Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАТЭРМІНОВАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ: ПАРУШЭНЬНІ ЗАКОНУ ПРАЦЯГВАЮЦЦА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Каардынатар "Незалежнага назіраньня" Алесь Бяляцкі паведаміў, што паводле іхных зьвестак, колькасьць людзей, якія за тры дні ўзялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні, большая за афіцыйную на 3%, і ў цэлым па Беларусі складае 8,4% выбарцаў.

Паводле Цэнтарвыбаркаму, за тры дні датэрмінова прагаласавалі 5,4% выбарцаў. Алесь Бяляцкі так патлумачыў несупадзеньне зьвестак "Незалежнага назіраньня" і інфармацыі, што агучыла Лідзія Ярмошына:

(Бяляцкі: ) "Цэнтральная выбарчая камісія заніжае лічбы людзей, якія прагаласавалі датэрмінова. Тут можа быць некалькі вэрсіяў, але мне здаецца, гэта робіцца, каб супакоіць міжнародную супольнасьць, міжнародных назіральнікаў. І такім чынам сказаць, што ніякага прымусу ў часе папярэдняга галасаваньня не было. І мне здаецца, што вось гэтая розьніца паміж афіцыйнай лічбай і колькасьцю людзей, што сапраўды прагаласавалі, — гэта ёсьць той адсотак, які можа быць сфальсыфікаваны".

А на думку каардынатара сыстэмы паралельнага падліку галасоў Міраслава Кобасы, няўлічаныя бюлетэні выбарцаў найхутчэй улічаць заўтра ўвечары ці пасьлязаўтра, каб у назіральнікаў не было магчымасьці апратэставаць іх. Кіраўнікі "Незалежнага назіраньня" сьцьвярджаюць, што назіральнікі фіксуюць кожнага выбарца, які прагаласаваў, і ўладам ня ўдасца незаўважна легалізаваць 3% няўлічаных бюлетэняў.

Тым часам у "Незалежнае назіраньне" паступаюць зьвесткі пра парушэньні заканадаўства сябрамі камісіяў і адміністрацыямі навучальных установаў.

Рэктар Менскага мэдычнага ўнівэрсытэту Пётар Беспальчук заклікаў студэнтаў прыняць удзел у датэрміновым галасаваньні і паехаць дадому, каб ня браць удзелу ў акцыях апазыцыі 9-10 верасьня.

Старшыня менскай участковай камісіі №19 спадар Жораў парушыў Выбарчы кодэкс, дазволіўшы дырэктару Фінансава-эканамічнага коледжу перапісаць сьпіс студэнтаў, якія яшчэ не прагаласавалі. Дырэктар гэтай навучальнай установы пагражаў навучэнцам высяленьнем з інтэрнату, калі тыя не наведаюць участак для датэрміновага галасаваньня. Падобным чынам прымушаюць галасаваць студэнтаў і адміністрацыі інтэрнатаў Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі.

Паводле інфармацыі БГК, у Воршы старшыня гарадзкой выбарчай камісіі Мікалай Сіянін зьбіў назіральніка спадара Шутава, калі той пацікавіўся колькасьцю прагаласаваўшых выбарцаў. А старшыня Аршанскага райвыканкаму Адашкевіч на адной з нарадаў загадаў сваім супрацоўнікам, што працуюць у камісіях, агітаваць за Аляксандра Лукашэнку і "нікога не баяцца".

А вось што распавёў нашаму радыё юрыст "Незалежнага назіраньня" Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) "Літаральна сёньня паступіў сыгнал, што па вуліцы Варвашэні 80, у інтэрнаце Лінгвістычнага ўнівэрсытэту ходзяць сябры камісіі са скрыняй, і студэнты галасуюць. Мы туды прыехалі, зайшлі. Сядзіць вахцёрка, запыталася: куды вы ідзяце? Мы прыкінуліся невядома кім і пытаемся: "Дзе тут камісія?" Яна кажа: "Ой, вы спазьніліся, 15 хвілінаў таму пайшла, але можа яшчэ прыйдзе, яны чакалі кагосьці — можа, вас?" Такім чынам вахцёрка пацьвердзіла, што яны там былі".

А прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі й пракуратуры сёньня наведалі офісы Задзіночаньня беларускіх студэнтаў і фонду імя Лява Сапегі. Іх цікавілі дакумэнты пра вылучэньне сяброў гэтых арганізацыяў у "Незалежнае назіраньне". Кіраўнікі гэтых арганізацыяў адмовіліся даваць такія дакумэнты і падпісваць складзеныя акты.
XS
SM
MD
LG