Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СССР ПРАЦЯГВАЕ ЖЫЦЬ У БЕЛАРУСІ


Сяргей Шупа, Прага

«У Беларусі зьнікаюць апазыцыйныя палітыкі» - гэткі артыкул зьмешчаны ў сёньняшнім нумары дацкай газэты Jyllands-Posten. Карэспандэнт газэты Флемінг Розэ сустрэўся зь Людмілай Карпенка, Ірынай Красоўскай і Сьвятланай Завадзкай і пераказвае дацкім чытачам уражаньні ад пачутых ім беларускіх гісторыяў. «Перамога – любым коштам». Так названы вялікі артыкул Паўла Шарамета ва ўплывовай нямецкай газэце Die Zeit, што выдаецца ў Гамбургу. Лукашэнка разумее, што калі ён ня выйграе выбары – яму канец. Таму ён ідзе ва-банк і не выбірае мэтадаў. А люксэмбурская газэта Tageblatt сёньня знаёміць чытачоў з палітычнымі партрэтамі галоўных удзельнікаў выбарчай барацьбы, загалоўкі артыкулаў - «Уладзімір Ганчарык – былы апаратчык, што зрабіўся дэмакратам» і «Аляксандар Лукашэнка: грозны прэзыдэнт-папуліст».

Пра апошнія Лукашэнкавы нападкі на кіраўніка місіі АБСЭ Віка і амбасадара ЗША Козака піша харвацкая газэта Vejsnik - «Лукашэнка абяцае выгнаць амбасадара ЗША і місію АБСЭ зь Беларусі». На гэтую самую тэму – пра раскрыцьцё гэтак званай апэрацыі «Белы бусел» пішуць эстонская Postimees, латыская Neatkarīgā Rīta Avīze і славацкія Národná Obroda і Pravda. А італьянская La Stampa надрукавала атрыкул «Прэзыдэнт Лукашэнка паміж экзальтацыяй і паранояй», у якім сярод іншага піша: «Абсаджаны ворагамі, зьневажаны здраднікамі, перасьледваны спэцслужбамі ­ уваччу бальшыні насельніцтва Беларусі Аляксандар Лукашэнка застаецца героем, які адзін змагаецца са злом. Аднак прэзыдэнцкая кампанія ў Беларусі ўжо набыла паранаідальныя рысы, якія нагадваюць Паўночную Карэю або нават сталінскі Савецкі Саюз. Для экстравагантнага экс-дырэктара савецкага саўгасу, адкрытага прыхільніка Гітлера, тут няма ніякіх сумневаў: супраць яго вядзецца глябальная кампанія. Але ён рашуча заяўляе: «Ніхто не паставіць нас на калені».

Пасьля паведамленьня пра італьянскага шпіёна, якога неўзабаве чакае суд у Менску, на Беларусь нарэшце зьвярнулі ўвагу італьянскія газэты. Пра справу 50-гадовага шпіёна Анджэла Антоніё Піу і ягонай супольніцы – здрадніцы радзімы 26-гадовай Ірыны Вушак – пішуць сёньня La Stampa, la Repubblica, Corriere Della Sera і рэгіянальная газэта L’Unione Sarda (сам падсудны паходзіць з Сардыніі). Яны зьвяртаюць увагу на тое, што гэтая гісторыя здарылася ў краіне, дзе сакрэтныя службы надалей завуцца «КГБ», дзе калгасы складаюць хрыбет эканомікі, а галоўная газэта называецца «Советская Белоруссия». На гэта зьвярнула ўвагу Corriere Della Sera.

Карэспандэнтка мадрыдзкай газэты El País Піляр Бонэт выступае на старонках газэты з артыкулам «СССР працягвае жыць у Беларусі». «Краіна зь дзесяцьцю мільёнамі жыхароў і з тэрыторыяй на палову Гішпаніі, Беларусь ня мае супярэчнасьцяў паміж усходнікамі і заходнікамі, як Украіна, не прывязваецца да рэлігіі, як Польшча, не абагаўляе сваю мову, як балтыйскія краіны. Карацей кажучы, краіна, якая за дзесяць гадоў незалежнасьці яшчэ так і не знайшла сама сябе, - робіць выснову гішпанская журналістка, аўтар артыкулу ў газэце El País.

Пералічу загалоўкі некаторых іншых публікацыяў: «Аўтарытарны кіраўнік Беларусі не зьбіраецца саступаць пасаду» (літоўская Kauno Diena); «Лукашэнка настроены на трыюмф» (Lietuvos Žinios), «Перад выбарамі ў Беларусі – лавіна абвінавачаньняў» (Lietuvos Rytas); «Ці вырашыцца ўсё ў першым туры?» (славацкая Pravda); «Беларуская апазыцыя заклікае ня ўдзельнічаць у папярэднім галасаваньні» (Frankfurter Allgemeine Zeitung); «Лукашэнка дамагаецца ўлады грубай сілай» (нямецкая Hannoversche Allgemeine); «Апошні аўтарытарны кіраўнік Эўропы, разыгрываючы антызаходнюю карту, спадзяецца на лёгкае пераабраньне» (амэрыканская San Francisco Chronicle).

Урэшце, расейская газэта The Moscow Times зьмяшчае сёньня рэдакцыйны артыкул пад загалоўкам «Няма сэнсу ў другім Мілошавічу». «Расея мае права хацець, каб у Менску засталося пры ўладзе ляяльнае прарасейскае кіраўніцтва, і ніхто ня мог бы спадзявацца, што яна падтрымае на прэзыдэнцкіх выбарах празаходнюю апазыцыю. […] Аднак, ставячы на Лукашэнку, Расея рызыкуе адштурхнуць ад сябе беларусаў, асабліва калі будзе расьці апазыцыя Лукашэнку. Беларусам не застанецца больш куды падзецца, як зьвярнуцца да Захаду, і Расея такім чынам страціць яшчэ аднаго саюзьніка. Ставячы на Лукашэнку, Расея рызыкуе паўтарыць памылку, якую яна зрабіла ў Сэрбіі, калі яна да канца трымалася за Слабадана Мілошавіча. А цяпер спытайцеся ў сэрбаў ­ што яны думаюць пра Расею», - піша ў рэдакцыйным артыкуле расейская газэта The Moscow Times.



XS
SM
MD
LG