Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ЎРАД ВЫСТУПАЕ Ў РОЛІ ЦЭНЗАРА


Юры Дракахруст, Прага

“Выконвайце артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі, які забараняе цэнзуру і гарантуе свабоду меркаваньняў і перакананьняў,” – з такім заклікам зьвяртаецца да Аляксандра Лукашэнкі Міжнародны камітэт абароны журналістаў.

Абедзьве міжнародныя арганізацыі, якія займаюцца абаронаю свабоды слова, адзначаюць узмацненьне ціску на незалежныя мэдыі падчас перадвыбарчай кампаніі. У заяве ARTICLE 19 гаворыцца, што беларускі ўрад выступае ў ролі цэнзара, прызначыўшы кіраўніком прыватнай друкарні “Мэджык” чыноўніка дзяржкамітэту па друку. Вынік быў атрыманы імгненна: 28 жніўня былі канфіскаваныя 40 тысячаў асобнікаў накладу газэты “Рабочы”, 31 жніўня наклад “Предпринимательской газеты” выйшаў з “белымі плямамі”. “Урад Беларусі дэманструе непавагу да свайго народу шляхам цэнзуры друку і падаўленьня іншадумства,” – такую выснову робіць ARTICLE 19.

Ліст Міжнароднага камітэту абароны журналістаў утрымлівае больш падрабязны сьпіс: прыгадваюцца канфіскацыя абсталяваньня газэтаў “Вольны горад”, “Беларускі ўсход”, “Народная воля”, арышт маёмасьці друкарні “Мэджык”, канфіскацыя накладаў “Рабочага” і “Нашай свабоды”. Камітэт абароны журналістаў нагадвае Аляксандру Лукашэнку, што без свабоднага абмену інфармацыяй, без свабоды слова выбары ня могуць лічыцца ані свабоднымі, ані справядлівымі.

Наколькі сытуацыя са свабодай слова ў Беларусі адрозьніваецца ад сытуацыі ў іншых краінах, што ўваходзяць у АБСЭ? – з такім пытаньнем мы зьвярнуліся да прадстаўніка ARTICLE 19 ў Беларусі Сафіі Пагслі.

(Пагслі: ) “Гэтая практыка, калі дзяржаўны камітэт па друку выносіць газэтам папярэджаньні за тое, што яны парушаюць закон аб друку, сярод усіх краінаў АБСЭ існуе толькі тут у Беларусі і, я мяркую, у Казахстане. Паводле артыкулу 5 закона аб друку, зьнявагі прэзыдэнта і іншых чыноўнікаў разглядаюцца як злоўжываньне свабодаю слова. Гэта таксама існуе толькі ў Беларусі і ў некаторых краінах Цэнтральнай Азіі – у Казахстане і Туркмэністане. Таму можна сказаць, што сытуацыя ў Беларусі са свабодаю мэдыяў адрозная ад сытуацыі ў іншых краінах сябрах АБСЭ”.

“Як зьмянілася сытуацыя са свабодаю слова ў Беларусі ў апошні час?” – на гэтая пытаньне прадстаўніца ARTICLE 19 у Беларусі Сафія Пагслі адказала наступнае.

(Пагслі: ) “Я працую тут зь верасьня мінулага году. І я заўважыла, што зь ліпеня гэтага году ціск на недзяржаўны друк узмацніўся. Я маю сьпіс з прыкладна 20 выпадкамі канфіскацыяў газэтаў і кампутараў, папярэджаньняў. На мой погляд сытуацыя з мэдыямі значна пагоршылася за апошнія 6 тыдняў”.
XS
SM
MD
LG