Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК ЗАКЛІКАЕ НЕ РАЗГУБІЦЦА І НЕ РАСЧАРАВАЦЦА


Ганна Соусь, Менск

Скарга Ўладзімера Ганчарыка займае 30 старонак, складзеная яна на падставе сьведчаньняў, якія сабралі грамадзянская ініцыятыва "Незалежнае назіраньне", Беларускі Гельсынскі камітэт ды структуры штабу адзінага кандыдата. У скарзе пералічваюцца шматлікія парушэньні ў часе выбарчай кампаніі — ад фармаваньня тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў да падліку галасоў.

Парушэньнем назвалі і ўчорашнюю прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, якая адбылася праз гадзіну пасьля заканчэньня галасаваньня. На той час падлічылі зусім нязначную колькасьць галасоў, але ўжо тады Лукашэнка абвесьціў сябе пераможцам.

(Ганчарык: ) "Гэта недапушчальнае парушэньне Выбарчага кадэксу й Канстытуцыі Рэспублікі. Да абвяшчэньня афіцыйных вынікаў гэтак ня можна рабіць".

Уладзімер Ганчарык распавёў журналістам пра свае далейшыя дзеяньні:

(Ганчарык: ) "Улічваючы, што зьвесткі, якія мы агучылі ў сваёй заяве, сапраўдныя (можа быць адхіленьне ня больш за 2%), у мяне 40% галасоў, у Лукашэнкі 46%. Гэткім чынам, павінен адбыцца другі тур. Калі нашая скарга ня будзе прынятая, мы будзем дамагацца непрызнаньня вынікаў выбараў. Я мяркую, што выбары будуць нелегітымныя".

(Карэспандэнтка: ) "На што Вы разьлічваеце далей? Цэнтральная выбарчая камісія Вашай скаргі не прызнае..."

(Ганчарык: ) "Не прызнае".

(Карэспандэнтка: ) "Вулічныя акцыі масавымі ня будуць, міжнародныя арганізацыі не прызнаюць выбары. Што будзеце рабіць далей?"

(Ганчарык: ) "Працаваць будзем. А што застаецца?.."

Давераная асоба Ўладзімера Ганчарыка Міхаіл Чыгір мяркуе, што ў цяперашняй сытуацыі выйграць выбары — яшчэ ня самае асноўнае.

(Чыгір: ) "Пагоршыцца эканамічная сытуацыя, людзі будуць гэтым незадаволеныя. Павінна быць выйсьце з тупіковай сытуацыі. Я мяркую, што Лукашэнка ня здольны гэта зрабіць пры ўсім жаданьні. Нават калі мы й ня будзем сябе актыўна паводзіць, ён ня здолее быць пры ўладзе на працягу гэтых пяці гадоў.

Гэтыя выбары паказалі, што людзі пачалі ўсьведамляць, што выйсьця няма, людзі пачалі падтрымліваць іншага кандыдата. Сытуацыя будзе вырашацца сама па сабе нават бяз нашага ўмяшальніцтва".

Паводле Ўладзімера Ганчарыка, цяпер галоўнае — не разгубіцца, не расчаравацца, ды ня ўпэўніцца ў тым, што ўжо нічога ня зьменіш. І таму сёньня ён ізноў заклікаў сваіх выбарцаў прыйсьці ўвечары на Кастрычніцкую плошчу.


XS
SM
MD
LG