Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАСЬЛЕД ПРЫХІЛЬНІКАЎ ГАНЧАРЫКА НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ НЕ СПЫНЯЕЦЦА


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Старшыня абласнога тэлерадыёаб'яднаньня Яўген Мельнікаў у загадзе адзначыў, што пазбаўляе свайго падначаленага заробку за парушэньне працоўнай дысцыпліны.

Паводле меркаваньня былога намесьніка старшыні гарвыканкаму спадара Мельнікава, журналіст парушыў дысцыпліну, калі ў працоўны час раздаваў майкі з назовам "Скажам дурню — не" і выходзіў у гэтай майцы на працу. А такі выхад, як лічыць Яўген Мельнікаў, абражае гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі.

Акрамя гэтага журналіста абвінавацілі ў вывешваньні партрэта Ўладзімера Ганчарыка на ягоным рабочым месцы і неаб'ектыўным асьвятленьні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і кемераўскага губэрнатара Амана Тулеева.

Журналіст напісаў пра сустрэчу Амана Тулеева з кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Лукашэнкам. А паводле думкі кіраўніка тэлерадыёаб'яднаньня, сустрэча, якая насіла рабочы характар, адбылася з прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам.

Зрэшты журналіста зьбіраліся пакараць за гэты ўчынак больш жорстка. Першапачаткова журналіста зьбіраліся звольніць з працы і прапанавалі яму напісаць заяву па асабістым жаданьні.

Раздражненьне кіраўніцтва абласнога тэлерадыёаб'яднаньня выклікаў ня толькі гэты ўчынак, Генадзь Мартынаў стаў намесьнікам каардынатара "Незалежнага назіраньня" па Магілёўскай вобласьці і актыўна ўдзельнічаў у кантролі за прэзыдэнцкімі выбарамі.

Пасьля ўмяшальніцтва праваабаронцы-журналіста яго пакінулі ў пакоі, але ж абыйсьці ўвагай факт распаўсюджваньня маек не змаглі. У выніку юнак змог захаваць працу, але ж пазбавіўся месячнага заробку. Вось як пракамэнтаваў рэдактар Магілёўскага абласнога радыё Генадзь Мартынаў факт захаваньня працы.

(Мартынаў: ) "У дадзеным выпадку мы даказалі, што зможам абараніць свае правы, і нягледзячы на перашкоды нашага начальства, дабіцца канкрэтных вынікаў".

Адметна, што менавіта пасьля 9 верасьня кіраўнікі тэлерадыёаб'яднаньня ўзмацнілі ўціск ня толькі на палітычныя погляды журналістаў-іншадумцаў, але і сталі карэктаваць іхнія радыёпраграмы.

На гэтым тыдні старэйшаму рэдактару абласнога радыё Ўладзімеру Лапцэвічу забаранілі называць слухачоў "шаноўным спадарствам". Прычына такой забароны начальства так і не назвала. Як вядома, спадар Лапцэвіч каардынаваў "Незалежнае назіраньне" у Цэнтральным раёне горада Магілёва.

Пасьля так званай перамогі Аляксандра Лукашэнкі на выбарах у Магілёве перасьледуюць ня толькі незалежных назіральнікаў, але і актывістаў ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка.

Сёньня а другой палове дня адміністрацыйная камісія Цэнтральнага раёну Магілёва распачала разгляд справаў некалькіх маладзёнаў. Абвінавачваньне гучыць так: "Распаўсюджваньне газэтаў, якія вырабленыя неадпаведным заканадаўству чынам".

Міліцыянты склалі на іх пратакол напярэдадні 9 верасьня, калі яны раздавалі спэцвыпускі газэтаў "Народная воля" і "Наша свабода".

XS
SM
MD
LG