Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР КОЗАК АБВЯРГНУЎ ДОМЫСЛЫ TIMES І БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Найперш амэрыканскі амбасадар паведаміў, што беларускі міністар замежных справаў меў да яго пытаньні наконт "уяўнага артыкулу" ў лёнданскай Times, які выйшаў учора пад загалоўкам "ЗША прымяняюць "палітыку контрас" у камуністычнай Беларусі".

Аўтарка артыкулу ўзяла фрагмэнт зь ліста Майкла Козака ў іншую брытанскую газэту, "Гардыян", што амэрыканская "задача і ў пэўнай ступені мэтадалёгія аднолькавыя" як у Беларусі, гэтак і ў Нікарагуа. Адразу пасьля гэтага фрагмэнту маскоўская карэспандэнтка Times дапісала, што ў Нікарагуа "ЗША падтрымлівалі контрас у вайне супраць левага ўраду сандыністаў, якая забрала прынамсі 30 тысячаў жыцьцяў".

Сёньня амбасадар Козак патлумачыў міністру Хвастову й пазьней журналістам, што за ўвесь час працы на пасадзе амбасадара ў Менску ён напісаў усяго адзін ліст — ня ў Times, а ў "Гардыян", дзе 25 жніўня было надрукавана наступнае (і беларуская служба Радыё Свабода ўжо 26 жніўня перадала гэтую цытату з Майкла Козака ў сваім эфіры):

"Наша задача і ў пэўнай ступені мэтадалёгія тыя ж самыя. Тады мы працавалі з сандынісцкімі ўладамі, Арганізацыяй амэрыканскіх дзяржаваў, іншымі краінамі рэгіёну й былым Савецкім Саюзам, каб спрыяць свабодным, справядлівым і празрыстым выбарам. Сёньня мы працуем з Арганізацыяй бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе, Асацыяцыяй арганізатараў выбараў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе й дзяржавамі-сябрамі АБСЭ, улучна зь сябрамі Эўразьвязу, каб заахвоціць беларускія ўлады стварыць хаця б мінімум доступу апазыцыі да прэсы й празрыстасьці працэсу падліку галасоў".

На сёньняшнім брыфінгу пасьля сустрэчы зь міністрам Хвастовым амбасадар Козак падкрэсьліў:

(Козак: ) "Нічога ў лісьце ня згадвае або "контрас", або войны, або нешта іншае з пэрыяду 1979 году ці позьніх 1970-х — раньніх 1980-х, што згадаў міністар у сваім камэнтары".

Міністар Хвастоў сапраўды сказаў учора, што памятае, якога кшталту палітыку адміністрацыя ЗША праводзіла ў канцы 1970-х–пачатку 1980-х у Цэнтральнай Амэрыцы. На думку Міхаіла Хвастова, "гэтая палітыка наўпрост перанесеная на сытуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў".

Спадар Хвастоў дадаў, што ведае й ведаў, якую ролю Майкл Козак адыграў у Панаме ў 1988 годзе, калі быў скінуты тамтэйшы дыктатар Нар'ега. Беларускі міністар учора выказаў меркаваньне, што існуе спроба перанесьці "панамскую сытуацыю" на Беларусь.

Амэрыканскі ж амбасадар Майкл Козак сёньня заявіў:

(Козак: ) "Удзел, які я браў у цэнтральна-амэрыканскай палітыцы, меў месца ў пэрыяд 1989–1991 гадоў, калі войны ў Нікарагуа й Сальвадоры ўжо скончыліся празь мірныя перамовы наконт пагадненьняў, якія стварылі ўмовы для справядлівых, свабодных і празрыстых выбараў у гэтых краінах".

Амбасадар Козак адказаў і на маё пытаньне, чаму дыпляматычнае ведамства Беларусі ніяк не рэагавала на падрабязныя паведамленьні пра ягоны ліст у "Гардыян", што зьявіліся тыдзень таму на Радыё Свабода і ў беларускай газэце "Наша свабода", але гучна адрэагавала цяпер.

(Козак: ) "Чаму не было рэакцыі раней? Я магу толькі разважаць. Я думаю, што цяжка для каго-небудзь адшукаць нешта такое ў маім сапраўдным лісьце. Характарыстыка ліста ў нядаўнім артыкуле — іншая справа. Менавіта таму, думаю, ён і запрасіў мяне — наконт гэтай характарыстыкі", — адказаў амбасадар ЗША ў Менску пасьля сустрэчы зь міністрам Хвастовым.

Майкл Козак дадаў, што ўчорашні артыкул у Times — гэта ня вельмі добры матэрыял. Яго аўтарка дамовілася з амэрыканскім амбасадарам у Беларусі пра інтэрвію, якое мела адбыцца заўтра, але, не дачакаўшыся камэнтароў спадара Козака, надрукавала артыкул, які адразу ж выкарыстала ў прапагандысцкіх мэтах Беларускае тэлебачаньне.


XS
SM
MD
LG