Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПРЭЗЫДЭНТА ЛУКАШЭНКУ ЗЛАВІЛІ НА ЖАНЧЫНЕ…”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

І адразу ж пасьля такога эфэктнага загалоўку газэта “Коммерсантъ” тлумачыць, што Лукашэнка нахлусіў і на былую кіраўніцу Нацбанку і – на “Коммерсантъ”, які 3 верасьня надрукаваў інтэрвію з Тамарай Віньнікавай. Сёньня чытачы саліднага расейскага выданьня зноў маюць магчымасьць прачытаць тое інтэрвію. Працытуем яго і мы.Тамара Віньнікава сказала:

“Вы ніколі ня знойдзеце ніводнай паперкі, ніводнага рахунку, аформленага асабіста на Лукашэнку. Але давайце паглядзім: дзьве фірмы правозілі гарэлку і атрымалі чатыры з паловаю мільярды даляраў прыбытку. Аляксандар Рыгоравіч сам асабіста рабіў выключэньне для іх, каб яны не плацілі падаткаў ў дзяржаўную казну, даў адтэрміноўку па выплаце”.

І далей спадарыня Віньнікава задае нерытарычнае пытаньне:

“Скажыце, калі ён ведае, што атрыманы прыбытак – чатыры з паловай мільярды даляраў, ён што, ня ведаў, у каго гэтыя грошы? І што ён вось так проста пагадзіўся падараваць гэтыя грошы камусьці і ніяк не датыкнуўся да гэтага асабіста? Я ў гэта ня веру”.

Вось гэтыя словы Віньнікавай, піша расейская газэта “Коммерсантъ”, і выклікалі рэзкую рэакцыю бацькі, які на сваёй сустрэчы з выбарцамі скіраваў сваё абурэньне на расейскую газэту. Сёньня “Коммерсантъ” цытуе і Лукашэнку, які, паводле газэты, разыграў у Палацы Рэспублікі “добра адрэжысаваны спэктакаль”, і Тамару Віньнікаву, якая пацьвердзіла сваё папярэдняе інтэрвію, і якая ніяк не зьбіралася прыяжджаць у Беларусь дый яшчэ прасіць аўдыенцыі у Лукашэнкі, пра што апошні паведаміў сваім выбарцам. Газэта робіць выснову: “Лукашэнка або быў дрэнна паінфармаваны, або пасьпяшаўся выдаць пажаданае за сапраўднае”.

Пра яшчэ адзін скандал шмат пішуць сёньня расейскія газэты – пра ўчорашнюю публікацыю газэтай “Советская Белоруссия” аналітычнай запіскі маскоўскага цэнтру “Незалежная палітычная экспэртыза”, зь якой вынікае, нібыта спэцслужбы Захаду распрацавалі апэрацыю “Белы бусел” з мэтай адхіленьня ад улады Лукашэнкі. Газэта “Россия” “самае сэнсацыйнае” ўбачыла ў тым, што “Лукашэнка ў запале прагаварыўся, якім чынам гэты дакумэнт патрапіў у ягоныя рукі”.

“Высьвятляецца, – піша газэта “Россия”, – яго здабылі расейскія спэцслужбы з амэрыканскай амбасады. Атрымліваецца, што расейская служба зьнешняй выведкі працуе ня толькі на Пуціна, а яшчэ і на Лукашэнку. У міжнароднай практыцы – гэта нонсэнс”. Больш за тое, паводле кадравых выведнікаў, сваёй заявай Аляксандар Рыгоравіч, фактычна, выдаў нашага…” Робіць выснову газэта “Россия”.

Шэраг расейскіх пэрыёдыкаў камэнтуе візыт у Менск мэра Масквы Юр’я Лужкова. Газэта “Время МН” заўважае, што “візыты расейскіх палітыкаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў становяцца ўжо будзённым фактам. У верасьні не было пакуль ніводнага дня, каб у Беларусі не зьявілася ніводнай значнай фігуры з Расеі”.

З гэтай нагоды “Московские новости” у рэдакцыйным артыкуле “Няўсеагульны ўлюбенец” даюць адказ на пытаньне: “У чым прычына пілігрымства?” “Едуць, каб падтрымаць Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах. Але не таму, – пішуць “Московские новости”, – “што шанцы беларускага бацькі пахіснуліся: унутры сваёй краіны ён у поўнай бясьпецы. Але вось за яе межамі – сытуацыя іншая. Захад, як вядома, не абдароўвае бацьку, ставіць яго ў адзін шэраг з гааскім падсудным Мілошавічам. Шмат пытаньняў назьбіралася да беларускага прэзыдэнта. Прычым аж запрыкрых – ад бясьсьледнага зьнікненьня ягоных палітычных апанэнтаў да ўціску незалежнай прэсы. Для усясьветнай грамадзкай думкі гэтыя пытаньні важныя надзвычайна. А для расейскай? – пытаецца газэта. І дае адказ: “Калі меркаваць па айчынных палітыках, то ім зусім злавесныя падзеі ў даручанай бацьку краіне – да лямпачкі. Напэўна, да лямпачкі і тое, як іх, прадстаўнікоў расейскай палітычнай эліты, будуць успрымаць у цывілізаваным сьвеце. Што ж, яны маюць права ахвяраваць уласнай рэпутацыяй. Але ж яны едуць да Лукашэнкі ня як прыватныя, а як зусім афіцыйныя асобы. А значыць, ставяць пад удар ня столькі свае, але і нашы, грамадзянаў Расеі, рэпутацыі. Як каму, а мне гэта не падабаецца”, – піша ў рэдакцыйным артыкуле “Няўсеагульны ўлюбенец” намесьніца галоўнага рэдактара газэты “Московские новости” Людміла Целень.


XS
SM
MD
LG