Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДУМКУ АКТЫВІСТАЎ ПРАФСАЮЗАЎ, УДЗЕЛ ГАНЧАРЫКА Ў ВЫБАРАХ ПАДВЫСІЎ ПРЭСТЫЖ АРГАНІЗАЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менск

Галоўнай тэмай прафсаюзнай нарады стала абмеркаваньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Як заявіў Уладзімер Ганчарык, афіцыйна абвешчаныя лічбы не адпавядаюць рэчаіснасьці. Паводле ягоных словаў, была грубая фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня ўладамі.

На думку многіх выступоўцаў, якія падтрымалі старшыню Фэдэрацыі, ягоны ўдзел у выбарах падвысіў аўтарытэт прафсаюзаў у беларускім грамадзтве. Вось як пракамэнтаваў нашаму радыё вынікі сёньняшняй нарады старшыня галіновага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) "І да выбараў ня ўсё гладка было ў прафсаюзах. Ёсьць такія прафсаюзы і прафсаюзныя актывісты, якія адседзеліся "ў акопах". І сёньня гэта было відаць. Добра, што іх вельмі мала — тых, хто казаў, што трэба тэлеграмай павіншаваць Лукашэнку зь перамогай. Сябры прэзыдыюму вырашылі абсалютнай большасьцю ніякай тэлеграмы не даваць, бо гэтыя выбары — фарс.

Ганчарык стаў лідэрам усіх дэмакратычных сіл, людзі слухаюць яго падчас публічных выступаў і людзі яму вераць. Зараз самае галоўнае, каб не распалася гэтая дэмакратычная суполка — і людзі за ёю пойдуць", — лічыць прафсаюзны лідэр Генадзь Фядыніч, які на выбарах быў даверанай асобай Уладзімера Ганчарыка.

Многія выступоўцы распавядалі пра факты грубага фальшаваньня вынікаў выбараў. Напрыклад, паводле словаў старшыні галіновага прафсаюзу работнікаў абароннай прамысловасьці Галіны Шэвелевай, прадстаўнікі гэтага прафсаюзу былі сябрамі выбарчых камісіяў у Менску, Рагачове, Вялейцы і Лепелі. І паўсюдна за Ганчарыка, паводле зьвестак спадарыні Шэвелевай, галасавала значна больш выбарцаў, чым падае Цэнтарвыбаркам.

Старшыня галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў выказаўся на нарадзе за тое, каб Уладзімер Ганчарык зьвярнуўся з адмысловым лістом да шырокага прафсаюзнага актыву з інфармацыяй пра парушэньні ў выбарчай кампаніі.

Зь іншым меркаваньнем выступіў сёньня кіраўнік галіновага прафсаюзу работнікаў лёгкай прамысловасьці Валеры Ждановіч. Ён параіў неадкладна прызнаць перамогу Аляксандра Лукашэнкі і даслаць яму віншавальную тэлеграму. А Ганчарык, як лічыць Ждановіч, павінен спыніць палітычную дзейнасьць і цалкам заняцца прафсаюзнымі справамі.

Ждановіча падтрымаў яшчэ адзін прафсаюзны лідэр — кіраўнік галіновага прафсаюзу работнікаў дзяржаўных установаў Аляксей Забалотны. Ён заклікаў старшыню Фэдэрацыі зьмірыцца з паразаю і спыніць кантакты з палітычнай апазыцыяй.

Гэтыя выступы абурылі астатніх удзельнікаў нарады. У прыватнасьці, кіраўнік галіновага прафсаюзу работнікаў культуры Леанід Сушкевіч заклікаў калегаў маральна падтрымаць Уладзімера Ганчарыка, які, паводле ягоных словаў, адважыўся на мужны ўчынак — супрацьстаяць несумленнай уладзе. Большасьць прысутных яго падтрымалі.

XS
SM
MD
LG