Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПРА ТОЕ, ХТО БУДЗЕ ПРЭЗЫДЭНТАМ БЕЛАРУСІ ПРАЗЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ: "НІЧОГА НЕМАЖЛІВАГА НЯМА"


Юры Сьвірко, Менск

Сваю паўтарагадзінавую прэсавую канфэрэнцыю Аляксандар Лукашэнка скончыў паведамленьнем, што разам зь іншымі ў залі Палаца Рэспублікі з нагоды ягонай перамогі пляскаў у далоні амбасадар Нямеччыны ў Менску. На жаль, пацьвердзіць гэтага я не магу, бо мяне, як і карэспандэнтаў агенцтва БелаПАН і газэты "Народная воля", далей за прэсавы цэнтар не пусьцілі. Але там я пабачыў больш цікавае — рэакцыю журналістаў на прамову спадара Лукашэнкі.

(Лукашэнка: ) "Улада прадэманстравала сілу й арганізаванасьць, а беларускі народ — мудрасьць і пасьлядоўнасьць. Гэта — элегантная перамога".

(Журналісты рагочуць.)

Аляксандар Лукашэнка падзякаваў сваім выбарцам за давер і паабяцаў, што яны пра свой выбар шкадаваць ня будуць. Іншым выбарцам ён пажадаў "прыемнага расчараваньня сваёй пазыцыяй", а Ўладзімера Ганчарыка спадар Лукашэнка заклікаў паступіць дастойна — як Сяргей Гайдукевіч.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі спадар Гайдукевіч пацьвердзіў, што прызнае вынікі выбараў.

Журналісты ў прэсавым цэнтры зьвярнулі ўвагу на яшчэ адну Лукашэнкаву заяву:

(Лукашэнка: ) "Я думаю, што нават сьляпы, прабачце мне, мог бы... ня можа ня бачыць таго пазытыўнага, што было на нашых прэзыдэнцкіх выбарах".

Далей спадар Лукашэнка заявіў, што "чалавецтва рэсурс на ўсялякія рэвалюцыі вычарпала" і што "лібэралізацыя ўсіх бакоў нашага жыцьця непазьбежная".

Ён таксама паабяцаў умацоўваць партыі ды патрымліваць журналістаў — "як і раней падтрымліваў". Аднак спадар Лукашэнка адразу папярэдзіў журналістаў, што не дазволіць абражаць беларускі народ і ягоны выбар.

Наконт зьнешняй палітыкі прамоўца зазначыў, што саюзныя стасункі з Расеяй застануцца прыярытэтам, а вось "Захад дапускаў памылкі, заганяючы сябе ў кут, а для Беларусі гэта таксама ненармальна". Паводле Лукашэнкі, ён гатовы да дыялёгу з Эўразьвязам і ЗША без усялякіх папярэдніх умоваў.

Высокі адсотак актыўнасьці выбарцаў ён лічыць рэакцыяй непрыняцьця зьнешняга ціску. "Брудныя тэхналёгіі ўпершыню пацярпелі гэткую зьнішчальную паразу", — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Ён дадаў, што калі б хацеў зрабіць шкоду альтэрнатыўным кандыдатам, дык правёў бы выбары 3 ліпеня, а так нібыта была дадзеная магчымасьць "перамагчы ў сумленнай барацьбе".

Спадар Лукашэнка заявіў: "Калі апазыцыя не змагла прадставіць народу аргумэнтаў — тут маёй віны няма".

Карэспандэнтка газэты "Советская Белоруссия" задала яму пытаньне, хто яшчэ павіншаваў яго зь перамогай, акрамя прэзыдэнта Расеі. Аляксандар Лукашэнка не згадаў ніводнага іншага прэзыдэнта, але пазьней на прэсавай канфэрэнцыі было агучанае віншаваньне грузінскага лідэра Эдуарда Шэварднадзэ. Спадар Лукашэнка вельмі ўзрадаваўся, бо прызнаў: "Шэварднадзэ больш жаданы на Захадзе госьць, чым Лукашэнка, таму ягоная пазыцыя мае значэньне".

На пытаньне маскоўскага тэлеканалу REN-TV, хто будзе прэзыдэнтам Беларусі празь пяць гадоў, ён адказаў усяго трыма словамі: "Нічога немажлівага няма".

Аднак вельмі двухсэнсоўна прагучаў Лукашэнкаў адказ на пытаньне брытанскага часопісу "The Economist" наконт існаваньня адмысловага пляну заходніх спэцслужбаў. "Белы бусел" — гэта наша птушка", — заявіў Аляксандар Лукашэнка, а потым паабяцаў сваёй радыёкарэспандэнтцы Ніне Чайцы, што й "чорных буслоў" ня будзе.

Што да Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі, дык спадар Лукашэнка нагадаў, што парлямэнцкія выбары адбыліся, прэзыдэнцкія таксама, і запытаў: "Што тут рабіць КНГ?" Праўда, калі кіраўнік КНГ АБСЭ Ганс-Георг Вік зробіцца "сябром Беларусі", дык Лукашэнка дазволіць яму тут застацца.

Карэспандэнт беларускага часопісу "Кур'ер" пацікавіўся ў спадара Лукашэнкі, ці ня мае прысмаку крыві ягоная "элегантная перамога". Вадзім Казначэеў меў на ўвазе забітых і зьніклых бязь вестак.

(Лукашэнка: ) "Няма ніякіх прысмакаў, акрамя нармальнай салодкай перамогі БЕЛАРУСКАГА народу, а не прэзыдэнта Беларусі".

(Казначэеў: ) "А канкрэтна вы можаце?"

(Лукашэнка: ) "Скажыце, калі ласка: калі крымінальная справа ўзбуджаная ў нейкай заходняй краіне — Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Нямеччыне — скажыце, вам дазволена ўлазіць у гэтую крымінальную справу, асабліва калі справа датычыць зьніклых бязь вестак людзей, і развальваць гэтую крымінальную справу, сьледзтва па якой ня скончанае й ідзе?"

Аляксандар Лукашэнка параіў зьвяртацца па камэнтар да гэтак званага праваабаронцы Яўгена Новікава, што выступае на дзяржаўным тэлебачаньні, але канкрэтнага адказу ня даў, сказаўшы: "Праз тыдзень-другі вы пра гэта забудзецеся".

Нагадаю, пасьля выбараў спадар Лукашэнка абяцаў прадставіць доказы таго, што апазыцыя фальсыфікуе справы зьніклых. Цяпер ён зноў абяцае:

(Лукашэнка: ) "Гэтых людзей знайсьці, знайсьці й прадставіць вам пэўныя доказы. Таму, як бачыце, пра кроў вам яшчэ рана казаць. Не шантажуйце сваякоў і блізкіх. Я сёньня не магу сказаць, што гэтых людзей няма ў жывых. А вы ўжо даўно прыгаварылі іх да сьмерці. Не сьпяшайцеся".

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што інтэграцыя з Расеяй ня зойдзе далей за дамоўленасьці пра саюзную дзяржаву. Новыя інтэграцыйныя ініцыятывы ён назваў непатрэбнымі й нават шкоднымі, але паведаміў, што найбліжэйшым часам скончыцца распрацоўка саюзнага канстытуцыйнага акту.


XS
SM
MD
LG