Сябры Сойму БНФ давалі сёньня ацэнку дзеяньням сваёй арганізацыі ў часе выбарчай кампаніі, а таксама вызначаліся, якой павінна быць стратэгія іхнай арганізацыі на пэрспэктыву. Лідэры БНФ лічаць, што вынікі выбараў улады цалкам сфальсыфікавалі. Многія актывісты гэтай арганізацыі адчуваюць стомленасьць і расчараваньне. Гаворыць старшыня БНФ Вінцук Вячорка:
(Вячорка: ) "Вынік не дасягнуты, таму, зразумела, ёсьць незадаволенасьць, у значнай часткі сяброў — стомленасьць, расчараваньне. І якраз даць адказ на праблему расчараваньня й закліканы сёньняшні Сойм".
Амаль усе, хто выступаў на сёньняшнім паседжаньні, адзначалі, што БНФ ды ягоныя партнэры па шырокай грамадзянскай кааліцыі пераацанілі магчымасьці старой намэнклятуры, аб'яднанай у рух "За новую Беларусь".
Гэтыя людзі, якія збольшага вялі выбарчую кампанію адзінага кандыдата, на думку актывістаў БНФ, проста ня мелі аўтарытэту ў Лукашэнкавай вэртыкалі і таму ня здолелі процістаяць фальсыфікацыям вынікаў галасаваньня.
Ня спраўдзіліся таксама спадзевы старой намэнклятуры на тое, што адзінага кандыдата падтрымае Масква. Лідэры БНФ спадары Вячорка, Івашкевіч ды іншыя адзначалі, што ёсьць і станоўчыя вынікі гэтай кампаніі. Актывістам БНФ удалося зблізіцца з прафсаюзамі, і цяпер перад імі стаіць задача увайсьці ў гэтыя прафсаюзныя структуры, каб процістаяць магчымаму распродажу буйных беларускіх прадпрыемстваў расейскім алігархам.
Лідэры БНФ лічаць, што трэба абавязкова захаваць створаную перад выбарамі шырокую грамадзянскую кааліцыю, аднак цяпер БНФ мусіць адыгрываць у гэтай структуры больш значную ролю.
Сябры Сойму адзначалі, што хаця ў цяперашніх умовах стаўка на адзінага непартыйнага кандыдата была слушнай, аднак у будучыні БНФ мусіць вылучаць на прэзыдэнцкія выбары свайго кандыдата, і падрыхтоўку да гэтых выбараў трэба пачынаць ужо зараз — штодзённа працаваць зь людзьмі, прарываць створаную ўладамі інфармацыйную блякаду вакол апазыцыі.
Аднак некаторыя актывісты казалі, што за паразу 9 верасьня адказнае й кіраўніцтва БНФ, і таму яно мусіць пайсьці ў адстаўку. Вось як пракамэнтаваў такія настроі лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:
(Севярынец: ) "Пытаньне якраз у глыбіні тае паразы, якую пацярпеў Народны Фронт. Выбары прайшлі пад кантролем Расеі, БНФ ня змог падчас гэтых выбараў данесьці нацыянальную ідэю і ня змог даць нейкай пэрспэктывы для духоўнага адраджэньня ў краіне. Гэта дастаткова цяжкі ўдар для нацыянальных сілаў, але пасьля яго абавязкова трэба падымацца".
Сябры Сойму прынялі заяву з заклікам да міжнароднай супольнасьцьі не прызнаваць вынікі выбараў 9 верасьня, а таксама зварот-спачуваньне амэрыканскаму народу з нагоды тэрарыстычнай атакі на ЗША. Больш дакладную далейшую стратэгію БНФ вызначыць зьезд гэтай партыі, які адбудзецца сёлета ў сьнежні.