Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадоксы беларускай эканомікі: заробак расьце, а ўзровень жыцьця падае. Беларускія тавары ўжо даражэйшыя за імпартовыя.


Віталь Цыганкоў, Менск

"Нядаўна купіў лідзкае піва "Наша марка" за 500 зь лішкам рублёў — столькі каштуе расейская "Балтыка". У Чэхіі піва таньнейшае! Я ўжо купляю сьмятану "Danon" замест беларускай — яна каштуе столькі ж, але нашмат лепшая".

(Цыганкоў: ) "Рыхтуючыся да праграмы, я паглядзеў, якім быў курс даляра роўна год таму. Цяжка паверыць, але 5 красавіка 2000 году курс даляра на чорным рынку быў 940 рублёў — зараз 1 300 рублёў.

За год даляр падвысіўся ўсяго на траціну. А цэны за год, паводле афіцыйнай статыстыкі, падрасьлі больш як удвая. Іншымі словамі, даляр для беларускага пакупніка абясцэніўся.

Вобразна кажучы, калі год таму для найпрасьцейшага матэрыяльнага існаваньня хапала 50 даляраў, то цяпер трэба 100. Лукашэнка ўзяў курс на заробак 100 даляраў на месяц, і заробак у даляравым эквіваленце ўвесь час павялічваецца. Гэта моцны аргумэнт для афіцыйнай прапаганды. Але ці паляпшаецца матэрыяльны стан людзей?"

(Карбалевіч: ) "Назіраецца парадокс. Паводле афіцыйнай статыстыкі, рэальны заробак у 2000 годзе падвысіўся на 18%. Сярэднямесячны налічаны заробак падрос з 46 да 75 даляраў. Аднак сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што большасьць насельніцтва адчувае зьніжэньне ўзроўню жыцьця.

Калі ўзяць сярэдні заробак 1998 году і 2001-га, то цяпер на сярэдні заробак купіць харчоў нашмат менш можна. Напрыклад, хлеба ў 1998 годзе можна было купіць 370 боханаў, а цяпер толькі 266. І гэтак далей — можна пералічваць вельмі доўга. Сярэдні заробак нават у даляравым вылічэньні вырас, аднак рэальны ўзровень жыцьця насельніцтва ўпаў".

(Цыганкоў: ) "Спадар Раманчук, як патлумачыць гэты беларускі парадокс — калі заробак у далярах расьце, а купіць можна ўсё менш? Як гэта адпавядае працэсам нармальнай эканомікі?"

(Раманчук: ) "Гэта ня толькі беларускі парадокс, гэтак было ў кожнай краіне, дзе былі два курсы — "чорнага рынку" ды афіцыйны. Стабілізацыя курсу і выхад на адзіны курс — той захад, што ўплывае на ўсю нашу гаспадарку.

У нашых умовах стабілізацыя прыводзіць да запазычанасьці прадпрыемстваў. Летась крэдыторская й дэбіторская запазычанасьць пабольшала амаль у два з паловай разы. Ляжаць тавары на складах, якія няма як прадаць. Людзі ня маюць грошай нават на сацыяльна значныя тавары.

Сёньня я быў у Ждановічах, размаўляў з дырэктарам гэтага прадпрыемства. Цяпер ці не палову харчоў прывозяць з Расеі альбо з Польшчы, але людзі ня маюць грошай іх купляць.

Гэта ўсяго толькі міт афіцыйнай прапаганды — што ўзровень жыцьця расьце, напраўду ён меншае. І вось чаму. За 2000 год у 10 разоў падвысілася цана электраэнэргіі, амаль у 8 разоў — цэны на жыльлёва-камунальныя паслугі. Але сабекошт яшчэ не дасягнуты. За ацяпленьне двухпакаёвай кватэры трэба было б плаціць амаль 30 даляраў.

Беларуская эканоміка, прамысловасьць не гатовыя да стабільнага рубля, да таго, каб кожны плаціў за тыя паслугі, якія атрымлівае".

(Цыганкоў: ) "Мы разгледзелі наступствы стабільнасьці рубля для насельніцтва, але варта прааналізаваць і наступствы для прадпрыемстваў.
Беларускія прадукты, бадай, упершыню за апошнія 5 гадоў ураўняліся цаной з імпартовымі.

Нядаўна купіў лідзкае піва "Наша марка" за 500 зь лішкам рублёў — гэта столькі, як расейская "Балтыка". У Чэхіі піва менш каштуе! Я, напрыклад, ужо купляю сьмятану "Danon" замест беларускай — яна каштуе столькі ж, але нашмат лепшая паводле сваіх спажыцвецкіх якасьцяў. Пры тым, што беларуская дзяржава ўсё робіць, каб імпарт быў даражэйшы — трымае вялікія мыты ды іншае.

Напачатку 2001 году правялі апытаньне 240 кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. На пытаньне "Як зьмяніўся фізычны аб’ём вытворчасьці на вашым прадпрыемстве?" толькі 30% адказалі: павялічыўся. Гэта найгоршы паказчык за тры гады. Толькі 12% адказалі, што павялічыўся попыт на іхную прадукцыю. У 1998–1999 гадах больш як 50% заяўлялі, што попыт на іхную прадукцыю павялічваўся. Затое растуць запасы гатовай прадукцыі на складах.

Такім чынам, беларускія прадпрыемствы праз стабільнасьць рубля падышлі да мяжы, за якой — банкруцтва. Іхную прадукцыю ня хочуць купляць, і яе выцясьняе імпарт. Ці сапраўды пачнуцца масавыя банкруцтвы ў Беларусі, ці пойдзе на гэта ўлада?"

(Карбалевіч: ) "Памятаеце вядомы прапагандысцкі міт пра тое, чаму нам трэба інтэгравацца з Расеяй. "Бо ж нас нідзе больш не чакаюць", — кажа нам афіцыйная прапаганда.

Урэшце нідзе нікога не чакаюць — рынкі трэба заваёўваць. Але цікава, што й на расейскім рынку нас кінулі чакаць, нашу прадукцыю адтуль выцясьняюць. Больш за тое, зараз беларуская эканоміка можа страціць беларускі рынак.

Эканамісты папярэджвалі, што пераход да адзінага курсу беларускага рубля можа выклікаць шок беларускай эканомікі. Такога шоку, здаецца, летась мы ня ўбачылі — але аказалася, што ён нейкі расьцягнуты па часе. Мы можам назіраць наступствы ў запаволеным выглядзе — гэта й затрымкі заробкаў, і страта расейскага, і беларускага рынкаў для беларускіх тавараў, іншыя праблемы".

(Цыганкоў: ) "Яраслаў, якое выйсьце? Што павінна зрабіць улада?"

(Раманчук: ) "Найперш кардынальна трэба скараціць колькасьць падаткаў.

Мы дайшлі да таго абсурднага стану, калі летась Беларусь імпартавала харчоў на 120 мільёнаў даляраў. Такога не было за ўвесь час незалежнай Беларусі.

Трэба распачынаць працэдуру банкруцтва. Бяз гэтага інстытуту рынкавай эканомікі нам ня выжыць. У 2000 годзе адкрылася амаль 80 справаў аб банкруцтве. З 1 лютага пачаў дзеяць новы Закон аб банкруцтве, і паводле створанага адпаведнага Камітэту, амаль 65% беларускіх прадпрыемстваў патрабуюць санацыі (аздараўленьня) і банкруцтва.

Калі будзе вольнае цэнаўтварэньне, калі чалавек сам будзе адказваць за вынікі сваёй працы, тады беларуская эканоміка будзе адваёўваць свой рынак. Мы таксама яшчэ маем магчымасьць увайсьці на расейскі й міжнародны рынкі. Калі беларускі ўрад ня зробіць гэтага за год-два, тады ўжо гаварыць пра нацыянальную эканоміку можна будзе вельмі ўмоўна".

(Карбалевіч: ) "Можна зрабіць адну вельмі важную выснову. Сама ідэя давесьці сярэдні заробак да 100 даляраў як гэткі спосаб падвысіць узровень жыцьця — ідэя сумнеўная. Бо калі і ўдасца гэтага дасягнуць, узровень жыцьця насельніцтва неабавязкова падвысіцца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG