Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІЦТВА НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОВАЎ ПРЫМУШАЕ СТУДЭНТАЎ ГАЛАСАВАЦЬ ДАТЭРМІНОВА


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня з розных навучальных установаў працягвалі паступаць зьвесткі пра тое, што студэнтаў прымушаюць галасаваць датэрмінова. У Беларускім унівэрсытэце культуры, дзе напярэдадні прайшла моладзевая акцыя пратэсту, кіраўніцтва вырашыла праігнараваць вынікі перамоваў зь ейнымі удзельнікамі.

Вось што паведаміла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі каардынатарка судэнцкага супраціву Маладога Фронту Лія Кійко:

(Кійко: ) "Плёну, якога хацелі, учорашняя акцыя, на жаль, не прынесла. Мы даведаліся, што ўчора ўвечары гэтых студэнтаў выклікалі ў дэканат. Менавіта дэкан Матульскі выклікаў старастаў групаў і студэнтаў і казаў, што калі тыя не прагаласуюць датэрмінова, то іх усё роўна будуць высяляць, а інтэрнаты зачыняць".

Назіральнік ад Таварыства беларускай мовы Аляксей Фралоў распавёў журналістам пра свае ўражаньні ад наведваньня менскага выбарчага ўчастку №20:

(Фралоў: ) "Там тэрыторыя інтэрнатаў мэдінстытуту, і там я стаў сьведкам прыхаванага парушэньня. Падышла адна жанчына да старшыні камісіі, які ёсьць дэканам, і пачала скардзіцца, як цяжка прыцягнуць на выбары студэнтаў 2-га і 3-га курсу, бо яны вельмі ўпарцяцца".

Сябар Маладога Фронту Аляксей Талстоў паведаміў пра ціск на студэнтаў Беларускага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту:

(Талстоў: ) "Там былі нашы прадстаўнікі, што назіралі за датэрміновымі выбарамі. Дык вось, да іх падыходзілі студэнты і казалі, што іх прымушаюць галасаваць датэрмінова, і гэтыя студэнты прасілі абараніць".

Ці насамрэч шмат студэнтаў БАТУ бярэ зараз удзел у датэрміновым галасаваньні? Каб адказаць на гэтае пытаньне, я завітаў на выбарчы ўчастак №17, які разьмешчаны ў адным з карпусоў гэтага ўнівэрсытэту. Вось што паведаміў нашаму радыё старшыня ўчастковай камісіі Леанід Місун:

(Місун: ) "Зараз прагаласаваў 581 чалавек. Большасць зь іх — гэта студэнты БАТУ. Рэч у тым, што многія нашы студэнты на выходныя едуць дадому, у розныя рэгіёны Беларусі. Яны галасуюць датэрмінова, бо зьбіраюцца прыехаць у Менск пасьля 9 верасьня. Больш як 20% ужо прагаласавала".


XS
SM
MD
LG