Расейскія журналісты пераважна разглядаюць сытуацыю, што можа скласьціся ў выпадку сумленнай альбо несумленнай перамогі Лукашэнкі. Газэта “Коммерсантъ” піша: “У Менску найбольшая частка выбарцаў, хутчэй за ўсё, аддасьць галасы за апазыцыйнага кандыдата Ўладзімера Ганчарыка. Але ў сталіцы пражывае толькі пятая частка дзесяцімільённага насельніцтва краіны. А жыхары правінцыі ў сваёй бальшыні падтрымаюць аднаго, каго ведаюць, таму што яго ўвесь час паказваюць па тэлевізары”.
Яшчэ адной важнай прычынай прагназуемай расейцамі перамогі Лукашэнкі ёсьць тое, пішуць “Новые Известия”, што “Аляксандар Лукашэнка не разьлічвае на легітымнасьць у вачах Захаду ні пры якім выніку выбараў. Таму ён парушае правілы вядзеньня выбарчай кампаніі нават там, дзе ў гэтым няма ніякай неабходнасьці. Але нават пры такіх умовах перамога Лукашэнку не гарантаваная. Таму зараз кіраўнік Беларусі робіць стаўку на прынцып, агучаны многімі лацінаамэрыканскімі дыктатарамі: “Вы выйгралі выбары, а я падлік галасоў”.
Газэта “Время МН”, спасылаючыся на свайго фотакарэспандэнта, зазначае, што “абстаноўка ў сталіцы Беларусі напружаная. Вуліцы ў цэнтры гораду пустыя. Такое адчуваньне, што ён населены выключна людзьмі ў камуфляжы. Спробы нешта сфатаграфаваць прыпыняюцца імі на месцы без усялякіх тлумачэньняў”.
“Московскіие новости” ілюструюць артыкул “Выбары ў Беларусі: бойка пры любым выніку” здымкам Лукашэнкі ў камуфляжы, які цэліць з аўтамата. Газэта піша: “Цынічны ціск прэзыдэнта Лукашэнкі на апазыцыйныя СМІ ды правакацыйныя параўнаньні сябе зь югаслаўскім дыктатарам Мілошавічам ня могуць ня выклікаць абурэньня”. Як і іншыя выданьні, “Московскіие новости” цытуюць лідэра “Маладога фронту” Паўла Севярынца, які зьбіраецца ўжо 9 верасьня вывесьці прыхільнікаў Ганчарыка на вуліцы, каб “перашкодзіць ўладзе забраць у нас нашую перамогу”.
“Время новостей” зьвяртае ўвагу, што і сам “Ганчарык гатовы ў панядзелак абвесьціць пра пачатак акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня, а апазыцыянэраў сустрэнуць некалькі тысячаў ваяўнікоў спэцпадразьдзяленьняў”. У гэтай сувязі “Аргумэнты и факты” цытуюць Лукашэнку: “Я ў бункеры сядзець, як Мілошавіч, ня буду. Я нічога ня скраў у свайго народу і буду абараняцца”.
“Гвалт ня вырашыць ідэйных супярэчнасьцяў” – пад такім загалоўкам “Независимая газета” разглядае магчымую сытуацыю, калі выбары ў Беларусі адбудуцца паводле “югаслаўскага сцэнару”. Гэта значыць, апазыцыя абвесьціць пра сфальшаванасьць вынікаў, і сьвет не прызнае іх. “Што ж рабіць, калі несправядлівая існуючая ўлада фальшуе вынікі выбараў? Хіба адно гэта ня служыць дастатковым апраўданьнем ужываньня сілы? – задае пытаньне журналіст Аляксандар Калінін і адказвае: “Служыць, але пры ўмове: негвалтоўныя спосабы разьвязаньня палітычных супярэчнасьцяў маюць быць цалкам вычарпаныя”. Ён дае свой рэцэпт, што рабіць далей – праводзіць новыя выбары.
“Дзеля гэтага ўладзе і апазыцыі дастаткова дамовіцца пра тое, што апошняя створыць сваю сыстэму выбарчых камісіяў і падліку галасоў. А першая, не пярэчачы стварэньню і працы альтэрнатыўнай сыстэмы выбаркамаў, захоўвае манаполію на тыражаваньне і выдачу бюлетэняў выбарцам”. Такая прапанова на разьвязаньне канфлікту, які можа стаць вынікам заўтрашніх прэзыдэнцкіх выбараў, гучыць са старонак расейскай “Независимой газеты”.
У сьвежых нумарах расейскіх газэтаў шмат прагнозаў на тое, што адбудзецца зь Беларусьсю пасьля выбараў, калі пераможа Лукашэнка. Вось некалькі зь іх:
“Время новостей”: “Галоўная чыстка чакае … дзяржапарат. Хістаньні сярод чыноўнікаў, якія жахліва стаміліся ад свайго непрадказальнага прэзыдэнта, вельмі непакояць кіраўніка дзяржавы. Ён баіцца, што пры першым жа сымптоме аслабленьня ягонай улады намэнклятура пабяжыць у розныя бакі ў пошуках новага “гаспадара”. Лукашэнка ўжо даваў зразумець: ён ведае, хто з паплечнікаў ужо гатовы яго “здаць”. І падобна, што ў панядзелак можна будзе з поўнай падставай сказаць: “Усё толькі пачынаецца”.
“Новые Известия”: “У выпадку, калі Лукашэнка ўтрымае ўладу, можна будзе хутчэй казаць пра кубінскі варыянт, чым нікарагуанскі. Ніхто ня будзе ваяваць зь Беларусьсю. Але і паўнавартасна кантактаваць зь яе незаконным уладаром Захад наўрад ці пажадае”.
“Время МН”: “На прасторы паміж Польшчай і Расеяй будзе адбывацца палітычная кляўнада зь пераапрананьнем у камуфляж, мундуры з залатым шытвом і хакейную форму. Праўда, як гэта звычайна бывае, кляўнада будзе суправаджацца зьнікненьнем людзей. Аплоціць жа гэты спэктакаль Расея. І грашыма, і сім-тым больш сур’ёзным. З грашыма ўсё больш ці менш зразумела – рэспубліка як была, так і будзе чорнай дзіркай. Палітычнай жа платай за падтрымку Лукашэнкі ці – крый Божа – за аб’яднаньне зь Беларусьсю будуць скрайне напружаныя адносіны з будучымі нацыянальнымі рэжымамі ў гэтай краіне. А ў разе, да таго часу, калі беларуская апазыцыя стане больш цывілізаванаю, усё-ткі ўзьнікне саюзная дзяржава, то ў Расеі зьявіцца найнебясьпечнейшая этнічная бомба”.
Такі погляд на наступствы магчымай перамогі на выбарах Лукашэнкі выказвае расейская газэта “Время МН” і дадае: “Што да Лукашэнкі, дык ён у гісторыю ўвайшоў адным: за гады ягонага кіраваньня Беларусь быў вымушаны пакінуць Васіль Быкаў…”