Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14:50 УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК: ПАСТУПІЎ ЗАГАД ЗЬНІШЧЫЦЬ ТРОХ АСОБАЎ, У ТЫМ ЛІКУ – МЯНЕ


Ганна Соусь, Менск

Уладзімер і Лілія Ганчарыкі выйшлі з пад'езду свайго дома, трымаючыся за рукі. На ганку выбарчага ўчастку іх сустракалі журналісты, прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў і простыя выбарцы.

Уладзімер і Лілія Ганчарыкі стаялі ў чарзе для галасаваньня разам зь іншымі. І вось кандыдат на прэзыдэнта толькі што выйшаў з кабіны. За каго аддаў свой голас?

(Уладзімер Ганчарык: ) "Зразумела за каго. За лепшае жыцьцё й новую Беларусь".

Пытаньні, якія задавалі пасьля галасаваньня Ўладзімеру Ганчарыку журналісты, збольшага тычыліся таго, што адбудзецца сёньня ўвечары, калі людзі прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу. Уладзімер Ганчарык ужо ведаў, што ўначы ў Менск былі сьцягнутыя ўнутраныя войскі й тэхніка.

(Карэспандэнтка: ) "Што Вы можаце проціставіць той тэхніцы, што цяпер знаходзіцца на вуліцах Менску?"

(Уладзімер Ганчарык: ) "Мы а 20-й гадзіне выйдзем на Кастрычніцкую плошчу, каб паказаць людзям і найперш уладзе, што ніхто не баіцца гэтай тэхнікі. Па-другое, падумаць надалей... Ніякай тэхнікай, ніякім спэцназам дыктатар ня можа ахоўвацца й абараняцца. Усё роўна будзе канец рэжыму. Беларусь жыве й будзе жыць. Жыве Беларусь!"

(Карэспандэнтка: ) "Колькі гадзінаў Вы праведзяце на плошчы? Ноч?"

(Уладзімер Ганчарык: ) "Колькі патрэбна будзе. Ноччу будзе працаваць штаб".

(Лілія Ганчарык: ) "Улада ідзе сустракаць народ са зброяй, а Ўладзімер Іванавіч ідзе да людзей са сваёй праўдай, са сваімі сябрамі, са сваёй упэўненасьцю, з паветранымі шарыкамі й з надзеяй", — кажа жонка спадара Ганчарыка.

Уладзімеру Ганчарыку таксама задалі пытаньне, ці не баіцца ён рэпрэсіяў з боку ўлады.

(Уладзімер Ганчарык: ) "Я папярэджваў Лукашэнку публічна й на мітынгах — я не баюся за свой лёс. Але калі закрануць сям'ю, я ўжо гаварыў — з-пад зямлі дастану тых нягоднікаў, якія цяпер пры ўладзе й выконваюць злачынныя загады. Мы маем зьвесткі, што, як сказаў на закрытай сустрэчы кіраўнік дзяржавы, на трох чалавек рыхтуецца палітычнае забойства. Так, я ў гэтым сьпісе. Упершыню пра гэта гавару. Учора гэтыя зьвесткі паступілі, мы афіцыйна іх усе агучым".

Уладзімер Ганчарык таксама мяркуе, што Расея зрабіла памылку, калі ўскосна падтрымала Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах. Адказваючы на пытаньні, адзіны кандыдат гаварыў пра шматлікія парушэньні ў часе выбарчай кампаніі й няроўныя ўмовы для кандыдатаў.

(Ганчарык: ) "Не было надрукавана ні ў "Советской Белоруссии", ні ў дзяржаўных газэтах маіх матэрыялаў. Мы ня мелі магчымасьці выказаць свае думкі й погляды на Беларускім тэлебачаньні. Цікавая ўчорашняя заява Севярына аб тым, што на пытаньне "Чаму Лукашэнка не пайшоў на тэледэбаты?" той адказаў, што яму не было такой прапановы. А ня ведаючы гэтага, Чаргінец на прэсавай канфэрэнцыі з прадстаўнікамі парлямэнтаў, якія прысутнічаюць тут для назіраньня за галасаваньнем, адказаў, што прэзыдэнт быў вельмі заняты".

Адметна, што на выбарчым участку, дзе галасаваў Уладзімер Ганчарык, сёньня ня здолелі адказаць на пытаньне, колькі адсоткаў выбарцаў прагаласавалі тут датэрмінова.

XS
SM
MD
LG