Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПАКАРАЎ ШТРАФАМ КААРДЫНАТАРА "НЕЗАЛЕЖНАГА НАЗІРАНЬНЯ".


Альгерд Невяроўскі, Менск

Падзеі гэтай гісторыі разьвіваліся наступным чынам. 7 верасьня каардынатара "Незалежнага назіраньня" па савецкім раёне Менску Аляксея Галіча выклікаў на ўчастак для датэрміновага галасаваньня №61 назіральнік Алесь Дзям'яненка. Старшыня ўчастковай камісіі спадар Радына пазбавіў Алеся магчымасьці назіраць за галасаваньнем толькі за тое, што ён папрасіў паказаць яму сьпісы выбарцаў і сказаць колькі чалавек прагаласавала.

Калі спадар Галіч прыехаў на гэты ўчастак, то старшыня камісіі ўжо спрабаваў выдаліць і другога незалежнага назіральніка – Аляксея Глушко. Калі Аляксей Галіч спытаў у старшыні чаму ён так бесцырымонна паводзіць сябе ў дачыненьні назіральнікаў, Радына выштурхнуў яго за дзьверы.

Галіч сеў у калідоры, каб скласьці акт супраць старшыні камісіі, аднак той падбег да каардынатара, выхапіў у яго з рук дакумэнты, у тым ліку й пашпарт, скамечыў іх і пабег выклікаць міліцыю. Тады абураны Галіч назваў Радыну "мярзотнікам".

Калі прыбыў міліцэйскі патруль, старшыня камісіі заявіў, што Галіч яго нецэнзурна абразіў. У выніку, Аляксей Галіч тры дні правёў у спэцпрыёмніку, а 10 верасьня яго даставілі ў суд.

Судзьдзя Аксана Рэлява была вымушаная перанесьці разгляд гэтай справы, бо спадар Галіч запатрабаваў адваката. Потым адбылося яшчэ адно судовае паседжаньне і вось сёньня ў гэтай справе было вынесенае рашэньне. І хаця сам Галіч, ягоны адвакат і некаторыя сьведкі сьцьвярджалі, што ён не абражаў старшыню выбарчай камісіі, судзьдзя прызнала Аляксея вінаватым і пакарала штарафам у палову мінімальнага заробку. Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне сам сп. Галіч:

(Галіч: ) "Яна была вымушаная прыняць гэтае рашэньне, абараняючы гонар міліцыі й той праваахоўчай сыстэмы, якая расправілася са мной у выбарчы пэрыяд".

Ня выключана, што ён абскардзіць гэтае рашэньне.

Факты ціску й перасьледу ўладамі незалежных назіральнікаў і актывістаў перадвыбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка зьбірае праваабарончы цэнтар "Вясна". Паводле кіраўніка юрыдычнага аддзелу гэтай арганізацыі Валянціна Стэфановіча, на сёньняшні дзень вядомыя 44 факты ўціску апазыцыйных актывістаў. Зь іх 6 чалавек ужо зазналі перасьлед па артыкулах крымінальнага й адміністрацыйнага кодэксаў. Іншых звальнялі з працы ці пагражалі звольніць, выклікалі на размовы ў міліцыю, пракуратуру й КГБ ды г.д. Гаворыць Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) "Я думаю, што гэта спэцыфіка самога Аляксандра Лукашэнкі. Даўно вядома, што гэты чалавек вельмі помсьлівы й заўсёды помсьціць за любыя праявы нейкай нязгоды. Лягічна было б з боку чалавека, які прэтэндуе на тое, каб ягоныя выбары былі прызнаныя ня толькі некаторымі краінамі СНД, зрабіць хоць нейкую паўзу пасьля выбараў і не чапаць сваіх палітычных апанэнтаў. Тым ня менш ён распачаў яшчэ падчас выбараў і пасьля іх вось такую кампанію ціску на людзей. І гэта яшчэ раз адпаведным чынам характарызуе гэтага чалавека".

Цэнтар "Вясна" ды іншыя праваабарончыя арганізацыі цяпер робяць усё, каб абараніць правы пацярпелых ад уладаў у судзе.


XS
SM
MD
LG