Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛОЎНЫ НЕДАХОП ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ У БЕЛАРУСІ — НЯРОЎНЫ ДОСТУП ДА СМІ, — ЛІЧЫЦЬ ДЭПУТАТ ЭЎРАПАРЛЯМЭНТУ РОБЭРТ ГУДВІЛ


Валера Каліноўскі, Менск

(Карэспандэнт: ) "Спадар Гудвіл, што найбольш вас уразіла падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі?"

(Гудвіл: ) "Найбольш крытычныя мае заўвагі адносна гэтай выбарчай кампаніі датычаць няроўнага доступу да СМІ на карысьць кіраўніка краіны — калі параўнаць зь іншымі кандыдатамі.

У маёй краіне, Вялікабрытаніі, мы маем на гэты конт вельмі строгія правілы. І роўныя ўмовы на асьвятленьне кампаніяў маюць тры галоўныя палітычныя партыі. А тут, як я ведаю, 99% радыёэфіру, прысьвечанага выбарам, належала дзеючаму прэзыдэнту, на тэлебачаньні — больш за 90%.

Усе паведамленьні пра апазыцыйных кандыдатаў былі найчасьцей нэгатыўнымі. Такім чынам, вы ня можаце мець свабодных выбараў без свабоды выказваньняў і свабодных СМІ. Гэтая праблема са СМІ дазваляе мне заключыць, што гэтыя выбары не былі вольнымі й справядлівымі".

(Карэспандэнт: ) "Што вы думаеце пра пэрспэктывы адносінаў Беларусі й Эўразьвязу пасьля гэтых выбараў?"

(Гудвіл: ) "Я мяркую, што нам трэба пачакаць і пабачыць. Мы зможам меркаваць аб прэзыдэнце паводле ягоных дзеяньняў. Я не зьдзівіўся б, калі б ён зрабіў пэўнага кшталту зьмены ў сваім урадзе. І тыя асобы, якіх ён накіруе ў адстаўку і якіх прызначыць, будуць пэўным індыкатарам таго, у якім кірунку ён зьбіраецца ісьці.

Нам трэба ведаць, ці зьбіраецца ён будаваць новыя, лепшыя масты паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Я ведаю беларускі народ як цёплы і сяброўскі. І мы ў Эўразьвязе вельмі зацікаўленыя працягваць дыялёг зь беларускім народам, мець сяброўства паміж Беларусьсю і Эўразьвязам", — заўважыў Робэрт Гудвіл, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Кансэрватыўнай партыі Вялікабрытаніі, які быў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

XS
SM
MD
LG