Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯРМОШЫНА ПААБЯЦАЛА ДАВЕСЬЦІ ДА ВЫБАРАЎ УСІХ ТРОХ КАНДЫДАТАЎ І ПАКАРАЦЬ ЧЫНОЎНІКАЎ, ЯКІЯ ПРЫМУШАЮЦЬ ГРАМАДЗЯН ГАЛАСАВАЦЬ ДАТЭРМІНОВА


Юры Сьвірко, Менск

У нядзелю на дзяржаўным тэлеканале Расеі (РТР) паказалі паўгадзінны агітацыйны фільм пра Аляксандра Лукашэнку — "Адзін дзень з прэзыдэнтам", які можна расцэньваць як антыагітацыю, бо спадара Лукашэнку дэманстравалі на лыжаролерах, у хакейнай форме, у лазьні, і ўсе гэтыя забавы падавалі як ягоны працоўны дзень.

На Беларускім жа тэлебачаньні ў перадачы "Рэзананс" Аляксандар Зімоўскі агучыў вынікі невядомых сацыялягічных апытаньняў, паводле якіх спадар Лукашэнка на выбарах нібыта атрымае больш як 61 адсотак галасоў.

Гэтыя зьвесткі не заслугоўвалі б увагі, калі б не артыкул 46 Выбарчага кодэксу: "Цягам апошніх 10 дзён да выбараў, рэфэрэндуму не дапускаецца апублікаваньне вынікаў апытаньняў грамадзкае думкі, зьвязаных з выбарамі, рэфэрэндумам, прагнозам іх вынікаў".

Ці ўбачыла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына парушэньне выбарчага заканадаўства ў дзеяньнях Аляксандра Зімоўскага?

(Ярмошына: ) "Вы абсалютна маеце рацыю. На жаль, гэтае парушэньне мела месца. Я сёньня званіла Скварцову — ён мне паабяцаў, што гэта не паўтарыцца. Яны сапраўды ня ведалі закону. На жаль, я цяпер шкадую, што я іх спэцыяльна не папярэдзіла. Я спадзяюся, што гэтае парушэньне больш не паўторыцца".

Спадарыня Ярмошына адразу пасьля абвешчаньня сёньняшняга папярэджаньня Ўладзімеру Ганчарыку, у тым ліку і з нагоды нядзельнага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы Менску, на маю просьбу пракамэнтавала таксама нядзельны мітынг у горадзе Мсьціславе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

(Ярмошына: ) "Лукашэнка езьдзіць як дзяржаўная асоба паводле статусу, таму там тыя службы, якія забясьпечваюць ягонае знаходжаньне, забясьпечваюць і грамадзкі парадак. Яму ня трэба зьвяртацца па дазвол, таму што ён едзе не як кандыдат на прэзыдэнта, а як дзейны кіраўнік дзяржавы".

(Карэспандэнт: ) "А ягоныя перадвыбарчыя выступы — гэта выступы не кандыдата?"

(Ярмошына: ) "Гэта не кандыдат".

А вось меркаваньне старшыні Цэнтарвыбаркаму наконт мажлівасьці скасаваньня рэгістрацыі адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка:

(Ярмошына: ) "Я не хацела б гэта абмяркоўваць, шчыра кажучы. Таму што Ганчарыка можна было шмат разоў ужо зьняць з рэгістрацыі за тое, што яны твораць. Мы наўмысна гэтага ня хочам, то бок дэманструем цярпеньне, што называецца, анёльскае, таму што мы хочам усіх кандыдатаў давесьці да выбарчай кампаніі".

Лідзія Ярмошына таксама пракамэнтавала мажлівыя дзеяньні ўладаў, якія могуць прымусіць грамадзянаў пайсьці на датэрміновае галасаваньне, якое пачынаецца ўжо заўтра.

(Ярмошына: ) "Любы прымус і ў дзень выбараў забаронены".

(Карэспандэнт: ) "А датэрміновае галасаваньне?"

(Ярмошына: ) "Дык любое галасаваньне пад прымусам немажлівае. Гэта роўныя парушэньні — што прымус у дзень выбараў, што прымус галасаваць датэрмінова. Гэта прымус да недабраахвотнай рэалізацыі выбарчага права.

Прымус — калі выбарцу аб'яўляюць і кажуць: "Ня прыйдзеш — прэміі пазбаўлю. Ня прыйдзеш — з інтэрнату высялю". Будзем перадаваць у пракуратуру й прымяняць адміністратыўную адказнасьць да такога адміністратара", — зазначыла спадарыня Ярмошына, старшыня Цэнтарвыбаркаму.

Тым часам сёньня прэсавая служба Сяргея Гайдукевіча распаўсюдзіла паведамленьне, што ў нядзелю ў Менску былі затрыманыя грамадзяне, якія агітавалі за Гайдукевіча. Гэтых грамадзянаў прывезьлі ва ўпраўленьні ўнутраных справаў Маскоўскага, Партызанскага й Савецкага раёнаў Менску, але неўзабаве адпусьцілі.

XS
SM
MD
LG