Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД АПРАЎДАЎ АКТЫВІСТА БГК УЛАДЗІМІРА КРАЎЧАНКУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць


Пасьля прагляду міліцэйскіх дакумэнтаў і апытаньня сьведкаў судзьдзя Слаўгарадзкага раёну прыйшла да высновы, што дзеяньні Ўладзімера Краўчанкі нельга разглядаць як правапарушэньне. Ды й міліцыянты, якія складалі пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэньне, не настойвалі на пакараньні адказчыка. Яны паведамілі, што пратакол склалі на загад пракурора раёну Андрэйчыкава і кіраўніка Слаўгарадзкага райаддзелу міліцыі Балдышэўскага.

Пратакол быў складзены пасьля таго, як у аўтамабілі праваабаронцы знайшлі некалькі дзясяткаў газэт — дзяржаўных і недзяржаўных. Наяўнасьць у машыне гэтых выданьняў паставілі ў віну спадару Краўчанку. Адметна, што ў газэтах былі надрукаваныя артыкулы як у падтрымку Ўладзімера Ганчарыка, так і за Аляксандра Лукашэнку.

На судзе стала вядома, што гэтыя газэты належалі тром чалавекам, якія ехалі ў машыне разам з старшынём Магілёўскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту. Яны не зьбіраліся іх распаўсюджваць.

Адказчык лічыць, што пазоў у суд абумоўлены ягонай актыўнай грамадзкай дзейнасьцю, якая была накіраваная на прадухіленьне парушэньняў Выбарчага кодэксу. На судзе ён распавёў, што машыну абшукалі пасьля таго, як ён зьвярнуўся да старшыні Слаўгарадзкай раённай выбарчай камісіі і падаў сьведчаньні парушэньняў падчас галасаваньня.

Калі старшыня камісіі не прызнала ягоных абвінавачаньняў, Краўчанка зьвярнуўся да пракурора Слаўгарадзкага раёну Андрэйчыкава і прапанаваў адказаць на ягоныя пытаньні як пазаштатнага карэспандэнта газэты "Тыднёвік Магілёўскі". Пракурор адмовіўся і запатрабаваў, каб праваабаронца, як меў пасьведчаньне карэспандэнта, аддаў яму рэдакцыйны дыктафон. Абодва не дасягнулі кампрамісу, пасьля чаго з санкцыі пракурора правялі вобшук.

Суд уважліва выслухаў адказчыка і ягоных сьведкаў ды прыйшоў да высновы, што Ўладзімер Краўчанка невінаваты. Пра дзеяньні ініцыятараў пазову спадар Краўчанка кажа: "Гэта звычайнае свавольства — і вобшук, і беспадстаўнае абвінавачаньне без усялякіх доказаў. Менавіта такія дзеяньні характарызуюць сутнасьць міліцэйскіх органаў".
Дарэчы, гэта ўжо другі суд, які ініцыявалі кіраўнікі Слаўгарадзкай міліцыі супраць старшыні магілёўскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту.

XS
SM
MD
LG