Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15:20 ЯЎКА ВЫБАРШЧЫКАЎ СЁНЬНЯ Ў ПАРАЎНАНЬНІ З ВЫБАРАМІ Ў “ПАЛАТУ ПРАДСТАЎНІКОЎ” ВЫШЭЙШАЯ Ў ПАЎТАРА-ДВА РАЗЫ


Юры Дракахруст, Прага

У гэтых паказчыках улічаныя і 15% выбаршчыкаў, якія, ізноў жа паводле дадзеных Цэнтарвыбаркаму, узялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні.

У параўнаньні зь леташнім галасаваньнем за дэпутатаў так званай “палаты прадстаўнікоў” цяперашняя актыўнасьць выбаршчыкаў вышэй ў паўтара-два разы. Тады у папярэднім галасаваньні ўзялі ўдзел толькі 11% выбаршчыкаў, на 10 гадзінаў раніцы 15 кастрычніка мінулага году яўка на выбары складала 14% (удвая менш, чым зараз), а на дзьве гадзіны дня прагаласавала 37% выбаршчыкаў – сёньня нагадаем, на гэты час прагаласавалі 58%.

Такая розьніца тлумачыцца шэрагам чыньнікаў. Зараз ніводная палітычная сіла не заклікае да байкоту выбараў, тады большасьць апазыцыйных партыяў вялі кампанію байкоту.

Але больш істотным падаецца ўсьведамленьне важнасьці менавіта прэзыдэнцкіх выбараў.

Можна сьмела прагназаваць, што яўка на цяперашнія прэзыдэнцкія выбары перавысіць 80%. Гэта пацьвярджае і дынаміка галасаваньня на працягу дня і вынікі папярэдніх сацыялягічных апытаньняў.

Варта адзначыць, што гэты паказчык стане зломам тэндэнцыі, якая дзейнічае ўжо на працягу больш 10 гадоў. Пачынаючы з выбараў у 1989 годзе народных дэпутатаў СССР на кожныя наступныя выбары прыходзіла ўсё менш выбаршчыкаў. У 1989 годзе да выбарчых скрыняў прыйшло 92% выбаршчыкаў, у 1990 годзе у выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету тады яшчэ БССР ўзялі удзел 87% выбаршчыкаў, у 1994 на першыя прэзыдэнцкія выбары прыйшлі галасаваць 79%, дэпутатаў наступнага Вярхоўнага Савету абіралі ў 1995 годзе ужо каля дзьвюх трацінаў выбаршчыкаў, нарэшце на леташніх выбарах у так званую “палату прадстаўнікоў” да выбарчых скрыняў прыйшлі паводле дадзеных цэнтарвыбаркаму толькі 61% выбаршчыкаў.

Тое, што сёньняшняе галасаваньне ламае гэтую шматгадовую тэндэнцыю зьніжэньня цікавасьці да выбараў, сьведчыць толькі аб адным: людзі ўсьведамляюць, што сёньня вырашаецца лёс краіны і іх асабіста.


XS
SM
MD
LG