Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ДРУК: ЛУКАШЭНКУ НЯ ДОЎГА ЗАСТАЛОСЯ


Юры Дракахруст, Прага

Аглядальнік газэты “Версты” Марына Шакіна называе подзьвігам вылучэньне беларускай апазыцыяй адзінага кандыдата . Адзначаючы бязлітасны характар перадвыбарчай барацьбы, сп-ня Шакіна заўважае , што усе прыёмы вядомыя па расейскіх выбарах: сацыялягічныя апытаньні, якія ня выклікаюць даверу, абвінавачваньні ў пакупке подпісаў выбаршчыкаў, выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу, выкід кампрамату, ціск на мэдыі, што падтрымліваюць канкурэнтаў і г.д.

Карэспандэнт “Комсомольской правды” лічыць, што галоўны матыў, паводле якога беларусы гатовыя галасаваць за Лукашэнку: а раптам пры іншым будзе горш? Журналіст лічыць, што магчымасьць таго, што народ паверыць іншаму кандыдату, усё ж існуе. Пры гэты газэта адзначае блізкасьць праграмных палажэньняў асноўных канкурэнтаў - Ганчарыка і Лукашэнкі: той жа саюз з Расеяй, тая ж сацыяльна арыентаваная эканоміка. “Аднак Ганчарык разумее, што людзям трэба ня толькі раздаваць падачкі з бюджэту, але і даць магчымасьць зарабіць” - піша “Комсомольская правда”.

Перадвыбарчая кампанія падвысіла ў расейскіх мэдыях цікавасьць ня толькі да палітычных баталіяў у Беларусі, але і да больш глыбінных працэсаў.

Газэта “Российския вести” правяла “круглы стол”, прысьвечаны даследваньню, што было праведзенае ў Беларусі расейскімі аналітыкамі напярэдадні выбараў. Паводле сацыёляга Леонтія Бызава, “аб’яднаньня з Расеяй большасьць беларусаў відавочна ня хоча, а жадае толькі больш шчыльных эканамічных адносінаў. Колькасьць прыхільнікаў аб’яднаньня нашых дзяржаваў на раўнапраўнай аснове менш 30%, а прыхільнікаў уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі – менш 5%”. Паводле словаў сп-ра Бызава, у Беларусі лібэральныя каштоўнасьці нават больш папулярныя, чым ў Расеі. “Беларусь яшчэ не перахварэла радыкальнымі рэформамі і ня мае да іх імунітэту. У іх яшчэ не было свайго Гайдара. А таму ў гаражанаў хапае празаходніх ілюзіяў” – мяркуе расейскі сацыёляг. Другі ўдзельнік “круглага стала” “Росийских вестей”, намесьнік дырэктара інстытуту краінаў СНД Уладзімер Жарыхын абверг распаўсюджаную ў Расеі думку, што гарантам інтэграцыі з’яўляецца менавіта дзейны кіраўнік Беларусі. Паводле думкі сп-ра Жарыхіна “галоўны адэпт славянскага аб’яднаньня менш за ўсё хоча аб’яднаньня з Расеяй. І чым далей, тым болей”.

Газэта “Иностранец” зьвяртае ўвагу на незалежніцкую рыторыку, якой карыстаецца Аляксандар Лукашэнка. Паводле выданьня, гэтыя заявы маюць двух адрасатаў: гэта намёк Маскве, што ня варта шукаць замену “бацьку”, бо ён усё роўна пераможа і можа адплаціць саюзнікуза неляяльнасьць. А па-другое, гэта намёк Захаду на магчымасьць карэкцыі прарасейскага курсу.

“Каму быць пераможцам – ўжо вырашана. Но чым бы ня скончылася 9 верасьня, рэжыму Лукашэнкі нядоўга засталося. Зараз у цэнтры Эўропы такое ня можа існаваць доўга. Свой “Каштуніца” ў Беларусі, зразумела, зьявіцца. Але лепш, каб гэта адбылося ўсё ж шляхам выбараў” – піша расейская газэта “Иностранец”.
XS
SM
MD
LG