Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19:40 СЭНСАЦЫЙНАЯ АДМОВА БАРЫСАЎСКАЙ КАМІСІІ ФАЛЬСЫФІКАВАЦЬ ВЫНІКІ ВЫБАРАЎ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

У іншых гарадах і раёнах Меншчыны сёньняшнія выбары прэзыдэнта адбываюцца з грубымі парушэньнямі Выбарчага кодэксу.

Сёньня раніцай намесьнік старшыні Барысаўскай раённай выбарчай камісіі Генадзь Новік у прысутнасьці сваіх памочнікаў і групы назіральнікаў пералічыў партыю так званых дадатковых бюлетэняў для галасаваньня. Тыя, хто іх даслаў зь Менску, разьлічвалі зьдзейсьніць фальсыфікацыю вынікаў выбараў у Барысаўскім раёне.

Згаданых ілжэбюлетэняў было 2500 штук. Імі можна было падмяніць канчатковыя вынікі галасаваньня 8% выбарцаў Барысаўскага раёну.

Намесьнік кіраўніка выбарчай камісіі Генадзь Новік заявіў Радыё Свабода:

(Новік: ) "Гарантую, што ў Барысаўскай выбарчай раённай камісіі ніякія левыя бюлетэні ня пройдуць".

Спадар Новік паабяцаў, што калі стануць вядомыя папярэднія вынікі галасаваньня, ён у прысутнасьці назіральнікаў, чальцоў камісіі і журналістаў "утылізуе гэтую макулятуру".

Праўда, гэткай дэмакратыі няма ў суседняй Барысаўскай гарадзкой выбарчай камісіі. Сёньня днём адсюль выштурхнулі за дзьверы назіральніцу Беларускага Гельсынскага камітэту Ларысу Грэбневу, якая там акрэдытаваная законным чынам.

Дарэчы, у Барысаве паводле каардынатара "Незалежнага назіраньня" Алены Аўтушкі пазбавілі акрэдытацыі 65 назіральнікаў праваабарончага цэнтру "Вясна".

І яшчэ адзін адметны факт, які характэрызуе мікраклімат ужо ў Слуцкім рэгіёне. Праваабаронца Аляксандар Катляроў паведаміў, што тут сёньня незалежны назіральнік Генадзь Гурыновіч, акрэдытаваны на ўчастку ў вёсцы Гацук, склаў акт на дзеяньні старшыні Слуцкага райвыканкаму Зянона Ломця. Апошні адкрыта ўмяшаўся ў працу мясцовай участковай камісіі ды перашкаджаў ёй працаваць.

Жыхары Меншчыны галасуюць па-рознаму. Калі ў мястэчку Бобр большасьць прагаласавала за кандыдатуру Ўладзімера Ганчарыка, то ўвесь пэрсанал і хворыя слуцкага Дома інвалідаў — за Аляксандра Лукашэнку. За Лукашэнку найбольш галасуюць і ў закрытых вайсковых участках Барысава.

XS
SM
MD
LG