Сяргей Тупальскі яшчэ ўчора бачыў, як вецер ганяе блізу гаражоў нейкія белыя аркушы, але не зьвярнуў на гэта асаблівай увагі. Аднак сёньня, праходзячы побач, ён заўважыў, што гэта выбарчыя бюлетэні і адразу ж патэлефанаваў у рэдакцыю мясцовай газэты "Інт-экспрэс".
Рэдактар газэты Ўладзімер Янукевіч і ягоны намесьнік Алег Панамароў прыехалі на месца разам зь Сяргеем Тупальскім і назьбіралі больш за 100 бюлетэняў — прытым, што большасьць іх ужо разьнесла ветрам па ваколіцы.
Міхаіл Якшук, які зьяўляўся старшынём Баранавіцкай гарадзкой выбарчай камісіі, заявіў мне ў тэлефоннай размове, што гэта правакацыя апазыцыі. Ён лічыць, што гэтыя бюлетэні апазыцыянэры вынесьлі самі з участкаў, ня стаўшы галасаваць, а цяпер іх і раскідалі.
Такая вэрсія непраўдападобная, бо на зваротным баку кожнага аркуша няма подпісаў сяброў выбарчай камісіі, а менавіта такія бюлетэні з подпісамі выдаюць выбарцам. Да таго ж толькі 29 баранавіцкіх выбарцаў, калі верыць пратаколу гарадзкой выбарчай камісіі, ня сталі апускаць свой бюлетэнь у скрынку, а зьнесьлі яго з сабой.
Спэцыялісты ў друкарскай справе кажуць, што ня трэба нават асаблівай экспэртызы, каб вызначыць, што гэтыя бюлетэні зрабілі не на ксэраксе ці прынтэры, а надрукавалі ў друкарні. Але ці сапраўдныя яны, можа вызначыць толькі прафэсійная экспэртыза.
Да ўсяго застаецца дадаць, што перад выбарамі 9 верасьня ні журналісты, ні назіральнікі ніяк не змаглі высьветліць, колькі бюлетэняў у гарадзкой выбарчай камісіі атрымалі і раздалі па ўчастках.