Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТАРВЫБАРКАМ СПРАСЬЦІЎ УМОВЫ ДЛЯ ФАЛЬСЫФІКАЦЫІ ВЫБАРАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Старшыня й сакратар ЦВК Лідзія Ярмошына й Мікалай Лазавік заявілі таксама, што нічога ня чулі пра абвешчаны на сёньняшні вечар выступ Аляксандра Лукашэнкі на тэлебачаньні й радыё.

Сёньня Цэнтарвыбаркам увогуле адмовіўся разглядаць скаргі прысутнай на паседжаньні ЦВК даверанай асобы Ўладзімера Ганчарыка Валянціны Палевіковай на грубыя парушэньні закону з боку Аляксандра Лукашэнкі. Хаця яна ды іншая давераная асоба спадара Ганчарыка Міхаіл Пастухоў патрабавалі скасаваць рэгістрацыю кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, бо той заяўляў, што спадар Ганчарык, маўляў, ня можа быць прэзыдэнтам, бо не служыў у войску, а таксама з прычыны парушэньня роўных умоваў агітацыі.

Цэнтарвыбаркам адказвае на гэта адным: вядзецца праверка бясплатнага распаўсюду газэты "Советская Белоруссия", і праверка скончыцца цягам 10 дзён — то бок пасьля выбараў.

Сёньня Цэнтральная камісія аднагалосна скасавала іншую рэгістрацыю — усіх назіральнікаў ад праваабарончага цэнтру "Вясна", пратаколы пра вылучэньне якіх выклікалі сумнеў Цэнтарвыбаркаму. Паводле кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага, на падставе некалькіх незразумелых выпадкаў у правінцыі скасаваная акрэдытацыя каля 2000 назіральнікаў. У "Вясны" засталася толькі значна меншая колькасьць акрэдытаваных назіральнікаў, перадусім у Берасьцейскай вобласьці.

Але Цэнтарвыбаркам заявіў, што ня мае прэтэнзіяў да Беларускага Гэльсынскага камітэту, які вылучыў каля 1500 назіральнікаў, і клюбу выбарцаў на чале з Уладзімерам Гудзеевым.

Пасьля разгляду гэтага пытаньня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына сышла, сьпяшаючыся на нейкі брыфінг, і адмовілася адказаць на мае пытаньні.

(Карэспандэнт: ) "Лідзія Міхайлаўна, маленькае пытаньне..."

(Ярмошына: ) "Мне няма калі".

(Карэспандэнт: ) "Як вы ставіцеся да таго, што Лукашэнка будзе выступаць а 9-й вечара?"

(Ярмошына: ) "Я ня ведаю".

(Карэспандэнт: ) "Вы ня ведаеце, што ён будзе выступаць?"

(Ярмошына: ) "Ня ведаю. Ня чула".

Ужо без спадарыні Ярмошынай Цэнтарвыбаркам таксама разгледзеў іншае пытаньне, якое выклікала моцнае зьдзіўленьне ў многіх прысутных назіральнікаў.

Паводле артыкулу 52 Выбарчага кодэксу, бюлетэнь для галасаваньня выдаецца выбаршчыку "пасьля прад'яўленьня пашпарту або пасьведчаньня асобы, якое яго замяняе".

Сёньня Цэнтарвыбаркам даў афіцыйнае тлумачэньне, што бюлетэнь можна выдаваць на падставе любога пасьведчаньня, а ня толькі таго, што замяняе пашпарт. Гэткім чынам, усе, нават замежныя грамадзяне, якіх часта ўносяць у сьпісы выбарцаў, змогуць прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта — трэба толькі паказаць любое пасьведчаньне з фотаздымкам і пячаткай — напрыклад, акрэдытацыю замежнага журналіста пры Міністэрстве замежных справаў.

Гэта пацьвердзіў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у прыватнай размове са мной.

(Карэспандэнт: ) "Мне таксама прыйшло запрашэньне, хаця я кожны год пішу заявы, што я не грамадзянін Беларусі. А мне ўсё адно дасылаюць запрашэньні ды ўключаюць мяне ў сьпісы. Гэта значыць, я са сваім пасьведчаньнем магу прыйсьці й прагаласаваць?"

(Лазавік: ) "Атрымліваецца, што так". (Сьмяецца.)

(Карэспандэнт: ) "Гэта дзякуючы вашаму рашэньню сёньняшняму?"

(Лазавік: ) "Дарэчы, тое, што вас уключылі ў сьпісы, — гэта ўжо парушэньне выбарчага заканадаўства, і, натуральна, пры праверцы сьпісаў вы як неграмадзянін мусілі быць выключаныя".

(Карэспандэнт: ) "Сёньня Лукашэнка абвесьціў, што будзе а 9-й вечара выступаць на тэлебачаньні й радыё. Вы пра гэта ведаеце?"

(Лазавік: ) "Упершыню ад вас чую".

(Карэспандэнт: ) "То бок Ярмошына ня ведае, і вы ня ведаеце".

(Лазавік: ) "Ну, я ня чуў. Паглядзім".

(Карэспандэнт: ) "А вы ня бачыце парушэньня Выбарчага кодэксу?"

(Лазавік: ) "Я яшчэ не пасьпеў пераварыць вашае пытаньне".

Сёньняшняе рашэньне ЦВК пракамэнтаваў прысутны на паседжаньні назіральнік ад Беларускага Гельсынскага камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) "Гэта не прававое рашэньне — груба парушае і Канстытуцыю, і Выбарчы кодэкс, і рашэньні Вярхоўнага Суду, якія былі прынятыя на парлямэнцкіх выбарах.

Будуць магчымасьці для фальсыфікацыяў. Па-першае, няма зараз ніякай забароны галасаваць неграмадзянам. Гэта аддаецца толькі на сумленьне чалавеку — хоча ён ці ня хоча. Чалавек можа ня ведаць нават, што ён не грамадзянін і ня можа галасаваць. Ён, атрымаўшы запрашэньне, пойдзе й прагаласуе. Аднак гэта найгрубейшае парушэньне Канстытуцыі.

Тое, што робіцца сёньня, дае падставы падазраваць, што гэта будзе выкарыстоўвацца для фальсыфікацыяў. Зьнялі вялікую частку, вялікую колькасьць назіральнікаў з участкаў. Па-другое, пусьцяць зараз вал людзей, якія будуць паказаваць ледзь не туалетную паперу".

А 17-й гадзіне паседжаньне ЦВК будзе працягнутае — лёс назіральнікаў "Вясны", якую абвінавацілі ў адсутнасьці пратаколаў пра вылучэньне, можа спасьцігнуць назіральнікаў ад фонду імя Лява Сапегі ды Свабоднага прафсаюзу Беларускага.


XS
SM
MD
LG