Лінкі ўнівэрсальнага доступу

INTERNATIONAL LIMITED ELECTION OBSERVATION MISSION


Менск, 10 верасьня.

Міжнародная Місія абмежаванага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі (ММАНВ), якія пройдуць 9 верасьня, зьяўляецца вынікам сумеснай працы паміж Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ/БДІПЧ) і Парлямэнцкай тройкай, у якую ўваходзяць Парлямэнцкая асамблея АБСЭ (АБСЭ/ПА), Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы і Эўрапейскі парлямэнт.

Дзейсны Старшыня АБСЭ прызначыў спадара Кіма Кільюнена, члена Парлямэнта (Фінляндыя), віцэ-прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, Спэцыяльным каардынатарам Місіі АБСЭ па абмежаванаму нагляданьню за выбарамі ў Беларусі. Член Парлямэнта сп. Стэф Горыс (Бэльгія) ачольвае дэлегацыю ад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Член Парлямэнта Ян Вірсма (Нідэрлянды) ачольвае дэлегацыю ад Эўрапарлямэнту. Сп. Граер Бальян зьяўляецца главой Місіі АБСЭ/БДІПЧ па абмежаванаму нагляданьню за выбарамі ў Беларусі.

На жаль, з-за запозьненага запрашэньня беларускімі ўладамі, што супярэчыць абавязальніцтвам краінаў-удзельніцаў АБСЭ, якія сфармуляваныя ў Стамбульскай Дэклярацыі ад 1999 году і Капэнгагенскім дакумэнце АБСЭ ад 1990 году, АБСЭ/БДІПЧ было вымушанае абмежаваць нагляданьне толькі да апошніх трох тыдняў выбарчага працэсу. Больш за тое, улады беспадстаўна адмовілі ў візах двум ключавым прадстаўнікам доўгатэрміновай місіі наглядальнікаў.

ПАПЯРЭДНІЯ ЗАКЛЮЧЭНЬНІ

Прэзыдэнцкія выбары 2001 году ў Рэспубліцы Беларусь ўяўлялі сабой важную магчымасьць правесьці ацэнку ўзроўню разьвіцьця дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці ў краіне. Гэтыя выбары будуць уплываць на будучыя адносіны паміж Беларусьсю і міжнароднай супольнасьцю, уключаючы эўрапейскія інстытуцыі.

ММАНВ праводзіла нагляданьне за выбарамі на падставе міжнародных стандартаў па правядзеньню дэмакратычных выбараў. Гэтыя стандарты сфармуляваныя ў дакумэнтах АБСЭ і Рады Эўропы. ММАНВ пацьвердзіла важнасьць 4 крытэра, вызначаных у 2000 годзе Парлямэнцкай тройкай як асноўныя ўмовы для правядзеньня дэмакратычных выбараў і працягу працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі:

— Празрыстасьць выбарчага працэсу;
— Доступ апанэнтаў да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі;
— Роўныя ўмовы для палітычных апанэнтаў;
— Наданьне Парлямэнту значных функцыяў і паўнамоцтваў.

Выбарчы працэс характарызаваўся наяўнасьцю фундамэнтальных недахопаў, некаторыя зь якіх зьяўляюцца спэцыфічнымі для палітычнай сытуацыі ў Беларусі, ўключаючы:

— Палітычны рэжым, які не прызвычаены мець апазыцыю і робіць усё мажлівае дзеля блякаваньня ейнай дзейнасьці;

— Наяўнасьць выканаўчых структураў улады з празьмернымі паўнамоцтвамі, уключаючы мажлівасьць кіраваньня краінай з дапамогай прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, якія не падлягаюць адпаведнаму заканадаўчаму кантролю, што дазваляе адвольна зьмяняць умовы правядзеньня выбараў;

— Выбарчае заканадаўства, якое ўсё яшчэ не гарантуе незалежнасьць адміністрацыйных выбарчых органаў, адпаведнае забесьпячэньне працэсу галасаваньня і працэсу падвядзеньня вынікаў галасаваньня, наяўнасьці ўмоваў правядзеньня свабоднай і справядлівай выбарчай кампаніі і якое накладае празьмерныя абмежаваньні на тых, хто ўдзельнічае ў кампаніі і на наглядальнікаў;

— Прававыя палажэньні, якія рэгулююць датэрміновае галасаваньне, не гарантуюць належны кантроль і падлік галасоў;

— Сыстэма кіраваньня выбарамі, якая значна залежыць ад выканаўчай улады на нацыянальным і мясцовьм узроўнях і якая не зьяўляецца бесстароньняй;

— Значна няроўныя ўмовы правядзеньня выбарчай кампаніі для кандыдатаў ад апазыцыі;

— Кампанія па запалохваньню, скіраваная супраць актывістаў апазыцыі, арганізацыяў унутранага назіраньня, апазыцыйных і незалежных сродкаў масавай інфармацыі і брудная кампанія супраць міжнародных наглядальнікаў, і

— Празьмерна перадузятыя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, а таксама цэнзура незалежных газэтаў.

На працягу апошняга году і перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году ў Рэспубліцы Беларусь былі адзначаныя пэўныя станоўчыя моманты, асабліва тыя, што тычацца дэмакратычнай сьвядомасьці людзей. Гэтыя зьмены могуць даваць надзею на далейшыя паляпшэньні. Гэтыя станоўчыя элемэнты ўключаюць наступнае:

— Растучая грамадзянская супольнасьць здолела мабілізаваць і разьмесьціць на выбарчых участках тысячы ўнутраных наглядальнікаў, у тым ліку і тых, хто падтрымлівае ўрад; аднак вялікае шкадаваньне выклікае скасаваньне акрэдытацыі некалькіх тысячаў гэтых наглядальнікаў;
— Дэмакратычная апазыцыя здолела падняцца над супярэчнасьцямі і разам удзельнічаць у выбарах, што зьяўляецца паказчыкам росту палітычнай і дэмакратычнай свядомасьці;

— Пры наяўнасьці трох кандыдатаў выбаршчыкі ў Беларусі мелі сапраўдны выбар, хаця абмежаваньні па правядзеньню выбарчай кампаніі і ўмовы яе правядзеньня не давалі выбаршчыкам магчымасьці атрымліваць поўную інфармацыю аб альтэрнатыўных кандыдатах;

— З дапамогай міжнародных экспэртаў у выбарчае заканадаўства былі ўнесеныя некаторыя станоўчыя зьмены;

— З арганізацыйнага пункту гледжаньня, адміністрацыйная падрыхтоўка да выбараў была добра праведзеная, згодна з прававымі патрабаваньнямі да фармаваньня камісіяў, і рэгістрацыяй кандыдатаў; і

— Галасаваньне 9 верасьня прайшло ў адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам і без парушэньняў.

Міжнародная супольнасьць асабліва занепакоеная празьмернымі пагрозамі, якія прагучалі ў апошні час з вуснаў найвышэйшага кіраўніцтва краіны на адрас апазыцыйных і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама палітычных актывістаў. Далейшае разьвіцьцё падзеяў будзе заставацца пад пільным міжнародным наглядам.

Беручы пад увагу вышэйпрыведзеныя факты і не прымаючы да ўвагі вынікі выбараў, ММАНВ прыходзіць да наступных высноваў:

1. Працэс прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году не адпавядаў абавязальніцтвам АБСЭ па правядзеньню дэмакратычных выбараў, сфармуляваных у Капэнгагенскім дакумэнце ад 1990 году, і стандартам Рады Эўропы;

2. ММАНВ вітае і прызнае ўзьнікненьне плюралістычнай грамадзянскай супольнасьці, што зьяўляецца асновай для разьвіцьця дэмакратычных палітычных структураў, якія прадстаўляюць усе пласты насельніцтва.

3. Ізаляцыя краіны не ляжыць у інтарэсах беларускага народу і ня будзе спрыяць узмацненьню дэмакратычнага разьвіцьця краіны.

ММАНВ падкрэсьлівала важны ўнёсак Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ і яе старшыні ў працэс набыцьця дэмакратычнай сьвядомасьці людзьмі ў Беларусі. Гэтая праца павінна працягвацца.

Прымаючы да ўвагі тое, што разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці і палітычных структураў, заснаваных на дэмакратычных прынцыпах, уяўляе сабой аснову стратэгіі па падцягваньню Беларусі да ўзроўню эўрапейскіх дэмакратычных стандартаў, прычым карані гэтай асновы ляжаць у самім беларускім грамадзтве, ММАНВ лічыць неабходным адзначыць наступнае:
— Такое разьвіцьцё падзеяў трэба аднесьці не на рахунак сёньняшняга кіраўніцтва з боку Прэзыдэнта краіны, а на беларускую грамадзянскую супольнасьць і дэмакратычныя структуры;

— беларускія ўлады павінны пераадолець недахопы выбарчага працэсу і выканаць свае абавязкі, згодна з абавязальніцтвамі па АБСЭ і стандартамі, усталяванымі Радай Эўропы, паколькі гэтыя недахопы ставяць пад сумнеў дэмакратычны характар вынікаў выбараў;

— Узмацненьне працэсу дэмакратызацыі павінна працягвацца з мэтай рэінтэграцыі Беларусі і яе народу ў эўрапейскую сыстэму стандартаў і вартасьцяў.

Больш за тое, ММАНВ са шкадаваньнем прызнае, што палітыка беларускіх уладаў адносна асноўных дэмакратычных структураў і павагі да фундамэнтальных правоў чалавека і каштоўнасьцяў, сталася адной з галоўных прычынаў сёньняшняй ступені ізаляцыі краіны і яе народу. Міжнародная супольнасьць павінна зрабіць пераацэнку сваёй палітыкі на самым высокім палітычным узроўні ў адносінах да гэтай краіны, прымаючы да ўвагі недахоп дэмакратыі, а таксама і пазытыўныя тэндэнцыі, якія зьяўляюцца паказальнікамі больш плюралістычнага палітычнага клімату ў Беларусі. Недахоп дэмакратыі не павінен прыводзіць да ізаляцыі краіны. Наадварот, ён павінен выклікаць новыя высілкі па разьвіцьцю яе дэмакратычнай сыстэмы.

Гэты працэс пераацэнкі павінен праводзіцца дзедя таго, каб вызначыць стратэгіі разьвіцьця поўнафункцыянальнай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных палітычных структураў у Беларусі. Інстытуцыі, якія ўваходзяць у ММАНВ, гатовыя прадстаўляць далейшую дапамогу ў разьвіцьці канструктыўнага дыялёгу паміж прадстаўнікамі ўсяго палітычнага спэктру грамадзтва, а таксама паміж уладамі і міжнароднай супольнасьцю з мэтай палягчэньня працэсу пераходу да дэмакратыі і інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскія структуры.

ПАПЯРЭДНІЯ ВЫНІКІ

Агульная інфармацыя

Прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары праходзілі ў Беларусі ў 1994 і 1995 гадах у адпаведнасьці з новай Канстытуцыяй, прынятай у 1994 годзе, дзе замацоўвалася палажэньне аб тым, што Беларусь зьяўляецца парлямэнцкай дэмакратыяй і дзе існуе палітычны плюралізм. Пасьля таго, як у 1994 годзе Прэзыдэнтам краіны быў абраны Лукашэнка, паўнамоцтвы парлямэнту (Вярхоўнага Савету) зьменшыліся, у той час як пачалі расьці паўнамоцтвы выканаўчай галіны ўлады, і прэзыдэнцкія дэкрэты сталі практыкай кіраваньня краінаю. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году паўнамоцтвы Прэзыдэнта былі яшчэ больш пашыраныя, а тэрмін знаходжаньня ва ўладзе быў падоўжаны да 2001 году.

Нягледзячы на рашэньне Канстытуцыйнага суду, які прыняў рашэньне аб кансультацыйным статусе рэфэрэндуму 1996 году, Канстытуцыя 1994 году была зьмененая ў адпаведнасьці з пытаньнямі, пастаўленымі на рэфэрэндум. Вярхоўны Савет быў пераўтвораны ў дзьвюхпалатны парлямэнт, які скдадаецца з Палаты Прадстаўнікоў, куды ўваходзяць 110 дэпутатаў, і Савету Рэспублікі (69 членаў). У Палату Прадстаўнікоў увайшла частка са 199 дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Некаторыя з дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня адмовіліся ад удзелу ў працы новага парлямэнту і працягваюць лічыць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня адзіным легітымным Парлямэнтам.

У 1997 годзе Рада Эўропы прыпыніла статус Беларусі як асацыяванага сябра арганізацыі. Парлямэнцкая асамблея АБСЭ працягвала прызнаваць правы дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня як легітымных прадстаўнікоў Парлямэнту краіны.

Парлямэнцкія выбары 2000 году ў Палату Прадстаўнікоў, дзе засядаюць 110 дэпутатаў, былі першымі парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі пасьля спрэчнага рэфэрэндуму 1996 году і канстытуцыйнага крызысу, які надышоў за гэтым. Парлямэнцкія выбары адбыліся пасьля году актыўных спробаў пошуку на міжнародным і дзяржаўным узроўнях мажлівасьцяў па стварэньні ўмоваў для правядзеньня дэмакратычных выбараў у Беларусі.

У жніўні 2000 году прадстаўнікі АБСЭ/БДІПЧ, Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ (КНГ АБСЭ), Рады Эўропы, Эўрапейскага парлямэнту і Міжпарлямэнцкай асамблеі Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў сустрэліся ў Вене дзеля ацэнкі існаваньня адпаведных умоваў правядзеньня дэмакратычных выбараў у Беларусі. Яны прыйшлі да высновы, што беларускія ўлады не дабіліся значнага посьпеху для таго, каб ня трэба было дасылаць у Беларусь поўнамаштабную місію па нагляданьню за выбарамі. Тым ня менш, Канфэрэнцыя пагадзілася з тымі, што ёсьць паляпшэньні, якія апраўдваюць назіраньне ў Беларусі Місіі АБСЭ/БДІПЧ па Тэхнічнай ацэнцы (МТА) выбараў, за выключэньнем нагляданьня ў дзень выбараў.

МТА зрабіла вывады, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных выбараў, якія сфармуляваныя ў Капэнгагенскім дакумэнце АБСЭ ад 1990 году. Нягледзячы на некаторыя паляпшэньні з часу папярэдніх выбараў, працэс выбараў меў недахопы. Прадстаўнікі новаабранага парлямэнту і дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня аспрэчвалі сваё права быць прадстаўленымі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Аднак, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла рашэньне пакінуць месца Беларусі ў асамблеі незанятым і прыняць канчатковае рашэньне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

7 чэрвеня Палата Прадстаўнікоў Беларусі прыняла рашэньне аб прызначэньні прэзыдэнцкіх выбараў на 9 верасьня. На пачатку ліпеня Кіраўніцтва АБСЭ правяло чарговую сустрэчу з удзелам прадстаўнікоў АБСЭ/БДІПЧ, Парламэнцкай асамблеі АБСЭ, КНГ АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапейскай Камісіі, Эўрапейскага парлямэнту і Нацыянальнага Інстытуту Дэмакратыі (НІД), які знаходзіцца ў ЗША, на якой была прынятая рэкамэндацыя па ўсталяваньню доўгатэрміновай місіі АБСЭ/БДІПЧ па наглядзе за прэзыдэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца 9 верасьня, уключаючы разьмяшчэньне кароткатэрміновых наглядальнікаў у дзень выбараў. 9 ліпеня АБСЭ/БДІГІЧ заявіла Беларускаму Міністэрству Замежных спраў (МЗС) аб сваім намеры наглядаць за прэзыдэнцкімі выбарамі. Падчас далейшых кантактаў з МЗС АБСЭ/БДІПЧ зноў зрабіла заяву аб гатоўнасьці даслаць наглядальную місію 1 жніўня.

Разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці

У сувязі з правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў зьявіліся аптьмістычныя і значныя прыкметы актыўнага ўдзелу беларускіх грамадзянаў у вырашэньні праблемаў разьвіцьця дэмакратыі.

Грамадзкія аб'яднаньні шчыльна супрацоўнічалі паміж сабой ва ўсталяваньні агульнадзяржаўнай сеткі незалежных наглядальнікаў. Больш як 11000 такіх наглядальнікаў былі зарэгістраваныя ад грамадзкіх аб'яднаньняў, злучаных пад парасонікавай структурай "Беларуская ініцыятыва — незалежнае назіраньне". Яшчэ тысячы былі зарэгістраваныя ад імя кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама ад няўрадавых арганізацыяў.

На працягу гадоў некалькі апазыцыйных палітычных партыяў супрацоўнічалі ў межах "Кардынацыйнай Рады". У 1999 годзе яны вялі перамовы зь беларускім урадам аб правядзеньні абмежаваных дэмакратычных рэформаў, такіх як прадастаўленьне апазыцыі доступу да СМІ, павелічэньне паўнамоцтваў парлямэнту, паляпшэньне заканадаўчых умоваў правядзеньня дэмакратычных выбараў і павага да правоў чалавека. Першыя вынікі былі дасягнутыя ў лістападзе 1999 году, але неўзабаве ўлады адмовіліся ад выкананьня любых дамоўленасьцяў. Тым ня менш, тыя падзеі дазволілі апазыцыі падвысіць палітычную культуру супрацоўніцтва і здольнасьці да дасягненьня кампрамісаў.

Пасьля глыбокіх дыскусіяў наконт удзелу ці няўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах апазыцыя падзялілася ў сваіх намерах. Тым ня менш, была дасягнутая агульная згода адносна ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, якія павінны былі адбыцца ў наступным годзе. Напрыклад, вялікая колькасьць групаў палітычнага і сацыяльнага кшталту прыняла рашэньне аб заснаваньні кааліцыі ў падтрымку адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах, што неўзабаве і было дасягнута. Было дамоўлена, што першапачаткова выстаўляюць свае кандыдатуры пяць прэтэндэнтаў дзеля таго, каб быў зарэгістраваны хаця б адзін зь іх. Таксама было дамоўлена аб тым, што пры ўмове рэгістрацыі пяці зь іх яны абяруць аднаго кандыдата, які будзе прадстаўляць "пяцёрку", а іншыя здымуць свае кандыдатуры.

У заключэньне неабходна адзначыць. што наяўнасьць у грамадзянаў сапраўднага выбару і ўзьнікненьне кааліцыі палітычных і грамадзкіх сілаў зьяўляюцца моцным аргумэнтам у падтрымку цьверджаньня аб працэсе сталеньня дэмакратычных сіл, якія здольныя ўзяць на сябе адказнасьць перад грамадзтвам на ўсіх узроўнях удады і заканадаўства — мясцовым, рэгіянальным і агульнанацыянальным.

Затрыманы пачатак працы па нагляданьню і адмова ў выдачы візаў

Беларускія ўлады затрымалі запрашэньне назіральнікам ад АБСЭ/БДІПЧ на некалькі тыдняў, а пасьля запозьнена выдалі візы членам наглядальнай місіі. У выніку, Місія АБСЭ/БДІПЧ здолела распачаць працу толькі 17 жніўня. Гэта сталася прычынай таго, што міжнародныя наглядальнікі не змаглі прыняць удзел у назіраньні за вельмі важнымі пачатковымі этапамі выбарчага працэсу. Таму АБСЭ/БДІПЧ было вымушана даслаць на Беларусь толькі Місію па абмежаванаму назіраньню за прэзыдэнцкімі выбарамі замест звычайнай поўнамаштабнай і поўнай місіі па назіраньню за выбарамі.

З-за затрымкі ў запрашэньні АБСЭ/БДІПЧ апынулася ня ў стане выконваць свой мандат па нагляданьню за поўным працэсам выбараў — "перад, падчас і пасьля выбараў" (Заключны Будапэшцкі дакумэнт, Глава VIII, параграф 12, 1994); і Дэклярацыя Стамбульскага саміту, пар. 26, 1999). АБСЭ/БДІПЧ не дазволілі наглядаць за: 1) фармаваньнем выбарчых камісій; 2) зборам подпісаў за кандыдатаў; 3) рэгістрацыяй кандыдатаў і далейшым працэсам абскарджваньня; і 4) першым тыднем з чатырох выбарчай кампаніі і кампаніі ў СМІ.

У дадатак да гэтага двум членам Місіі было адмоўлена ў візах і ва ўезьдзе ў краіну.

АБСЭ/БДІПЧ ведае аб сувэрэнным праве любой дзяржавы кантраляваць уезд на сваю тэрыторыю. Аднак для выкананьня мандату незалежнай інстытуцыі АБСЭ/БДІПЧ павінна мець магчымасьць самастойна вызначаць памер, склад і працягласьць працы групы наглядальнікаў за выбарамі, без залішняга ўмяшальніцтва з боку дзяржаваў.

У процівагу факту затрымкі запрашэньня Місіі і адмове ў візах яе членам з боку МЗС, усе наглядальнікі ад ММАНВ, усе кароткатэрміновыя наглядальнікі (КТН) былі неадкладна акрэдытаваныя Цэнтральнай Камісіяй Рэспублікі Беларусь па правядзеньню выбараў і рэфэрэндумаў (ЦВК). Трэба таксама адзначыць, што МЗС задаволіла ўсе прашэньні КТН аб візах на ўезд.

Прававыя асновы правядзеньня выбараў

Прававой базай для правядзеньня выбараў у Беларусі зьяўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Выбарчы кодэкс, іншыя заканадаўчыя акты, якія рэгулююць пытаньні правядзеньня выбараў, а таксама прэзыдэнцкія дэкрэты і пастановы ЦВК. Канстытуцыя прызнае вышэйшасьць агульнапрынятых прынцыпаў і нормаў міжнароднага права адносна беларускіх законаў (артыкул 8).

Артыкул 79 Выбарчага кодэксу кажа, што выбары прызнаюцца як тыя, што адбыліся, толькі калі больш за палову грамадзянаў, унесеных у сьпісы для галасаваньня, прымуць удзел у выбарах, і калі кандыдат набярэ больш за палову галасоў выбаршчыкаў. У іншым вьшадку не пазьней чым праз два тыдні праводзіцца другі тур выбараў, у якім прымаюць удзел кандыдаты, якія набралі найбольшы працэнт галасоў. Такія ж патрабаваньні існуюць і да другого туру, і працэс выбараў працягваецца, пакуль ня будуць выкананыя гэтыя дзьве ўмовы.

Выбарчы кодэкс быў прыняты ў лютым 2000 году і дапоўнены ў ліпені таго ж году, незадоўга да парлямэнцкіх выбараў. Некаторыя зь недахопаў, на якія ўказвала АБСЭ/БДІПЧ, былі выпраўленыя, але іншыя больш значныя недахопы засталіся бязь зьменаў.

Калі адмовіцца ад абмежавальнага тлумачэньня, які дае Выбарчы кодэкс, на падставе яго можна праводзіць дэмакратычныя выбары. ЦВК мае права тлумачыць Выбарчы кодэкс і іншыя нарматыўна-прававыя акты, якія маюць дачыненьне да выбараў, дзеля іх аднолькавага прымяненьня (артыкул 33). Так, 15 чэрвеня 2001 году, Канстытуцыйны Суд даў лібэральнае тлумачэньне палажэньня артыкула 80 Канстытуцыі Беларусі аб ''грамадзяніне Рэспублікі Беларусь, які пастаянна пражывае ў Беларусі" і, дзейнічаючы на просьбу ЦВК, прыняў рашэньне, што Канстытуцыя не ўтрымлівае ніякіх забаронаў для ЦВК па рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах, нягледзячы на тое, што Пазьняк тры гады пражывае па-за межамі тэрыторыі Беларусі.

Праблематычныя і фундамэнтальна адмоўныя аспэкты прававых ўмоваў выбараў уключаюць у сябе:

— Праўленьне з дапамогай прэзыдэнцкіх дэкрэтаў — нягледзячы на тое, што Канстытуцыя (арткул 101, параграф 3) увогуле дазваляе прэзыдэнту прымаць дэкрэты ў "выпадках скрайняй неабходнасьці і важнасьці", як гэта прадэманстравалі дэкрэты нумар 8, 11, і 20. Такія дэкрэты парушаюць асноўную мэту канстытуцыйнай нормы, калі прэзыдэнт таксама зьяўляецца кандыдытам, і дэкрэты ўплываюць на працэс выбараў, у прыватнасьці, абмяжоўваючы правы іншых удзельнікаў выбарчай гонкі — палітычных партыяў, патэнцыйных кандыдатаў і грамадзкіх аб'яднаньняў.

— Недастаткова эфэктыўныя нормы, якія рэгулююць захаваньне таямніцы галасаваньня і адсутнасьць празрыстай працэдуры падліку галасоў — празьмерна дазваляльная працэдура датэрміновага галасаваньня; адсутнасьць асобнай працэдуры падліку галасоў пры датэрміновым галасаваньні перасоўнымі скрынямі; і поўная адсутнасьць дэтальнай інфармацыі аб выніках галасаваньня на выбарчых участках дзеля абгрунтаваньня вынікаў падліку галасоў на тэрытарыяльным, абласным узроўнях і на ўзроўні ЦВК.

— Палажэньні, якія абмяжоўваюць правы наглядальнікаў — забарона на правядзеньне прэсавых канфэрэнцый да заканчэньня дня галасаваньня; адсутнасьць права наглядаць за перадачай выніковых пратаколаў галасаваньня ў камісіі вышэйшага ўзроўню; адсутнасьць права набліжэньня да месцаў, дзе выбаршчыкі атрымліваюць бюлетэні для галасаваньня, дзе правяраюцца іхныя прозьвішчы, дзе робіцца адпаведны запіс і права на пэрыядычную праверку кабінаў для галасаваньня.

— Абмежаваньні па правядзеньню свабоднай і справядлівай выбарчай кампаніі — празьмернае рэгуляваньне выбарчай кампаніі, якое абмяжоўвае мажлівасьць кандыдатаў па данясеньню палажэньняў сваёй плятформы да выбаршчыкаў і абмяжоўвае мажлівасьць правядзеньня публічных дэбатаў падчас выбарчага працэсу. Прэзыдэнцкі дэкрэт нумар 11 (ад 7 траўня 2001 года) увёў дадатковыя абмежаваньні на свабоду выказваньня. Такім чынам, палітычныя партыі, прафсаюзы і іншыя зарэгістраваныя арганізацыі могуць арганізоўваць дэманстрацыі з удзелам больш як 1000 чалавек, толькі атрымаўшы папярэдні дазвол ад старшыні абласнога, гарадзкога ці Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. За парушэньне дадзенага дэкрэту партыя ці прафсаюз, якія зьяўляюцца арганізатарамі дадзенага мерапрыемства, могуць быць забароненыя.

— Абмежаваныя магчымасьці па аспрэчваньню рашэньняў ЦВК — Выбарчы кодэкс кажа, што толькі абмежаваная колькасьць рашэньняў ЦВК можа быць абскарджаная ў Вярхоўным Судзе, напрыклад, адмова ў рэгістрацыі кандыдата, згода з тым, што кандыдат здымае сваю кандыдатуру без адпаведнай прычыны ці прызнаньне выбараў несапраўднымі. У дадатак, існуе абмежаваньне ў часе, які па законе выдзяляецца для абскарджваньня, напрыклад, скарга аб непрызнаньні выбараў сапраўднымі павінна быць пададзеная ў ЦВК не пазьней за наступны дзень пасьля выбараў.

— Адсутнасьць незалежнасьці выбарчых камісіяў — Выбарчы кодэкс не падае дастатковай інстытуцыйнай незалежнасьці ЦВК і ніжэйшых камісій ад выканаўчай улады. Кодэкс кажа аб тым. што выканаўчая ўлада павінна падтрымліваць працу выбарчых камісій (артыкул 38). Аднак выканаўчая ўлада спрабавала кантраляваць і накіроўваць працу выбарчых камісіяў.

Пытаньні арганізацыі правядзеньня выбараў

За правядзеньне выбараў адказваюць выбарчыя камісіі, якія ўтвараюць пірамідападобную структуру, зьверху пачынаючы з ЦВК, а затым ідуць абласныя і менская гарадзкая (7) тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі (ТВК), затым раённыя, гарадзкія і гарадзкія раённыя камісіі (161), затым участковыя выбарчыя камісіі (УВК) — 6,753. З пункту гледжаньня арганізацыі выбараў іх падрыхтоўка была праведзена пасьпяхова, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону па фармаваньню камісіяў, рэгістрацыі кандытаў і выбаршчыкаў.

Згодна з законам "Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэфэрэндумаў" ад 30 красавіка 1998 года, ЦВК зьяўляецца незалежным органам. ЦВК усталёўвала роўнае прымяненьне Выбарчага кодэксу праз прыняцьце пастановаў і рашэньняў. Аднак ЦВК адмовілася прымаць пастановы, інструкцыі і рашэньні па паляпшэньню палажэньняў Выбарчага кодэксу, якія былі прызнаныя праблематычнымі падчас парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку 2000 году. Напрыклад, датэрміновае галасаваньне, падлік галасоў, правы наглядальнікаў. Выключэньнем сталася ўнясеньне з кастрычніку 2000 году станоўчых зьменаў у палажэньне аб галасаваньні па месцызнаходжаньні выбаршчыкаў.

ММАНВ была праінфармаваная і такім чынам запрошаная толькі на тры зь пяці паседжаньняў ЦВК, якія праводзіліся на працягу трох тыдняў перад днём галасаваньня. Аднак, Місія мела пастаянны кантакт з ЦВК і яе членамі. Нягледзячы на тое, што выбарчыя камісіі звычайна адказвалі на запыты з боку ММАНВ, было цяжка атрымліваць дэталёвую інфармацыю аб складзе камісіяў больш нізкага узроўню. Гэтыя заключэньні базуюцца на інфармацыі аб складзе 30 з 161 тэрытарыяльных гарадзкіх, раённых, гарадзкіх і гарадзкіх раённых і 6 абласных і менскай гарадзкой выбарчых камісіях. Колькасны аналіз паказвае, што амаль 81% іхнага складу — людзі, якія непасрэдна асацыююцца ці залежаць ад выканаўчых структураў (так званай "вэртыкалі").

ЦВК прадставіла наступную інфармацыю аб складзе выбарчых камісіяў:

— 168 ТВК — 2,179 членаў (1,094 жанчыны — 50,02%), зь якіх толькі 67 былі вылучаныя палітычнымі партыямі;

— 6,753 УВК — 78,407 членаў (50,616 жанчын — 64,56%), зь якіх толькі 172 былі вылучаныя палітычнымі партыямі;

Вылучэньне і прызначэньне членаў гэтых камісіяў адбылося яшчэ да таго, як распачала сваю працу ММАНВ. Аднак са скаргаў, накаваных грамадзянамі і аб'яднаньнямі, а таксама з абмежаваных статыстычных зьвестак, прыведзеных вышэй, становіцца зразумела, што працэс прызначэньня камісіяў цяжка назваць сбалянсаваным. Выбарчы кодэкс ня здолеў гарантаваць прадстаўніцтва розных палітычных інтарэсаў у камісіях.

Выбарчы кодэкс прадугледжвае незалежнасьць выбарчых органаў ад нацыянальнай і мясцовых уладаў (артыкул 11), а таксама дакладны падзел роляў выбарчых камісіяў і падтрымку мясцовых выканаўчых органаў. Роля апошніх складаецца выключна ў прадстаўленьні памяшканьняў камісіям і аказаньні ім тэхнічнай дапамогі дзеля стварэньня нармальных умоваў правядзеньня выбарчай кампаніі кандыдатамі і г.д. З мэтай лепшай каардынацыі дзеяньняў Выбарчы кодэкс прадугледжвае мажлівасьць уключэньня ў камісіі выканаўчымі камітэтамі свайго прадстаўніка (артыкул 35). Аднак замест аказаньня прадугледжанай законам падтрымкі мясцовыя выканаўчыя ўлады кантралявалі працу камісіяў. Такое "шчыльнае" супрацоўніцтва заўсёды тлумачыцца практычнымі і тэхінічнымі прычынамі.

Рэгістрацыя выбаршчыкаў

Паводле зьвестак на 4 верасьня, агульная колькасьць выбаршчыкаў, унесеных у сьпіс для галасаваньня, складала 7 221 434 чалавека. Яны змогуць прагаласаваць на 6 753 выбарчых участках у Беларусі і 37 — за мяжой. Колькасьць выбаршчыкаў амаль пароўну разьмярковаецца па ўсёй краіне. Толькі ў горадзе Менску — найбольшым па колькасьці выбаршчыкаў рэгіёне — зарэгістравана на 5% болей выбрашчыкаў, чым у самым маленькім па колькасьці выбаршчыкаў рэгіёне.

Заканадаўчыя нормы і пастановы ЦВК адносна складаньня сьпісаў выбаршчыкаў ня могуць цалкам гарантаваць уключэньне кожнага выбаршчыка ў сьпіс толькі на адным выбарчым участку.

ЦВК праінфармавала ММАНВ аб тым, што колькасьць надрукаваных бюлетэняў для галасаваньня перавышае колькасьць выбаршчыкаў прыкладна на 7%. Замова ў Дом друку была падрыхтаваная паводле запытаў з абласных і Менскай гарадзкой выбарчых камісіяў.

Рэгістрацыя кандыдатаў

Для збору неабходных для рэгістрацыі кандыдата 100 тысяч ЦВК зарэгістравала ініцыятыўныя групы 22 кандыдатаў. У выніку 16 зь іх прадставілі сабраныя подпісы на праверку ў гарадзкія і раённыя выбарчыя камісіі. Нягледзячы на запозьненае запрашэньне беларускімі ўладамі АБСЭ/БДІПЧ, што не дазволіла ММАНВ наглядаць за поўным працэсам рэгістрацыі кандыдатаў, ММАНВ азнаёмілася са скаргамі адносна працэсу збору подпісаў і адзначыла наступныя вынікі: (1) факты неправамернага ўдзелу мясцовых чыноўнікаў у рэгістрацыі падпісных лістоў; (2) правядзеньне агітацыі сярод працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў; (3) забарона наглядальнікам назіраць за працэсам збору подпісаў; (4) перашкоды падчас працэсу збору подпісаў. У сытуацыі зь неправамерным удзелам мясцовых чыноўнікаў у рэгістрацыі падпісных лістоў ЦВК прымала рашэньні аб перадачы справы ў адпаведную ТВК. У апошнім выпадку камісія перадала скаргу ў пракуратуру. Што тычыцца іншых скаргаў, ЦВК не знайшла дастатковых доказаў па задаволеньню скаргаў.

У выніку 14 жніўня ЦВК зарэгістравала 4 кандыдаты: дзейснага Прэзыдэнта А.Лукашэнку, У.Ганчарыка, старшыню Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, былога старшыню выканкаму Гарадзенскай вобласьці С.Домаша і лідэра Лібэрал-дэмакратычнай партыі Беларусі С.Гайдукевіча. У адпаведнасьці з пагадненьнем, дасягнутым паміж шырокай кааліцыяй апазыцыйных партыяў, асацыяцыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў, 22 жніўня С.Домаш зьняў сваю кандыдатуру на карысьць У.Ганчарыка, агульнага ці "адзінага дэмакратычнага кандыдата". У выбарчыя бюлетэні былі ўнесеныя прозьвішчы толькі трох кандыдатаў. Такім чынам, на гэтых выбарах грамадзяне Беларусі маюць сапраўдны выбар.

Спрэчны прэзыдэнцкі дэкрэт №20, які тычыцца прадастаўленьня дэклярацыяў аб даходах і ўласнасьці кандыдатаў і іхных сваякоў, не ўжываўся з мэтай дыскваліфікацыі кандыдатаў.

Выбарчая кампанія

Жорсткія абмежаваньні, накладзеныя існуючай прававымі і адміністрацыйнымі рамкамі правядзеньня выбараў, разам з канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі дзейснага Прэзыдэнта тлумачаць наяўнасьць няроўнага палітычнага спаборніцтва. Кожны кандыдат павінен атрымаць сумму дзяржаўных грошай, эквівалентную прыкладна 12 500 даляраў, на правядзеньне кампаніі. Кандыдатам не дазваляецца выкарыстоўваць іншыя фінансавыя крыніцы, акрамя тых, якія паступілі ў агульны выбарчы фонд і якія былі разьмеркаваныя пароўну паміж кандыдатамі. Прэзыдэнцкі дэкрэт №11 яшчэ больш абмежаваў магчымасьць правядзеньня кандыдатамі публічных масавых сустрэчаў са сваімі выбаршчыкамі.

Афіцыйная кампанія пачалася адразу пасьля рэгістрацыі кандыдатаў 14 жніўня. На позьніх стадыях кампаніі праводзіліся нешматлікія мерапрыемствы. У прыватнасьці, 4 верасьня ў Менску адбылася сустрэча дзейснага Прэзыдэнта (прыкладна 2 500 тысячы ўдзельнікаў), а 3 верасьня сустрэча Ў.Ганчарыка прыкладна з 3 000 выбаршчыкаў у Менску. І Ганчарык, і Гайдукевіч праводзілі меншыя па колькасьці прысутных сустрэчы ў рэгіянальных цэнтрах, дзе ў некаторых выпадках улады заплюшчвалі вочы на тое, што арганізатары не атрымалі папярэдняга дазволу на правядзеньне падобных акцыяў. Акрамя гэтых фактаў, ні ў Менску, ні ў рэгіёнах не было заўважана рысаў правядзеньня сапраўднай кампаніі. Кандыдат Лукашэнка, якога падтрымлівалі дзяржнаўныя органы і СМІ, дамінаваў у выбарчай кампаніі.

Тон выбарчай кампаніі стаўся больш напружаным і нэгатыўным з набліжэньнем выбарчага пэрыяду. У.Ганчарык папярэджваў аб маючых адбыцца фальсыфікацыях падчас датэрміновага галасаваньня, казаў пра небясьпеку арышту главы свайго выбарчага штабу, а таксама пра тое, што ЦВК можа зьняць яго з выбарчай гонкі на падставе нейкіх злоўжываньняў Выбарчым кодэксам. Падобным чынам Прэзыдэнт пагражаў дэпартаваць кіраўніка місіі КНГ АБСЭ і абвінаваціў краіны "сьпелай дэмократыі'' ў "атацы" на Беларусь, што стала вынікам стрымліваньня эканамічнага разьвіцьця краіны. Некаторыя публічныя выказваньні вышэйшых асобаў у выбарчых адміністрацыйных структурах як мінімум ствараюць уражаньне прадузятасьці выбарчых камісіяў, напрыклад, словы старшыні ЦВК Л.Ярмошынай аб тым, што параза дзейснага Прэзыдэнта на выбарах будзе ''асабістай трагедыяй" для яе.

Падчас тыдняў перад выбарамі практычна адсутнічалі бачныя прыкметы публічнага распаўсюджваньня мабілізацыйных перадвыбарчых матэрыялаў. Плякаты можна было вешаць толькі на абмежаванай колькасьці адведзеных месцаў, інакш яны штодня зрываліся камунальнымі службамі ці, як сьцьвярджалі прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў, спэцслужбамі. Аднак ЦВК здолела паінфармаваць выбаршчыкаў аб працэдуры галасаваньня праз сваю публічную інфармацыйную кампанію з выкарыстаньнем палітычна нэўтральных плякатаў і тэлевізійных ролікаў.

ММАНВ была таксама глыбока занепакоеная ўзроўнем перасьледу палітычнай апазыцыі і ўнутраных назіральнікаў. Былі зафіксаваныя факты адбіраньня офіснага абсталяваньня і агітацыйных матэрыялаў, частых падатковых праверак і затрыманьня асобаў, у якіх былі знойдзеныя матэрыялы, кваліфікаваныя як абразьлівыя супраць Прэзыдэнта. Усе гэтыя інцыдэнты аказвалі нэгатыўны ўплыў на і так мінімальны ўзровень публічнай агітацыі.

У краіне назіраліся значныя падвышэньні колькасьці і крыніцаў апытаньняў грамадзкай думкі непасрэдна перад 13 жніўня — днём, калі па закону наступіла забарона публікацыяў вынікаў грамадзкіх апытаньняў. Апытаньні адлюстроўвалі шырокія разыходжаньні паміж інфармацыйнымі крыніцамі, даступнымі для насельніцтва ў СМІ. Вынікі апытаньняў, надрукаваных у дзяржаўных мас-мэдыях, напрыклад, у "Народной газете" ад 30 жніўня, ўказвалі на "гарантаваную перамогу Лукашэнкі ў першым туры (65-70%)". I, наадварот, вынікі апытаньняў, надрукаваныя ў незалежных, ці апазыцыйных СМІ, паказвалі на меншы адрыў у галасах апазыцыйных кандыдатаў.

Сродкі масавай інфармацыі

Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі дамінуюць у сфэры электронных і друкаваных СМІ. Дзяржаўныя радыё і тэлебачаньне зьяўляюцца асноўнымі крыніцамі інфармацыі аб палітычным жыцьці краіны. Іншыя электронныя СМІ, якія маюць значны ўплыў, такія як расійскія тэлевізійныя каналы, а таксама некаторыя FM-радыёстанцыі, не прадстаўлялі выбаршчыкам дастатковай інфармацыі адносна выбарчага працэсу ажно да апошняга тыдня кампаніі. Адзінай альтэрнатыўнай крыніцай палітычнай інфармацыі зьяўляліся незалежныя друкаваныя СМІ. Аднак з-за больш высокіх коштаў у параўнаньні з коштамі на дзяржаўныя газэты і абмежаванага распаўсюду яны аказаліся ў невыгодным становішчы, што часта перакрывала доступ да іх шырокаму грамадзтву.

Наглядальная рада па інфармацыйных спрэчках, створаная пры ЦВК, мае мандат разглядаць усе скаргі, зьвязаныя з правядзеньнем кампаніі ў мас-мэдыях. Рада разгледзела шэраг скаргаў апазыцыйных кандыдатаў аб няроўных умовах спаборніцтва. Паводле інфармацыі, атрыманай ММАНВ ад ЦВК, толькі адна скарга, якая тычылася выступу кандыдата, была задаволеная на карысьць кандыдата Гайдукевіча. Ён падаў скаргу ў сувязі з інтэрвію прадстаўніка расейскай Дзярждумы Жырыноўскага, якое было паказанае па Беларускаму тэлебачаньню і надрукаванае ў "Народной газете". У гэтым інтэрвію Жырыноўскі абвінаваціў Гайдукевіча ў шэрагу неправамерных дзеяньняў. 27 жніўня назіральная рада ЦВК задаволіла скаргу Гайдукевіча і абавязала Беларускае тэлебачаньне і "Народную газету" прадставіць кандыдату бясплатны эфірны час і газэтную плошчу для абвяржэньня абразьлівай інфармацыі. Замест таго, каб выканаць рашэньне ЦВК, 28 жніўня Беларускае тэлебачаньне ізноў паказала згаданае інтэрвію, такім чынам робячы насьмешку з рашэньня ЦВК.

Незалежныя СМІ знаходзіліся пад эканамічным і прававым ціскам ад пачатку кампаніі. Варта адзначыць часовае прыпыненьне дзейнасьці друкарні "Мэджык", у якой выдаюцца агульнанацыянальныя і незалежныя газэты. Празь некалькі дзён "Мэджык" усё ж узнавіла сваю працу, але на чале з новым дырэктарам, які больш спачувае ўладам і які пазьней прадпрыняў дзеяньні, падобныя да цэнзуры. ММАНВ задакумэнтавала больш за 20 выпадкаў парушэньняў свабоды выказваньня і інфармацыі, датычныя незалежных і апазыцыйных СМІ падчас перадвыбарчага пэрыяду. Гэтыя парушэньні ўключалі шматразовыя праверкі падатковымі інспэкцыямі, адыманьне і крадзеж кампутарнага абсталяваньня, канфіскацыю газэтных накладаў, закрыцьцё рэдактарскіх офісаў, умяшальніцтва ў рэдактарскую працу, што падобна на цэнзуру, і затрыманьне журналістаў.

Паводле паведамленьняў СМІ, 4 верасьня падчас публічнай сустрэчы ў Менску з 2 500 выбаршчыкамі з усёй краіны Прэзыдэнт Лукашэнка выказаў пагрозы наступнага кшталту: "...Мы должны все это перетерпеть... Если только мы сейчас прикроем кого-то... — Они на это нарываются... Они на это идут... От Вика до этих желтых страниц... Мы не должны сейчас это делать... Мы призовем их к ответу после выборов..."

ММАНВ праводзіў маніторынг 4 тэлевізійных каналаў і 1 радыёстанцыі, а таксама 8 друкаваных СМІ: дзяржаўнага Беларускага тэлебачаньня, 1-га каналу дзяржаўнага беларускага радыё, 3 расійскіх тэлевізійных каналаў — ОРТ, РТР і НТВ, 4 дзяржаўных газэт — "Советской Белоруссии", "Рэспублікі", "Звязды" і "Народной газеты", 4 незалежных газэт — "Народнай волі", "Нашай свабоды", "БДГ" і "Комсомольской правды в Белоруссии".

Было выкананае патрабаваньне закону аб прадастаўленьні бясплатнага і платнага эфірнага часу, а таксама газэтнай плошчы на роўных умовах для ўсіх кандыдатаў з мэтай звароту да выбаршчыкаў. Прэзыдэнт Лукашэнка вырашыў адмовіцца ад гадзіны эфірнага часу для папярэдняга запісанага звароту, які быў прадастаўлены ўсім кандыдатам на дзяржаўным тэлебачаньні. Аднак 5 верасьня "Советская Белоруссия", дзяржаўная газэта з самым вялікім накладам, надрукавала перадвыбарчую плятформу Лукашэнкі, амаль удвая павялічыўшы наклад ад з 350 тысяч да 629 тысяч. У Менску газэта была распаўсюджаная бясплатна.

Маніторынг, праведзены ММАНВ, паказвае высокі працэс асьвятленьня кампаніі Прэзыдэнта Лукашэнкі ў дзяржаўных СМІ, пераважна ў пазытыўным тоне. Большасьць дзяржаўных газэтаў і дзяржаўнае тэлебачаньне толькі між іншым узгадваюць кандыдатаў і ў асноўным ў нэгатыўным тоне. Дзейнасьць апазыцыйных кандыдатаў асьвятляецца абмежаванай колькасьцю апазыцыйна арыентаваных газэтаў. Так, выбаршчыкі былі пазбаўленыя мажлівасьці атрымліваць дастатковую інфармацыю пра кандыдатаў з СМІ.

Назіральнікі

Парасонавая структура "Беларуская ініцыятыва—Незалежнае назіраньне" (НН) здолела прыцягнуць да маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў больш за 10 000 унутраных наглядальнікаў. Іншая група грамадзкіх аб'яднаньняў на чале зь Беларускім патрыятычным саюзам моладзі (БПСМ) і падтрыманая Рэспубліканскай каардынацыйнай радай таксама зарэгістравалі тысячы наглядальнікаў.

Падчас апошняй стадыі перадвыбарчага працэсу Міністэрства юстыцыі выступіла з заявай супраць "Вясны", аднаго зь вядучых грамадзкіх аб'яднаньняў у "Незалежным назіраньні", датычных парушэньняў працэдуры вылучэньню наглядальнікаў. "Вясна" і 7 іншых грамадзкіх аб'яднаньняў атрымалі папярэджаньне за парушэньні, якія быццам мелі месца. Падчас паседжаньня ЦВК 8 верасьня, на якім разглядаліся гэтыя выпадкі, старшыня "Вясны" прапанаваў вырашыць праблему ў той самы вечар, але прапанова была адкінутая. У выніку ЦВК пазбавіла рэгістрацыі каля 2 000 назіральнікаў ад "Вясны". Тым ня менш 2 іншыя грамадзкія аб'яднаньні атрымалі час да канца таго вечара на вырашэньне праблемы.

Група "Беларуская ініцыятыва—Незалежнае назіраньне'' ініцыявала правядзеньне паралельнага падліку галасоў (ППГ) вынікаў выбараў, заснаваных на зьвестках рэпрэзэнтатыўнай выбаркі 500 выбарчых участкаў. Шырокае неразуменьне таго, што такое ППГ прывяло да адкрытай варожасьці з боку ўладаў. Мэтадалёгія ППГ характарызавалася або як абстрактны і нават менш за навуковы экспэрымэнт, які ня мае нічога агульнага з сапраўдным працэсам падліку галасоў або, як прыклад найбольш рэзкіх выказваньняў, ППГ называлі "шарлятанствам" і спробай справакаваць маштабныя грамадзкія беспарадкі. Апошняя цытата належыць старшыні ЦВК.

Міністэрства юстыцыі ўмяшалася ў працэс, зрабіўшы шэраг публічных заяваў аб тым, што апытаньне выбаршчыкаў, выходзячых з участкаў зьяўляецца незаконным у адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам. Міністэрста пераблытала паняцьце ППГ з паняцьцем "апытаньне" на выхадзе і, такім чынам, рызыкуе дапусьціць сур'ёзныя злоўжываньні правамі наглядальнікаў 9 верасьня. Выбарчы кодэкс надае наглядальнікам права прысутнічаць пры падліку галасоў, знаёміцца з пратаколамі вынікаў галасаваньня і рабіць копіі гэтых пратаколаў за свой уласны кошт. У той час як выбарчыя камісіі зьяўляюцца адзінымі органамі, якія, згодна з заканадаўствам, могуць праводзіць падлік галасоў і аб'яўляць афіцыйныя вынікі, у кодэксе няма палажэньняў, якія б не дазвалялі наглядальнікам падлічваць вынікі галасаваньня на выбарчых участках, дзе яны знаходзіліся, падсумоўваючы вынікі на раённым і абласным узроўнях і затым абвяшчаючы вынікі свайго падліку. Улічваючы заклапочанасьць, якую выклікае ППГ, ММАНВ заклікаў беларускія ўлады зьняць патрэбу правядзеньня ППГ праз апублікаваньне ня толькі агульных вынікаў галасаваньня, але і выніковых пратаколаў галасаваньня на кожным выбарчым участку з тым, каб паказаць, якім чынам утварылася канчатковая выніковая лічба пры галасаваньні. Падобная празрыстасьць магла б забясьпечыць давер з боку наглядальнікаў і выбаршчыкаў у Беларусі, што зрабіла б ППГ непатрэбным.

Артыкул 13 Выбарчага кодэксу, а таксама пастанова ЦВК ад 8 чэрвеня 2001 г. вызначаюць правы ўнутраных і міжнародных наглядальнікаў. Адно з палажэньняў гэтых прававых дакумэнтаў неапраўдана абмяжоўвае магчымасьць правядзеньня міжнароднымі наглядальнікамі прэсавых канфэрэнцыяў ці рабіць камэнтары для СМІ па пытаньнях, якія, напрыклад, тычацца заканадаўчых рамак правядзеньня гэтых выбараў, да дня галасаваньня. Іншыя неабгрунтаваныя абмежаваньні, такія як палажэньні Артыкула 13 аб тым, што "наглядальнікі ня маюць права... знаходзіцца ў непасрэднай блізкасьці ад сталоў, дзе выдаюцца бюлетэні для галасаваньня, кабін і скрыняў для галасаваньня", будуць перашкаджаць МАНВ праводзіць эфэктыўнае нагляданьне ў дзень выбараў.

Спрэчныя пытаньні, скаргі і апэляцыі

Выбарчы кодэкс мае шэраг палажэньняў, якія прызнаюць за выбаршчыкамі, наглядальнікамі, а таксама кандыдатамі, іхнымі даверанымі асобамі ды ініцыятыўнымі групамі права падачы скаргаў у выпадках парушэньня Выбарчага кодэксу і падачу апэляцый па некаторых пытаньнях, якія прымаюцца выбарчымі камісіямі. У той час як асобныя грамадзяне маюць дастаткова абмежаванае права падаваць скаргі ў выбарчыя органы, ня ўсе тыпы скаргаў могуць разглядацца судовымі інстанцыямі. Напрыклад, на рашэньне выбарчай камісіі па скарзе наглядальніка аб падазрэньнях пра парушэньне Выбарчага кодэксу і падліку галасоў апэляцыя можа быць пададзеная толькі ў адпаведную ці вышэйшую выбарчую камісію альбо ў пракуратуру.

МАНВ разгледзела 136 скаргаў і заяваў, дасланых у ЦВК, а таксама каля 70 скаргаў і заяваў, пададзеных у ніжэйшыя выбарчыя камісіі і пракуратуру на мясцовым, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях да дня выбараў. Гэтыя скаргі й заявы былі атрыманыя ад унутраных назіральнікаў, праваабарончых арганізацыяў, асобных выбаршчыкаў, кандыдатаў ці іхных давераных асобаў і КНГ АБСЭ. Да 9 верасьня КНГ атрымала больш за 300 скаргаў. Увогуле разгледжаныя скаргі й заявы былі напісаныя ў адказ на падазрэньні ў парушэньнях Выбарчага кодэксу падчас фармаваньня і працы выбарчых камісій, уключаючы скаргі, адносна доступу ўнутраных назіральнікаў, незаконнага правядзеньня кампаніі і выкарыстаньня агітацыйных матэрыялаў альбо праблемаў з СМІ. Амаль што ва ўсіх выпадках адказаў ЦВК, якія аказаліся ў распараджэньні МАНВ, ЦВК не знайшла ніякіх парушэньняў альбо дастатковых фактаў для іхнага разгляду. У асноўным ЦВК разглядала скаргі на працягу вызначаных законам трох дзён ці на працягу 10 дзён, калі адпаведныя факты патрабавалі праверкі. Шмат адказаў ЦВК не ўтрымлівалі спасылкі на палажэньні закону, на падставе якіх прымалася рашэньне, вельмі рэдка прадстаўляючы цалкам абгрунтаваныя рашэньні.

Скаргі на адсутнасьць доступу наглядальнікаў да паседжаньняў выбарчых камісій пастаянна не задавольваліся. У шэрагу скаргаў наглядальнікі сьцьвярджалі, што выбарчыя камісіі папросту не інфармавалі іх аб сваіх паседжаньнях. ЦВК вырашыла, што ва ўсіх выпадках выбарчыя органы дзейнічалі ў адпаведнасьці з законам. Напрыклад, у адказ на скаргі, якія паступілі ў ЦВК 1 і 2 жніўня зь Берасьцейскай і Магілёўскай вобласьцяў, у якіх сьцьвярджалася, што раённымі выбарчымі камісіямі былі парушаныя правы наглядальнікаў, паколькі наглядальнікі не былі дапушчаныя да паседжаньняў выбарчых камісіяў, ЦВК прыняла рашэньне аб тым, што наглядальнікі мелі права прысутнічаць толькі падчас афіцыйных паседжаньняў выбарчых камісій, а не падчас звычайнага разгляду дакумэнтаў.

Датэрміновае галасаваньне

Празьмерна дазваляльныя нормы датэрміновага галасаваньня робяць выбарчы працэс адкрытым для мажлівых маніпуляцый. Артыкул 53 Выбарчага кодэксу не патрабуе апраўданьня, дакумэнтальнага сведчаньня ці іншых дзеяньняў дзеля таго, каб прагаласаваць датэрмінова. Палажэньне аб датэрміновым галасаваньні ператварыла выбары 9 верасьня ў 6-дзённы працэс. Датэрміновае галасаваньне можа мець месца на ўсіх выбарчых участках на ўсёй тэрыторыі краіны і ў прысутнасьці як мінімум толькі 2 членаў выбарчай камісіі, хаця прысутнічаць пры гэтым могуць і назіральнікі. Напрыканцы кожнага дня датэрміновага галасаваньня не падрыхтоўваюцца пратаколы аб выніках галасаваньня, а скрыні для бюлетэняў апячатваюцца і захоўваюцца ўначы. Аднак на выбарчых участках няма спэцыяльных пячатак, і ЦВК ня выдала адпаведных інструкцый дзеля забесьпячэньня бясьпекі захаваньня скрыняў уначы. Існуе патрабаваньне, каб пасьля галасаваньня 9 верасьня скрыні для датэрміновага галасаваньня, галасаваньня ў хаце і скрыні, якая знаходзяцца на ўчастку ў дзень галасаваньня, адчыняліся паасобку з асобным падлікам колькасьці галасоў і адлюстраваньнем паасобных вынікаў у пратаколе. Наглядальнікі ня маюць доступу да рабочых пратаколаў. Толькі агульная лічба з усіх скрыняў запісваецца ў канчатковы і афіцыйны пратакол выбарчай камісіі, які прадстаўляецца наглядальнікам. Гэтыя выніковыя пратаколы не зьмяшчаюць інфармацыю аб агульнай колькасьці бюлетэняў, якія знаходзіліся ў кожнай скрыні для датэрміновага галасаваньня, галасаваньня ў хаце і тых, якія знаходзяцца на ўчастку ў дзень галасаваньня.

МАНВ засьведчыла правядзеньне датэрміновага галасаваньня на больш чым 600 выбарчых участках краіны, у якім у сярэднім удзельнічала 18% выбаршчыкаў. Больш за 30% выбаршчыкаў прыйшлі ў Гарадзенскай вобласьці. Напрыканцы датэрміновага галасаваньня 8-га верасьня ЦВК абвесьціла, што ў датэрміновых выбарах прынялі ўдзел 14,7% выбаршчыкаў.

Амаль на 90% выбарчых участках, якія наведалі прадстаўнікі МАНВ, выбарчыя бюлетэні мелі подпіс на адвароце, зроблены напярэдадні членамі камісіі ў парушэньне Выбарчага кодэксу. Унутраныя наглядальнікі не прысутнічалі на 49% выбарчых участкаў, якія наведалі прадстаўнікі МАНВ. На 45% выбарчых участкаў прысутнічалі людзі, якія ня мелі на тое дазволу, а ў бальшыні момантаў (93%) прысутнічалі міліцыянты.

Дзень выбараў і падлік галасоў

Прадстаўнікі МАНВ наведалі больш за 1000 выбарчых участкаў 9 верасьня. Наступныя камэнтары заснаваныя на прыблізна 80% апрацаваных зьвестак з выбарчых участкаў. Аднак, на час напісаньня гэтай заявы, МАНВ не апрацаваў камэнтароў па прадстаўленых справаздачах.

Міжнародныя наглядальнікі ацанілі правядзеньне выбараў на "добра" ці "выдатна" на 70% выбарчых участкаў, якія яны наведалі. На 86% выбарчых участкаў галасуючых прасілі паказаць свае дакумэнты; выбаршчыкі ставілі свой подпіс у кнізе ў 87% выпадкаў, а таямніца галасаваньня захоўвалася ў 79% выпадкаў. Аднак, на 26% выбарчых участкаў, якія наведалі прадстаўнікі МАНВ, назіралася групавое галасаваньне; у 45% выпадкаў бюлетэні былі падпісаныя на адвароце да пачатку галасаваньня; а ў 15 % выпадкаў прысутнічалі людзі, якія ня мелі на гэта дазволу і аказвалі дапамогу або накіроўвалі працу камісіі.

На час падрыхтоўкі гэтай папярэдняй заявы МАНВ яшчэ не апрацаваў справаздачы аб падліку галасоў, якія прадставілі назіральнікі.

Складаньне вынікаў

Палажэньні Выбарчага кодэксу аб складаньні вынікаў галасаваньня на раённым. абласным і нацыянальным узроўнях не зьяўляюцца дастаткова празрыстымі, каб забясьпечыць правядзеньне незалежнай праверкі выбаршчыкамі, прадстаўнікамі кандыдатаў і наглядальнікамі. ЦВК мае абавязак надрукаваць толькі агульныя падсумаваньні вынікаў галасаваньня па ўсёй краіне без прадастаўленьня на ўзроўні кожнага раёну і вобласьці дэтальных вынікаў галасаваньня на кожным выбарчым участку з мэтай абгрунтаваньня агульных абвешчаных вынікаў. Падчас папярэдніх выбараў гэты недахоп празрыстасьці выклікаў пытаньні аб сапраўднасьці абвешчаных вынікаў. На жаль, улады Беларусі адмовіліся выпраўляць гэты фундамэнтальны недахоп у выбарчым працэсе ў краіне на час прэзыдэнцкіх выбараў.

Гэтая заява таксама існуе на расейскай мове, аднак толькі ангельская вэрсія зьяўляецца афіцыйнай.


ІНФАРМАЦЫЯ АБ МІСІІ І ВЫКАЗВАННЕ ЎДЗЯЧНАСЦІ

Місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ (АБСЭ/БДІПЧ) па абмежаванаму назіраньню за прэзыдэнцкімі выбарамі прыехала ў Менск 17-га жніўня і непасрэдна пасьля гэтага распачала працэс маніторынгу выбарчага працэсу з 27 экспэртамі і доўгатэрміновымі наглядальнікамі, якія выехалі ў 7 рэгіёнаў, а таксама засталіся ў сталіцы. У Місію ўваходзяць прадстаўнікі 20 краінаў-удзельніц АБСЭ: Баўгарыі, Харватыі, Даніі, Нямеччыны, Італіі, Кыргыстану, Літвы, Македоніі, Нідэрляндаў, Польшчы, Румыніі, Расеі, Славакіі. Швэцыі, Швайцарыі, Таджыкістану, Украіны, Югаславіі, Вялікай Брытаніі і ЗША. У дзень выбараў ММАНВ накіравала 293 наглядальнікі, зь якіх 57 прадстаўлялі Парлямэнцкую асамблею АБСЭ. 12 — Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы, і 10 — Эўрапарлямэнт, прадастаўляючы розны палітычны спэктар. ММАНВ правяла нагляданьне за працэсам галасаваньня і падліку галасоў на больш чым 1000 выбарчых участках.

Дзякуючы шчодраму дабрачыннаму ўнёску краінаў-удзельніц АБСЭ, АБСЭ/БДІПЧ змагла накіраваць асноўную групу яе сяброў і доўгатэрміновых наглядальнікаў, уключаючы прадстаўнікоў краін пераходнага пэрыяду, каб яны змаглі прыняць удзел у доўгатэрміновым зтапе працы ММАНВ, і 47 наглядальнікаў, якія прынялі удзел у кароткатэрміновым этапе нагляданьня.

Гэтая заява аб папярэдніх выніках і заключэньнях падрыхтаваная да атрыманьня выніковага пацьверджаньня вынікаў галасаваньня і да поўнага аналізу вынікаў нагляданьня. АБСЭ/БДІПЧ падрыхтуе больш падрабязную справаздачу па гэтых выбарах прыкладна празь месяц пасьля завяршэньня выбарчага працэсу.

ММАНВ жадае падзякавакаць КНГ АБСЭ ў Беларусі, а таксама амбасадам краінаў-сяброў АБСЭ, сябрам Эўрапейскага Зьвязу і Рады Эўропы за падтрымку ў працы місіі.

ММАНВ жадае выказаць сваю падзяку Міністэрству Замежных Справаў, Цэнтральнай выбарчай камісіі ды іншым цэнтральным і мясцовым уладам за дапамогу і супрацоўніцтва ў часе правядзеньня нагляданьня.

Дзеля атрыманьня далейшай інфармацыі просім зьвяртацца да:
• Граера Бальяна, главы Місіі АБСЭ/БДІПЧ па абмежаванаму назіраньню за прэзыдэнцкімі выбарамі тэл. +270-72-88: e-mail: odihr.observe@osce.org.by
• Пэтэра Зіха, другога сакратара Камітэту палітычных пытаньняў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. +33-670-16-28-52;
• Пэнці Вэванэна, намесьніка Генэральнага Сакратара (+358-40-77-88-66-4);
• Яна Ёрэна, прэсавага сакратара Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, +45-33-37-80-40;
• Гэнрыка Ольсэна, галоўнага адміністратара, Эўрапарлямэнт, +32-3-284-2779;
• Енса-Хагена Эшэнбэхера, прэсавага сакратара БДІПЧ, +48-603-683-122 (мабільны тэлефон)
XS
SM
MD
LG