы – такая ж, як і прэзыдэнт беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту Лукашэнка, толькі ў маштабах адной краіны.

Але калі Самаранч здолеў унесьці ў сусьветны спорт пэўную гнуткасьць, дык Лукашэнка, які пастаянна гаворыць пра культ здароўя, нават сюды сьхітрыўся ўнесьці нейкае нездаровае адценьне.

Нагадаю, што на заклік апанэнтаў правесьці ягонае поўнае мэдычнае асьведчаньне Лукашэнка адказаў: “Вось я на лыжах, ці на каньках, ці на ровары. Вось дваццаць кандыдатаў. Гэта будзе самая лепшая незалежная экспэртыза і камісія ў справе стану здароўя кожнага.

Тут, як бачыце, усё пастаўленае з ног на галаву. Ніхто, зразумела, ня супраць таго, каб прэзыдэнт быў і фізычна дужы, моцны чалавек. Але калі абіраць кіраўніка дзяржавы згодна з гэтымі меркамі, дык тады трэба абіраць не Лукашэнку, а барца Аляксандра Мядзведзя, альбо асілка Вячаслава Харанэку.

А як у такім выпадку быць з амэрыканскім прэзыдэнтам Рузвельтам, які значную частку жыцьця быў паралізаваны?”

(Тарас: ) “Я хацеў сказаць трохі пра іншае – пра тыя дасягненьні ў спорце, пра якія ўвесь час гаворыцца. Увесь час такая пільная ўвага да спорту, да спартоўцаў – на словах. А з другога боку мы бачым яўныя правалы: напрыклад, у хакеі, калі не ўдалося замацавацца ў міжнароднай “вышэйшай лізе”; сытуацыя з чэмпіянатам сьвету па футболе для Беларусі выглядаве даволі цьмяна і г.д.

Калі ўспамінаць савецкія часы, дык тады на ўзроўні палітбюро вырашалася, каго пасылаць на аліміпіяду. Але тады ў дязржавы былі вялкія фінансавыя магчымасьці. А як зараз? Ці захаваліся яны, ці сапраўды дзяржава ўкладае грошы эфэктыўна? І што яна патрабуе ў замен ад спартоўцаў”.

(Глод: ) “Грошай зараз, фактычна, няма. Няма іх і на спорт. Я днямі прачытаў у беларускай спартовай газэце пра такі выпадак. Хлапчукі здавалі іспыты па фізкультуры (гэта ў Менску, а не дзе-небудзь, адзначце), і стаяў настаўнік фізвыхаваньня, які трымаў у руцэ карабок запалак. Ён проста ашукваў дзяцей – быццам, гэта ў яго сэкундамер. Можаце ўявіць сабе, што ў сталіцы Беларусі ў школе няма сэкундамера!

Гэта гаворыць пра тое, што на масавы, на дзіцячы школьны спорт грошай няма.

А тое, што ёсьць, усё выліваецца ў “спорт вышэйшых дасягненьняў”.

Ведаеце, калі няма імпэту, калі няма прывабнасьці выступу за родную краіну, калі няма гонару за сьцяг…

Нечага дамагаюцца, нельга сказаць, што ўжо абсалютна нічога няма. Але адзін-два, тры спартоўцы – гэта для Беларусі, нават у параўнаньні з савецкім часам, гэта ёсьць яўны правал. Гэта правал той самай палітыкі Лукашэнкі, якую ён праводзіць ва ўсіх галінах”.

(Тарас: ) “Спорт і палітыка – тэма, безумоўна, ня новая. Спорт у палітычных мэтах выкарыстоўваўся ўжо вельмі даўно. Можна ўспомніць алімпіяду 34-га году, якая была выкарыстаная Гітлерам і нацысцкай вярхушкай у мэтах прапаганды ідэяў нацыянал-сацыялізму. А што зараз? Наколькі нармальна для палітыкі й палітыкаў выкарыстаньне спартовых дасягненьняў і шоў для выбарчай прапаганды, скажам?”

(Лукашук: ) “Я думаю, што пэкінская аліміпіяда дасьць нам прыклад таго, як спорт будзе ўплываць на палітыку, а не палітыка на спорт. Журналісты, якія будуць асьвятляць гэтыя гульні, спартоўцы, якія на іх прыедуць, трэнеры – павінна быць умова, што Пэкін ня можа мець права адмовіць хоць каму-небудзь у візе. Людзі, якія прыедуць, павінны будуць мець доступ
да ўсяе інфармацыі – у тым ліку, і да эканамічных пытаньняў, і да пытаньняў правоў чалавека. Гэта будзе адна праверка.

Другая праверка. Як вядома, кітайскія спартоўцы даволі няблага выступілі на трох апошніх алімпійскіх гульнях. Яны прызнаныя ў сьвеце лідэры, напрыклад, у бадмінтоне, у плаваньні, у настольным тэнісе, у гімнастыцы, у валейболе, некаторых іншых відах спорту. Але сыстэма трэніровак там была прыктычна такая самая, некалі ў ГДР, дзе ствараліся спэцыяльныя ўмовы. І вельмі жорстка – з допінгамі, спэцыяльнымі дададаткамі, фактычна губляючы, ставячы пад рызыку здароўе атлетаў, рыхтаваліся гэтыя каманды. Зараз усё гэта выйшла на сьвятло, і з гэтым змагаюцца.

І трэці момант, на які я хацеў бы зьвярнуць увагу. Справа ў тым, што гэтыя гульні Кітай атрымаў праз чвэрць стагодзьдзя пасьля сьмерці Мао. І за гэты час эканамічнае разьвіцьцё КНР проста ня мае прэцэдэнтаў ва ўсясьветнай гісторыі – каб у такім аб’емё, у чатыры разы, павялічыўся нацыянальны валавы прадукт. У гэтым сэнсе Кітай становіцца вельмі дынамічнай сучаснай краінай. І тое, што Кітай атрымаў гэтую ўзнагароду – Алімпійскія гульні, магчыма, паспрыяе і дапаможа зрабіць тое, што не зрабіла плошча Цяньаньмынь. Кіайскае грамадзтва тады ня здолела рэалізаваць заклік сваіх маладых грамадзянаў адкрыцца. Магчыма, алімпіяда дапаможа ім адкрыцца, і гэта будзе кардынальная зьмена ва ўнтуранай палітыцы.

Я хачу нагадаць, што сёлета ў кастрычніку будуць вялікія зьмены ва ўладзе Кітаю. Да ўлады прыйдзе так званае чацьвертае пакаленьне. І вось гэтая “чацьвертае пакаленьне” будзе праходзіць выпрабаваньне падрыхтоўкай да алімпіяды наступныя сем гадоў. Зусім магчыма, што яно прывядзе да вынікаў. Пра якія мы зможам сказаць: так, гэта быў уплыў спорту на палітыку”.

(Тарас: ) “Хацеў бы згадаць яшчэ адну тэму, якую мы не закранулі, але якая непасрэдна зьвязаная з тэмай алімпіяды ў Пэкіне. Як вядома, мэр Масквы Лужкоў прапанаваў кандыдатуру расейскай сталіцы ўжо на наступную алімпіяду – 2012-га году. Гэта далёкая пэрспэктыва. Апошняя алімпіяда ў Маскве, я нагадаю, байкатавалася міжнароднай супольнасьцю, бо тады Савецкі Саюз вёў вайну ў Аўганістане.

Калі ж вяртацца да сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі, у мяе засталося толькі адно пытаньне: каго падтрымаюць спартоўцы на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах?”

(Глод: ) “Я хачу прывесьці адзін прыклад. У Менску ёсьць недзяржаўны Міжнародны гуманітарны эканамічны ўнівэрсытэт. Тут вучацца, сярод іншых, 19 беларускіх чэмпіёнаў сьвету розных часоў, ёсьць прызёры алімпійскіх гульняў. Дык вось, рэктар гэтай установы Аляксандар Алпееў увайшоў у выбарчы штаб патэнцыйнага каныдадата ў прэзыдэнты Беларусі Міхаіла Марыніча. Падчас камплектаваньня ініцыятыўнай групы рэктар прапанаваў тым са студэнтаў, якія маюць жаданьне падтрымаць Марыніча, далучыцца да гэтай працы. І жадаючых было шмат. Але што цікава – сярод іх не знайшлося ніводнага спартоўца.

Паводле рэктара, ён яшчэ мог бы зразумець славутых спартоўцаў, якія атрымліваюць стыпэндыі зь міністэрства спорту, але бачна, што вірус страху ахапіў і юнакоў. Яны адкрыта падыходзілі да рэктара і прызнаваліся, што баяцца перасьледу з боку спартовых функцыянэраў.

Я патэлефанаваў у розныя штабы іншых кандыдатаў – гэта, прыкладна, сем ці восем чалавек. І ведаеце, нідзе сярод актывістаў не назвалі іёмнаў ні спартоўцаў, ні трэнераў, ні функцынэраў. Пагадзіцеся, ня можа быць, каб усе гэтыя людзі аддавалі свае сымпатыі толькі аднаму чалавеку. Значыць, яны хаваюць свае сымпатыі, значыць, яны баяцца”.

(Тарас: ) “Мне застаецца нагадаць у сувязі з тэмай палітыкі й спорту стары вядомы тэзіс: калі чалавек ня хоча займацца палітыкай, дык палітыка будзе займацца ім. Гэта можа аднесьці і да спартоўцаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG