Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ІЗАЛЯЦЫЯ САМАГА РЭПРЭСІЎНАГА РЭЖЫМУ Ў ЭЎРОПЕ ЯШЧЭ БОЛЬШ ПАГЛЫБІЦЦА...”


Мікола Іваноў, Прага

Амэрыканская газэта New York Times:

“Толькі пасьля недапушчэньня шматлікіх назіральнікаў за выбарамі і нават у выніку цэнзуры Інтэрнэту, Александар Лукашэнка змог высунуць сябе ў якасьці пераканаўчага народнага абраньніка”.
“Дзеяньні лукашэнкаўскіх уладаў у апошнія гадзіны перадвыбарчай агітацыі вызначыліся арыштамі і запалохваньнем палітычных апанэнтаў і нават адмовай абнародваць дэталёвыя вынікі выбараў на ўчастках. Гэта цалкам супярэчыць таму, што Лукашэнка быў упэўнены ў сваёй падтрымцы”.

Амэрыканская Washington Post:

“Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, аўтакрат, які жорстка перасьледуе апазыцыю. Ён абвесьціў сваю перамогу сёньня ў выбарах, якія суправаджаліся шматлікімі абвінавачаньнямі ў фальсыфікацыі і злоўжываньнях”.

Эўрапэйская газэта Wall Street Journal Europe:

“Абвешчаная Лукашэнкам перамога сымбалізуе сабой паразу Захаду ў гэтай стратэгічна важнай краіне… Беларусь зьяўлялася палігонам у ціхай вайне паміж Масквой і заходнімі інстытутамі”.

Француская газэта Le Monde:

Газэта інфармуе сваіх чытачоў, што паводле інфармацыі беларускай апазыцыі Лукашэнка атрымаў толькі 46,7% галасоў, а кандыдат апазыцыі Ўладзімер Ганчарык 40,8% галасоў, і што павінен адбыцца другі тур”.

Ангельская Daily Telegraph:

“Некаторыя замежныя назіральнікі ў Менску сапраўды былі зацікаўленыя толькі ў тым, наколькі ж бессаромнай будзе прэзыдэнцкая каманда ў фальсыфікацыі выбараў: падвышаючы вынік Лукшэнкі да 60 і нават да 80%. Бальшыня лічыць, што ён і так бы выйграў выбары, але сапраўдны вынік ня будзе вядомы ніколі, таму што папярэдняе галасаваньне пачалося яшчэ ў аўторак, пакідаючы шмат часу для фальсыфікацыяў яшчэ да самога дня галасаваньня”.

Ангельская газэта Guardian:

“Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка напэўна ўчора ўвечары захаваў сваю дыктатарскую ўладу ў выніку спрэчных выбараў, якія Захад прызнае ў якасьці нелегітымных, а гэта яшчэ больш паглыбіць міжнародную ізаляцыю самага рэпрэсыўнага рэжыму ў Эўропе”.

Газэта International Herald Tribune:

“Перамога дасьць Аляксандру Лукашэнку другі пяцігадовы тэрмін і мандат на дасягненьне ягонай мэты – аб’яднаньня з Расеяй і, праўдападобна, далейшую ізаляцыю гэтай былой савецкай рэспублікі ад Захаду”.


XS
SM
MD
LG