Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДУМАЮЦЬ У СЕМ’ЯХ ЗЬНІКЛЫХ ПРА ВЫБАРЫ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Як мяркуюць галасаваць у сем'ях апазыцыянэраў, якія пацярпелі ад рэжыму? З гэтым пытаньнем я тэлефанаваў сёньня ў дамы Красоўскіх, Ганчароў, Кудзінава, Клімава і Захаранкаў — апошнія жывуць у Нямеччыне. Мае суразмоўцы называлі ў асноўным імя Ўладзімера Ганчарыка.

Ёсьць ужо і тыя, хто прагаласаваў датэрмінова. Гэтак была вымушаная зрабіць Ірына Красоўская, якой заўтра па сямейных абставінах ня будзе ў Менску. Яна галасавала за Ганчарыка.

Асабісты ўдзел у працэдуры датэрміновага галасаваньня пацьвердзіў ранейшы сумнеў Ірыны Красоўскай што да захаванасьці выбарчых скрыняў. "Там няма ніякага кантролю за галасаваньнем", — лічыць Ірына Красоўская.

Ейная дачка Валерыя распавяла, што адбываецца на выбарчых участках:

(Валерыя Красоўская: ) "Паколькі я сама назіральніца за выбарамі, я бачу стаўленьне сяброў камісіі да назіральнікаў і да выбарцаў, і я маю вялікія сумненьні, што выбары будуць сумленныя. Мне, прыкладам, сябры выбарчай камісіі не жадаюць даваць ніякай інфармацыі. Да таго ж яны шукаюць падставаў, каб выдаліць мяне з памяшканьня, дзе ідзе датэрміновае галасаваньне", — сказала дачка зьніклага Анатоля Красоўскага Валерыя.

Дарэчы, Ірына Красоўская сьцьвярджае, што бычыла ў сьпісе выбарцаў імя свайго мужа Анатоля, які зьнік амаль два гады таму разам зь Віктарам Ганчаром.

Жонка Віктара Ганчара Зінаіда дакладна ведае, што ня будзе галасаваць заўтра за Лукашэнку. "Вы ведаеце, чаму", — кажа Зінаіда Ганчар. Пасьля ўдзелу ў выбарах яна пойдзе на Кастрычніцкую плошчу, дзе маюць намер сабрацца прыхільнікі дэмакратычных пераменаў. Праўда, шанцы на гэтыя перамены Зінаідзе Ганчар не падаюцца значнымі, бо, як яна кажа, з аднаго боку сканцэнтраваная ўся ўлада, а другі бок згубіў шмат часу.

(Зінаіда Ганчар: ) "Мяне тут якраз нічога не зьдзіўляе, бо ўсе мы ведаем добра, які адміністрацыйны рэсурс мае Лукашэнка. І тыя, хто вырашыў стварыць яму канкурэнцыю, павінны былі рыхтавацца да гэтага значна раней. І канечне, працаваць зь людзьмі трэба было значна раней", — мяркуе жонка Віктара Ганчара Зінаіда.

А вось дэпутат Уладзімер Кудзінаў, які больш за тры гады правёў за кратамі паводле сфабрыкаванага, як лічаць праваабаронцы, абвінавачаньня, ня траціць аптымізму. Ён цяпер у Івацэвічах як давераная асоба Ганчарыка — агітуе за яго. Кудзінаў лічыць, што ягоны кандыдат мае шанцы трапіць у другі тур, бо стаўка ўладаў на масавае датэрміновае галасаваньне правалілася.

(Уладзімер Кудзінаў: ) "Бачыце, яны плянавалі, што 30-40% людзей прыйдзе на датэрміновае галасаваньне, але ніякага масавага паходу не было. Мы вось толькі што праехалі па гораду, паглядзелі, што адбываецца на выбарчых участках. Адзін-два чалавекі прыйшлі галасаваць, ня больш. Такім чынам, галоўнае, каб заўтра назіраньне працавала дакладна".

Яшчэ адзін званок — Вользе Захаранцы ў Нямеччыну. Узяць удзелу ў выбарах яна ня зможа, пра што шчыра шкадуе. І ўвогуле, у яе няма пэўнасьці наконт таго, каго б яна выбрала — Ганчарыка ці Гайдукевіча. Але жонка зьніклага экс-міністра Юр'я Захаранкі дакладна ведае, за каго беларусам ня варта галасаваць.

(Вольга Захаранка: ) "Я іх нікога ня ведаю, гэтага Ганчарыка, гэтых усіх. Зразумела, толькі не за Лукашэнку. Я б, канечне, галасавала за тых, каго скралі й зьнішчылі, але іх няма. Што тады застаецца рабіць? Вядома, гэта ўсё зроблена наўмысна, гэта кожна беларус павінен ведаць", — заявіла Вольга Захаранка ў сёньняшняй размове з карэспандэнтам Радыё Свабода.

Жонка і маці дэпутата Андрэя Клімава кажуць, што свой выбар ужо зрабілі — яны будуць галасаваць за адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка. Толькі Андрэй Клімаў прагаласаваць ня зможа — яго гэтага права пазбавілі.

XS
SM
MD
LG