Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК ПАВЕДАМІЎ ЖУРНАЛІСТАМ, ШТО ЎЛАДЫ РЫХТУЮЦЬ МАШТАБНУЮ ПРАВАКАЦЫЮ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Ганчарык: ) "Стала відавочна, што ўлада не спадзяецца на сумленную перамогу на выбарах. Таму яна спрабуе ўсяляк ачарніць незалежных назіральнікаў, не дапусьціць кантролю за падлікам галасоў, угаворамі й пагрозамі прымушае людзей галасаваць датэрмінова. Аднак і гэтага ахвотным застацца ля кармушкі падаецца мала — яны рыхтуюць буйнамаштабную правакацыю ў ноч пасьля заканчэньня галасаваньня 9 і 10 верасьня.

У Менску зьявіліся ўлёткі ад імя Беларускага вызвольнага войска з заклікам "Да зброі, да бою!" У іх утрымліваюцца заклікі да гвалту", — паведаміў Уладзімер Ганчарык.

Аўтары ўлёткі, якую Ганчарык зачытаў журналістам, заклікаюць браць у рукі "камяні, цэглу, бутэлькі з пэтролем, рагалёўкі" й нават сапраўдную агнястрэльную зброю і шчыльнымі калёнамі ісьці да "чырвонага дому". Ганчарык выказаў рашучы пратэст супраць гэтай правакацыі і запатрабаваў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці ейных арганізатараў.

Відавочна, што мэта гэтай правакацыі, — лічыць адзіны кандыдат, — не дапусьціць, каб людзі заўтра, у дзень выбараў прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу чакаць вынікаў галасаваньня, як да гэтага заклікаюць Ганчарык ды іншыя апазыцыйныя лідэры.

(Ганчарык: ) "Наш штаб ніякага дачыненьня да гэтай правакацыі ня мае, мы ніколі не заклікалі да экстрэмісцкіх дзеяньняў. Але мы сапраўды будзем пратэставаць супраць парушэньняў Выбарчага кодэксу, падмены вынікаў галасаваньня.

Другое. Я хачу афіцыйна заявіць — тое, што робіцца ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, нельга кваліфікаваць іначай як прававое бяспраўе. Груба парушаецца заканадаўства Беларусі, датэрміновае галасаваньне навязваецца выбарцам, яно становіцца прымусовым і масавым".

Ганчарык не выключае, што вынікі датэрміновага галасаваньня ў масавым парадку будуць сфальшаваныя. Адказваючы на пытаньне пра свае шанцы, Ганчарык заявіў:

(Ганчарык: ) "Я ведаю адно — без фальсыфікацыяў Лукашэнка не пераможа. Калі будуць больш-менш сумленныя выбары, то мы пераможам. У нас ёсьць усе падставы гэта заяўляць. Фактычна моладзь галасавала б за адзінага кандыдата, людзі сярэдняга ўзросту таксама, і пэнсіянэры прыкладна 60 на 40 на карысьць Лукашэнкі. І гэта якраз забясьпечыла б нам перамогу. Калі б у Лукашэнкі была б упэўненасьць у перамозе, ён ніколі б не пайшоў на такое шырокае і масавае прымусовае датэрміновае галасаваньне".

Пазьней Уладзімер Ганчарык паведаміў, што ягоны рэйтынг зараз зраўнаўся з рэйтынгам Лукашэнкі і дасягнуў 45%.

XS
SM
MD
LG