Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ – КАНФІСКАЦЫІ ГАЗЭТАЎ І МІЛІЦЭЙСКІЯ РЭПРЭСІІ СУПРАЦЬ АГІТАТАРАЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Сёньня ж кіраўнік Магілёўскага абкаму прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Крутаўцоў заявіў пра тое, што абкам падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.

У Круглянскім раёне міліцыянты спынілі аўтамабіль тэхноляга раённай ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка, Аляксандра Булаўкіна, і запатрабавалі накладныя на спэцвыпускі газэтаў "Наша свабода", "Народная воля" і "Беларускі час". Калі жыхар Круглава патлумачыў, што падчас распаўсюду газэтаў такі дакумэнт не патрэбны, выданьні канфіскавалі.

Сёньня спадар Булаўкін зьвярнуўся ў суд з пазовам на міліцыянтаў. У такую ж сытуацыю трапіў і тэхноляг Горацкага раёну Эдуард Брокараў. Яго затрымалі ў вёсцы Горацкага раёну падчас расклейкі агітацыйных плякатаў за кандыдата ад шырокай кааліцыі.

Падобным чынам павялі сябе ўлады Клімавіцкага раёну. Мясцовыя міліцыянты з кіраўніком раённай вэртыкалі Ўладзімерам Канавалавым сустрэлі прадстаўнікоў абласнога штабу Ўладзімера Ганчарыка каля будынка райвыканкаму і адразу пачалі здымаць на відэа.

Як паведаміў намесьнік старшыні абласнога штаба Ўладзімер Шанцаў, пра час і месца сустрэчы ён дамаўляўся праз тэлефон, і больш ніхто пра гэта ня ведаў. На гэтай падставе ён лічыць, што тэлефонныя размовы чальцоў штабу праслухоўваюцца адпаведнымі органамі. Пасьля здымак ягоны аўтамабіль тройчы спынялі ў горадзе.

А старшыня Клімавіцкага раёну выбарчай камісіі спрабаваў забраць агітацыйны стэнд Уладзімера Ганчарыка на той падставе, што дзеяньні агітатараў нібыта незаконныя. Праз пэўны час міліцыянты, спасылаючыся на загад Уладзімера Канавалава, патрабавалі, каб кіраўнікі штабу зьехалі з Клімавічаў.

У Магілёве былі затрыманыя чатыры ўдзельнікі агітацыйных пікетаў у падтрымку Ўладзімера Ганчарыка. Іх вызвалілі толькі тады, калі канфіскавалі ўлёткі, буклеты і газэты.

Пра ляяльнасьць да Аляксандра Лукашэнкі сёньня пасьпяшаўся заявіць кіраўнік Магілёўскага абкаму прафсаюзу аграпрамысловага комплексу Сяргей Крутаўцоў. На нарадзе абласнога аб'яднаньня прафсаюзаў ён заявіў, што ягоны абкам падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.

Сяргей Крутаўцоў сёньня выступіў па абласным тэлебачаньні з заклікам падтрымаць Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, і што адметна, ён казаў амаль у той жа час, калі выбарцы Магілёва прыйшлі на сустрэчу зь ягоным начальнікам — даверанай асобай Уладзімера Ганчарыка Аляксандрам Ярашуком.


XS
SM
MD
LG