Адразу хачу засяродзіць увагу на адной надзвычай важнай акалічнасьці. Назіральнікі невыпадкова падзяляюцца на міжнародных і замежных.
Міжнародныя назіральнікі — гэта тыя, што прыехалі ў Беларусь у якасьці назіральнікаў місіі абмежаванага назіраньня Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека. Замежных запрасілі Лукашэнка, палаты Нацыянальнага сходу, урад, Міністэрства замежных справаў і Цэнтарвыбаркам. Згодна з выбарчым законадаўствам, толькі гэтыя ўстановы маюць такое права.
З тых 500 экспэртаў, што ўжо знаходзяцца ў Беларусі, каля 200 — міжнародныя назіральнікі, астатнія — замежныя. Сярод міжнародных назіральнікаў вылучаная адмысловая група, якая складаецца выключна з парлямэнтароў, што ўваходзяць альбо ў Парлямэнцкую асамблею АБСЭ, альбо ў Эўрапарлямэнт, альбо ў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы.
Менавіта для іх сёньня ўвечары кіраўнік менскай місіі абмежаванага назіраньня Граер Бальян і кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Ганс-Георг Вік правялі за зачыненымі дзьвярыма адмысловы брыфінг. На ім прысутнічалі Кіма Кільюнен — адмысловы каардынатар дзейнага старшыні АБСЭ, Адрыян Севярын — старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, Жэрар Студман — дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, Ян Вірсма — кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту і Стэф Горыс — кіраўнік дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
Пасьля заканчэньня брыфінгу я папрасіў выказаць сваё стаўленьне да перадвыбарнай сытуацыі ў Беларусі Яна Вірсму. Аднак размовы не атрымалася.
(Вірсма: ) "Я ніколі не раблю гэтага да пачатку выбараў. Гэта ёсьць маёй традыцыяй — не рабіць наперад ніякіх заяваў".
А вось Адрыян Севярын, хаця і адмовіўся камэнтаваць перадвыбарную сытуацыю ў Беларусі, пагадзіўся выказаць свой погляд на пэрспэктывы краіны.
(Севярын: ) "Мне здаецца, што ў Беларусі ёсьць шанец для прагрэсу, ёсьць шанец стаць ня толькі дэмакратычнай краінай, але і краінай з квітнеючай эканомікай, сябрам эўрапейскай, міжнароднай дэмакратычнай сям'і.
Я веру, што да гэтага ёсьць адзін шлях. Гэты даўгі шлях мусяць прайсьці самі беларусы. Я ведаю некаторых прадстаўнікоў гэтага народу, гэтай нацыі. Я ведаю, што дэмакратычныя сілы рухаюцца гэтым кірункам. Яны ўсё часьцей гавораць на сучаснай эўрапейскай і міжнароднай дэмакратычнай мове. Калі яны будуць працягваць свой рух, калі мы ўбачым арганічны рост дэмакратычных сілаў, калі яны змогуць мабілізаваць на гэты шлях простых грамадзянаў гэтай краіны, калі працягнецца рух гэтым кірункам, дык Беларусь зможа дамагчыся прагрэсу хутчэй, чым мы можам гэтага чакаць".
Сёньня Кіма Кільюнен сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, апошнім з кандыдатаў на прэзыдэнта — з Уладзімерам Ганчарыкам і Сяргеем Гайдукевічам спадар Кільюнен меў магчымасьць пазнаёміцца яшчэ 29 жніўня падчас свайго візыту ў Беларусь.