Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ ЗЬВЕСТАК ЦВК, ЛУКАШЭНКА ЗНОЎ СТАЎ КІРАЎНІКОМ БЕЛАРУСІ, НАБРАЎШЫ 75,62 АДСОТКІ ГАЛАСОЎ


Віталь Цыганкоў, Менск

Найбольшая колькасьць галасоў, паводле зьвестак ЦВК на 4:00 раніцы, Лукашэнка мае ў Гомельскай вобласьці – 86,77 працэнта, найменьшае – у Менску – 57,92. Ганчарык, наадварот, мае ў сталіцы найбольшы працэнт падтрымкі – 30,54, а ў Гомельскай вобласьці найменшы – 8,51.

Паводле папярэдніх дадзеных, у галасаваньні прынялі ўдзел 82,55 працэнта выбаршчыкаў. Гэта азначае, што Лукашэнка набраў 62,4 працэнта галасоў ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў, унесеных у сьпісы для галасавання, Ганчарык – 12,7, Гайдукевіч – 2,1.

Уладзімер Ганчарык не пагадзіўся з афіцыйнымі дадзенымі Цэнтрвыбаркаму, заявіўшы, што яны атрыманыя ў выніку фальсыфікацый. Паводле ягоных зьвестак, за дзеючага прэзыдэнта прагаласавала 46,7 працэнта выбаршчыкаў, а за адзінага кандыдата - 40,8 – таму Ганчарык мае намер дамагацца правядзеньня другога туру выбараў.

Зрэшты, вынікі выбараў Лукашэнка абвесьціў яшчэ у 21:00 у нядзелю – усяго праз гадзіну пасьля заканчэньня галасаваньня. На той момант было апрацавана ўсяго некалькі адсоткаў бюлетэняў, і гэтыя дадзеныя, зразумела, не давалі ніякіх падставаў гаварыць пра нейкія вынікі. Аднак Лукашэнка так сьпяшаўся, што ня стаў чакаць самых першых вынікаў галасаваньня. Пачынаючы свой выступ перад абранымі журналістамі, Лукашэнка найперш падзякваў расейскім палітыкам за аказаную яму перамогу:

(Лукашэнка: ) “Як бы не было цяжка і складана, я заўсёды адчуваў падтрымку расейскага чалавека, расейца, таму яшчэ раз зьвяртаюся да вас, журналістаў Расеі, перадаць маю шчырую ўдзячнасьць расейскаму чалавеку за падтрымку, а таксама ўсім расейскім палітыкам і прэзыдэнту Расеі за падтрымку, што была аказаная… Я хачу сказаць, што гэта бліскучая перамога ўсіх тых, хто забясьпечваў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Гэта элегантная і прыгожая перамога…”

Але не да ўсіх расейцаў у Лукашэнкі прыязнае стаўленьне. Гаворачы пра дзейнасьць у Беларусі расейскіх каналаў, Лукашэнка заявіў: “Мы ня будзем трываць прысутнасьць у краіне расейскага каналу ТВ-6”. Лукашэнка таксама заявіў, што ніводзін назіральнік не сьцьвярджаў пра недэмакратычнасьць выбараў.

Камэнтуючы дадзеныя “Незалежнага назіраньня”, Ярмошына заявіла, што ў ЦВК ня будзе ніякага абмеркаваньня ніякіх лічбаў зь незалежнымі назіральнікамі.


XS
SM
MD
LG