Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух у расейскай амбасадзе выгадны трэцяй сіле?


Віталь Цыганкоў, Менск

Хто перамог у прапагандысцкай вайне пасьля выбуху ў расейскай амбасадзе? Ці могуць быць падчас выбарчай кампаніі выбухі на вуліцах і ў масавай сьвядомасьці?

Удзельнікі: карэспандэнты Радыё Свабода Віталь Цыганкоў, Алег Грузьдзіловіч, палітоляг Уладзімер Падгол

(Цыганкоў: ) "Cёньня мы абмяркуем мэтады афіцыйнай прапаганды, якія могуць прымяняцца ў перадвыбарчай кампаніі, і тое, якія захады могуць узяць альтэрнатыўныя сілы, каб ім процістаяць.

Згадаем выбух у расейскай амбасадзе, што адбыўся ў чацьвер, 31 траўня. Праз два дні пасьля інцыдэнту стала відавочна, якія сродкі выкарыстоўвала афіцыйная прапаганда, як адказвала апазыцыя.

Хто больш выйграў ад гэтай сытуацыі, хто больш набыў палітычных балаў? Ці можна сказаць, што гэтая тэма завершаная? Ці яна будзе разьвівацца надалей?"

(Грузьдзіловіч: ) "Калі мець на ўвазе, што асноўнае ўзьдзеяньне прапаганды было праз тэлебачаньне, то людзі, якія глядзяць толькі БТ, маглі падумаць, што гэта сапраўды зрабіла апазыцыя, нейкая радыкальная ейная частка, і яны маглі быць запалоханыя. Тут улада, магчыма, дабілася свайго.

Але расейскія тэлеканалы зусім не настойвалі, што гэта справа апазыцыі. Іранічна падавалі расейскія каналы гэты інцыдэнт, некаторыя СМІ выказалі меркаваньне, што гэта магчыма, беларуская ўлада справакавала інцыдэнт. Я думаю, урэшце большасьць гледачоў задумалася — а каму на карысьць гэтыя выбухі? А яны пэўна на карысьць зусім не апазыцыі.

Таму я ня думаю, што зараз, празь нейкі час, улада выйграе ад таго, што яна раскручвае быццам бы адказнасьць за гэты інцыдэнт апазыцыі".

(Цыганкоў: ) "Дадамо, што апазыцыя адрэагавала даволі хутка. Адразу пасьля зьяўленьня паведамленьняў пра выбух і на сайце "Хартыі", і на расейскіх сайтах, на Радыё Свабода, Радыё Рацыя апазыцыя падкрэсьліла, што выбух на руку найперш уладам.

Напрыклад, Анатоль Лябедзька фактычна адкрыта заявіў, што ніці выбуху цягнуцца ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Уладзімер, на вашую думку, як разьмеркаваліся сілы ў гэтыя два дні, і які працяг будзе мець гэтая тэма?"

(Падгол: ) "Справа ў тым, што калі браць Лукашэнку і апазыцыю — ніхто зь іх ня выйграў і не прайграў. Народу абыякава ўсё гэта (я так мяркую), выбаршчыкі Лукашэнкі яшчэ больш умацаваліся ў даверы да яго.

Я нагадаю, БТ брала інтэрвію на вуліцах — вядома ж, бярэцца 100 інтэрвію, зь іх 5 ідзе ў эфір. І нават гэтыя 5 — людзі сьмяяліся, адказваючы на пытаньне пра выбух, пра гранату, бо вялікай колькасьці людзей гэта абыякава.

Але вось тут выйграў яшчэ адзін чалавек, з генэральскімі пагонамі й вельмі вядомы (прозьвішча пакуль ня буду называць). Уявіце: калі прэзыдэнт ня можа навесьці парадак у цэнтры сталіцы, дзе знаходзяцца расейская, амэрыканская і ўкраінская амбасады — то вельмі вядомы генэрал атрымлівае нібы старт у прэзыдэнцкую кампанію, хаця ягонае прозьвішча пры гэтым ня згадвалася ніводным СМІ".

(Цыганкоў: ) "То бок ці можам мы меркаваць, што насуперак звычайнаму процістаяньню — апазыцыя і ўлада — ёсьць трэці бок, які больш за іншых выйграў у гэтай сытуацыі?"

(Падгол: ) "Безумоўна. На мой погляд, усё, што зараз адбываецца на беларускай палітычнай арэне, гэта першая дзея спэктаклю ці першая сэрыя фільму, дзе толькі расстаўляюцца дэкарацыі. Сапраўдныя гульцы на сцэну яшчэ ня выйшлі".

(Цыганкоў: ) "Як можа далей паводзіць улада, якія тыповыя мэтады прапаганды і "чорнага піару" яна можа прымяняць да альтэрнатыўных кандыдатаў?"

(Падгол: ) "Спэктакль пакуль што будзе ісьці паводле сцэнару Лукашэнкі. Спэктакль просты: апазыцыя — ворагі, шматаблічныя ворагі. Тут будзе ўсё — можа, людзей скрадуць, падпалы нейкія — цэлы вэер акцыяў, якія будуць прэзэнтаваць НАТОўскі аскал апазыцыі (крыважэрны, куляпадобны, выбухападобны).

Але гэта ўсё будзе дзейнічаць толькі на тую частку электарату, якая жалезна гатовая галасаваць за Лукашэнку".

(Грузьдзіловіч: ) "Усе гэтыя падзеі будуць залежаць ад таго сцэнару, які будзе абраны для выбараў. У нашых СМІ ўжо зьявіліся зьвесткі, што адміністрацыя можа абраць сілавы сцэнар, паводле якога сюды не дапускаюцца міжнародныя назіральнікі, робяцца жорсткія захады супраць кандыдатаў — нерэгістрацыя, правакацыі, магчыма, кагосьці могуць у турму пасадзіць, кагосьці скрасьці.

Калі такі сцэнар, то прапагандысцкая афарбоўка таксама будзе вельмі жорсткая, нахабная, непрыгожая.

Але калі будзе сярэдні варыянт, то магчымы захады накшталт гэтага выбуху, паклёпы, кампраматы, спробы пасварыць кандыдатаў — гэта ўжо ёсьць, але будзе больш актыўна адбывацца.

Што да падобных выбухаў, у якіх увесь час вінаватай будзе абвяшчацца апазыцыя, то мне здаецца, нашы людзі ўжо стаміліся ад такога. Тут можа быць сытуацыя, як з чалавекам, які ў вадзе крычыць: "Ратуйце!". Ён прыкідваецца колькі разоў, а потым, калі ён сапраўды топіцца, яму ўжо ня вераць.

Вось так, мне здаецца, ужо ставяцца людзі да гэтых выбухаў. І калі адразу тры кіраўнікі сілавых ведамстваў кажуць, што гэта апазыцыя, і Лукашэнка тое самае кажа, то людзі ўжо могуць засумнявацца, ці сапраўды гэта так, бо ня першы раз падобнае адбываецца".

(Цыганкоў: ) "Афіцыйная прапаганда непасьлядоўная што да вобразу апазыцыі, мне здаецца, адчуваецца несупадзеньне розных іміджаў. Нават у гэтай гісторыі з выбухам. Увесь час прапаганда малюе крыважэрны аскал апазыцыі, якая хоча правесьці ў Беларусі югаслаўскі варыянт (іншымі словамі, бамбаваць хоча Беларусь), а тут гэтая страшная апазыцыя кінула нейкую гранату альбо выбухпакет, толькі траўку на тэрыторыі амбасады пашкодзіла, не разьбіла нават шкла — учыніла нейкі дзіцячы акт.

Думаю, яны самі не заўважаюць такога несупадзеньня — навешваюць на апазыцыю ўсе грахі, а зь іншага боку, прыпісваюць ёй такія сымбалічныя і неістотныя ўчынкі".

(Падгол: ) "Віталь, мэнталітэт беларусаў шыкоўна ўспрымае абсурд. Вось гэты "пшык" з выбухам мае два сэнсы. Першае, пацьвердзіць крыважэрны аскал, а другое — паказаць, што намеры ў іх крыважэрныя, але яны слабакі. І вось другі аспэкт — слабакі, няздольныя, ні на што ня вартыя, гэта таксама глыбінна ўплывае на выбар людзей".

(Цыганкоў: ) "Магчыма, гэта так. Але я дадам, што ўся гэта прапаганда ўплывае на гэтыя 30% перакананых, на электарат Лукашэнкі. Часам здаецца, што ўсе тыя мэтады не пашыраюць электаральнага поля Лукашэнкі, а толькі зноў пераконваюць тых, хто й так гатовы за яго галасаваць.

Рэйтынг дзяржаўных афіцыйных сродкаў масавай прапаганды прыблізна роўны рэйтынгу Лукашэнкі — тыя ж самыя 30-33%, і ён меншае разам з рэйтынгам Лукашэнкі. Іншымі словамі, усе намаганьні прапаганды ідуць на нішто, не павялічваюць аўтарытэту ўлады. Сам Лукашэнка больш эфэктыўны прапагандыст, чым усе зімоўскія разам.

Мы, аднак, амаль забыліся пра іншую тэму, якую зьбіраліся абмеркаваць. Што могуць супрацьпаставіць прапагандзе ўлады альтэрнатыўныя сілы, якія процістаяць Лукашэнку? З улікам таго, што ў апазыцыі і ўлады ад пачатку няроўныя інфармацыйныя магчымасьці?"

(Грузьдзіловіч: ) "Мне здаецца, было б добра, каб быў наступ з двух бакоў. Першае — арганізаваны рух працоўных, тых, хто перажывае зараз вельмі цяжкі час. Калі апазыцыйнай прапагандзе ўдасца пашырыць колькасьць тых, хто пратэстуе, хто адстойвае сваю пазыцыю, гэта было б вельмі важна.

Другое — мне вельмі падабаецца, што робяць, напрыклад, Малады Фронт ды "Зубар". Калі яны высьмейваюць самыя слабыя бакі ўлады, паказваюць, што яна вельмі сьмешная, бездапаможная, нічога ня можа зрабіць з эканомікай, што яна апынулася ў ізаляцыі. Я думаю, калі такіх акцыяў будзе шмат і пра іх будзе вядома (а дастаткова, у прынцыпе, тых мэдыяў, якія мае апазыцыя, каб дасягнуць вядомасьці), то гэта будзе вельмі эфэктыўная прапагандысцкая падрыхтоўка да выбараў".

(Падгол: ) "Я лічу, існуе два сродкі ў апазыцыі, ніякі зь якіх ня будзе выкарыстаны, бо і часу няшмат, і пераканаць немагчыма нікога зь лідэраў апазыцыі.

Мусіць зьявіцца чалавек учынку, моцнага, самаахвярнага ўчынку. Пакуль у нас узорны чыноўнік ідзе на прэзыдэнцкія выбары альтэрнатывай Лукашэнку.

Другое, давядзеньне да абсурду акцыяў накшталт кінутай гранаты. Уявіце сабе, што ва ўсіх гарадах Беларусі ў нейкі час праводзіцца акцыя "Кінь гранату ў ворага НАТО". І на ўсіх скрыжаваньнях прапануецца людзям граната і мішэнь — НАТОўскі вораг. Ці — "Стрэльні ў ворагаў прэзыдэнта", прыкладам.

Дарэчы, гэтак было ў Польшчы, калі было ваеннае становішча — "аранжавая альтэрнатыва" адыграла вельмі істотную ролю. Бо сьмех здымае страх. Гэты сьмех мог бы зрабіць сьмехавую рэвалюцыю перад прэзыдэнцкімі выбарамі".

(Грузьдзіловіч: ) "Але трэба ўлічваць, што наш народ больш глядач, але не гулец, ня ўдзельнік. Многія такія акцыі разьлічаныя на тое, што выйдуць людзі, нешта будуць рабіць, ці кожны ліст складзе і адправіць… Ну ня робяць гэтага нашыя людзі!

Яны больш назіраюць, робяць свае высновы. Глядзяць на тых, хто займаецца палітыкай і робяць выбар паміж імі. Але самі нейкіх рашучых крокаў ня робяць. І гэта трэба ўлічваць".

(Цыганкоў: ) "Заканчваючы размову, хачу падтрымаць Уладзімера ў тым, што патрэбныя ўчынкі. "Пяцёрка" кандыдатаў, здаецца, вырашыла, што яны могуць выйграць выбары нейкім намэнклятурным чынам — дамоўленасьцю з Масквой, намэнклятурай, апазыцыяй, з кім заўгодна.

Няма яркіх учынкаў, няма раскапаных Курапатаў, антыкарупцыйнага дакладу, разарванага пінжака, абстралянага аўтамабіля — таго, што рабіла палітыкаў вядомымі адразу пасьля гэтых учынкаў.

У цяперашніх прэтэндэнтаў мы пакуль гэтага ня бачым, але спадзяемся, што гэта зьявіцца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG