Нягледзячы на агітацыю мясцовага чынавенства, на сустрэчу прыйшло каля 1000 чалавек. Заля акадэміі была запоўненая цалкам. Выступ спадара Ганчарыка суправаджаўся воплескамі. Было бачна, што большасьць удзельнікаў сустрэчы падтрымлівае кандыдата ў прэзыдэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі.
Праціўнікаў амаль не было, за выключэньнем некалькіх людзей сталага веку, якія пэрыядычна выкрыквалі: "БНФаўцы і Ганчарык прадасьць Беларусь Польшчы!"
На пытаньне: "Ці Вы маральна падрыхтаваліся да паразы на выбарах?" Уладзімер Ганчарык каротка адказаў: "Не, не дачакаецеся. Я ніколі, ні пры якіх абставінах не здыму сваёй кандыдатуры. Гэта будзе падарунак Лукашэнку".
На працягу дзьвюх гадзінаў спадар Ганчарык распавядаў пра сваю перадвыбарчую праграму і адказваў на пытаньні. Паводле ягонай думкі, у Беларусі ёсьць усе магчымасьці для пасьпяховага эканамічнага росту. Для гэтага патрэбна зьмяніць кіраўніцтва. У шматлікіх запісках жыхары Горак заяўлялі пра тое, што пасьля сёньняшняй сустрэчы яны вырашылі аддаць свае галасы за Ўладзімера Ганчарыка.
Улады ўсяляк прымушаюць выбарцаў прагаласавць да 9 верасьня. Як паведамілі жыхары горацкіх студэнцкіх інтэрнатаў, іх прымушалі пайсьці на выбарчыя ўчасткі, пагражаючы ім высяленьнем.
Такія выпадкі не адзінкавыя. Пагрозамі высяліць пужаюць і насельнікаў студэнцкіх і рабочых інтэрнатаў. У Магілёве гэтак прымушалі пайсьці галасаваць кіраўнікі такіх прадпрыемстваў як "Трансмаш" і ліфтабудаўнічы завод. На выбарчыя ўчасткі гоняць і студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту — таго, дзе вучыўся Аляксандар Лукашэнка.
У размове з карэспандэнтам Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода старшыня абласнога штабу Ўладзімера Ганчарыка Надзея Гарохава адзначыла: "У параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі, на Магілёўшчыне найбольш часта парушаецца выбарчае заканадаўства. Парушэньні закону набылі масавы характар".
Акрамя патрабаваньня ўзяць удзел у датэрміновым галасаваньні ўлады па-ранейшаму канфіскоўваюць перадвыбарчыя матэрыялы ў падтрымку Ўладзімера Ганчарыка і незалежныя друкаваныя выданьні. Апошнім часам такія выпадкі назіраліся ў Круглым, Клічаве, Быхаве і іншых райцэнтрах Магілёўскай вобласьці.