Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ПАДТРЫМКУ ГАНЧАРЫКА ЗІНАІДА БАНДАРЭНКА ВЫМУШАНАЯ ЗВОЛЬНІЦЦА З ПРАЦЫ


Вольга Рымашэўская, Менск

Зiнаiда Бандарэнка, адна з самых вядомых беларускiх тэлевядучых, на мiнулым тыднi звольнiлася зь Дзяржаўнага канцэртнага аркестру пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга, дзе працавала апошнiя 10 гадоў, пяць зь якiх — намесьнiцай спадара Фiнберга ў творчых пытаньнях.

Зiнаiда Бандарэнка звольнілася з фармулёўкай "паводле асабiстага жаданьня". Аднак многiя лiчаць гэта вынікам цiску на народную артыстку, якая цягам апошняга часу адкрыта выступала супраць цяперашняй улады.

Напярэдаднi прэзыдэнцкiх выбараў у перадвыбарчай улётцы "Час выбiраць" быў зьмешчаны партрэт Зiнаiды Бандарэнкі й ейныя словы: "Прыходзiць хамская ўлада, а мы ўсё церпiм... I вось — нам даецца шанец!". Увечары 9 верасьня Зiнаiда Бандарэнка была на Кастрычнiцкай плошчы, дзе зьбiралiся прыхiльнiкi Ўладзiмера Ганчарыка.

Паводле крынiцаў, блізкіх да кіраўніцтва Дзяржаўнага канцэртнага аркестру, напiсаць заяву пра звальненьне Зiнаiду Бандарэнку папрасiў сам Фiнберг — цяпер ня толькi кiраўнiк аркестру, але й дэпутат гэтак званага Савету Рэспублiкi. Кажуць, што ў прыватнай гутарцы Фiнберг сказаў Зiнаiдзе Бандарэнцы: ты, маўляў, мяне падвяла, значыцца, павiнна пакiнуць аркестар.

Мiж iншым, калiсьцi Фiнберг сам запрасiў Зiнаiду Аляксандраўну ў свой аркестар. Гэта было пяць гадоў таму, калi артыстка працавала на Беларускiм тэлебачаньнi, а маэстра Фiнберг яшчэ не займаўся палітыкай.

(Бандарэнка: ) "Відаць, прымусілі чалавека. Я думаю, гэта не ягоная ініцыятыва. Думаю, гэта адтуль нехта. Мне патэлефанавала журналістка з Масквы зь "Независимой газеты", якая заўсёды прыяжджае асьвятляць "Залаты шлягер".

Калі прыйшлі матэрыялы праграмы фэстывалю, яна ўбачыла, што сярод вядучых мяне няма. Яна перапалохалася, патэлефанавала мне і кажа:"Зінаіда Аляксандраўна, што здарылася, чаму Вас ня будзе?". Я сказала, што мяне адхілілі. Яна так зьдзіўлялася і казала: што б ні казалі пра Пуціна, ён быў бы вышэй і не зьвярнуў увагі на гэта. А тут супраць жанчыны распачаць такую барацьбу! Божа, які жах!"

Але без працы Зінаіда Бандарэнка не засталася.

(Бандарэнка: ) "Зараз займаюся пэдагагічнай працай. Выкладаю на журфаку, на аддзяленьні журналістаў радыё й тэлебачаньня. Праўда, у мяне там толькі чвэрць стаўкі, але грошы нейкія ёсьць. У пэдагагічным унівэрсытэце арганізавалі курсы вядучых, і я зь імі працую. На дзіцячай студыі "Юныя вядучыя" таксама працую, і канцэрты нейкія ёсьць. У мяне працы хапае, удома, як кажуць, не сяджу".

Дарэчы, гэта не адзіны выпадак, калі вядомыя ў Беларусі творчыя асобы за свае палітычныя погляды вымушаныя былі адчуць ціск з боку ўладаў. Дастаткова ўзгадаць імёны Яраслава Еўдакімава, Элеаноры Язерскай, Анатоля Вечара, Алега Белавусава ды іншых.

XS
SM
MD
LG