Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЕМЛЯКІ ГАНЧАРЫКА БУДУЦЬ ГАЛАСАВАЦЬ ЗА ЯГО


Міхал Стэльмак, Менск

Аўгустова — вёска, у якой некалькі соцень двароў. Месьціцца яна за 5 кілямэтраў ад Лагойску. На вуліцы Дзяржынскага ў невялікай сялянскай хаце жыве Ніна Данілаўна Ганчарык. 82-гадовая жанчына занятая зараз звычайнымі вясковымі клопатамі — учора ёй прывезьлі дровы:

(Ніна Данілаўна Ганчарык: ) "У лясгасе выпісала, 35 тысяч каштавалі. А пэнсію атрымліваю 59 тысяч".

Ніна Данілаўна жыве ў хаце адна. Ужо 20 гадоў, як памёр муж — бацька Ўладзімера Ганчарыка, які працаваў тут настаўнікам пачатковых клясаў. Уладзімер — старэйшы сын.

(Ніна Данілаўна Ганчарык: ) "Харошы хлопец — дамоў прыляціць, ні з чым ня лічыцца. Трэба што-небудзь зрабіць — чорная праца ці белая — усё робіць. Малайчына хлопец".

(Карэспандэнт: ) "А што ён умее рабіць?"

(Ніна Данілаўна Ганчарык: ) "Усё. Ён можа і сячы, і піліць, і высякаць. І сталярную працу".

(Карэспандэнт: ) "А сена ён умее касіць?"

(Ніна Данілаўна Ганчарык: ) "О, яшчэ як. Гэта яго работа. Як прыляціць, дык у гародзе ўсё сена скосіць — вядома ж, сельскі хлопец".

Паводле ейных словаў, пра рашэньне сына балятавацца ў прэзыдэнты яна даведалася нядаўна. Ад аднавяскоўцаў:

(Ніна Данілаўна Ганчарык: ) "Гаварылі. Але я спачатку ня верыла. А потым прыехалі фатаграфаваць. Я яму нічога не сказала. У гэтыя палітычныя справы я ня ўмешваюся. Я толькі чытала, што Лукашэнка моцна пакрыўдзіў яго, на прафсаюз учыніў ціск, рахункі пазачыняў — але ж гэта людзкія грошы. А цяпер ён казырыць, што пэнсіі пэнсіянэрам падвысіў".

Пасьля таго, як маці Ўладзімера Ганчарыка даведалася пра зьнікненьне вядомых у Беларусі асобаў, яе таксама апанавала трывога:

(Ніна Данілаўна Ганчарык: ) "Вядома ж, хвалююся. Валодзя ж выступаў і пра гэта сам казаў. Вядома ж, помста. У Лукашэнкі сіла ў руках — і міліцыя, і армія, і грошы. А ў Валодзі — анічога".

Паводле словаў Ніны Данілаўны, ейныя аднавяскоўцы выбарамі цікавяцца:

(Ніна Данілаўна Ганчарык: ) "Я нікога не агітую. Мне кажуць:"Я буду за Ганчарыка". Ну, галасуйце. Ваша справа, за каго вы свой голас аддасьцё".

(Карэспандэнт: ) "А вы на мінулых выбарах за каго галасавалі?"

(Ніна Данілаўна Ганчарык: ) "За Лукашэнку галасавала. Я ж ня ведала нічога. А зараз падтасуюць. Я сама працавала ў выбарчых камісіях і ведаю, што гэта зрабіць лёгка".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, што могуць сфальсыфікаваць вынікі?"

(Ніна Данілаўна Ганчарык: ) "Як двойчы два. Але што будзе, тое будзе".

Выбарчая тэма сёньня ў Аўгустове абмяркоўваецца як у сем'ях, так і на вуліцы. Абсалютная большасьць, паводле маіх апытаньняў, мае намер галасаваць за свайго земляка:

(Карэспандэнт: ) "Як вас завуць?"

(Спадарыня: ) "Валянціна Іванаўна?"

(Карэспандэнт: ) "А прозьвішча?"

(Спадарыня: ) "Кавалёва".

(Карэспандэнт: ) "Чаму вы за Ганчарыка зьбіраецеся галасаваць?"

(Спадарыня: ) "Таму што ён наш зямляк. Спадзяюся, што нам ён дапаможа".

(Спадар: ) "Вы ведаеце, ні за кога іншага мы галасаваць не зьбіраемся. Ганчарык — свой чалавек. З Лукашэнкам мы пражылі ўжо 7 гадоў — і што мы пабачылі? Яшчэ горш стала, чымсьці ў час СССР. Я перакананы, што наш зямляк падтрымае хаця б нашу вёску. Ды што вёску, ён усю краіну выведзе. І ўсе мы будзем нармалёва жыць".

Гэтак лічыць 26-гадовы аўгустовец Зьміцер Багацішчаў. Валянціна Кавалёва свой выбар тлумачыць яшчэ і вострай неабходнасьцю эканамічных зьменаў у Аўгустове:

(Кавалёва: ) "Я скажу вось, што адбываецца ў нашым калгасе. Я 16 год працую на адным месцы. Дык чаму ня даць чалавеку сена? Здаю ж малако. У гаспадарцы Карла Маркса ў Чудзенічах дык яно наогул згніло".

А вось меркаваньне аўгустоўскай культработніцы Сьвятланы Яцковай:

(Яцкова: ) "Будзем галасаваць за Ганчарыка. Можа, лепш жыць стане. Ён наш зямляк. Можа, паклапоціцца пра нашу вёску родную. У нас з вадою, напрыклад, праблемы. Ён ужо прыяжджаў, цікавіўся. Спадзяёмся, што дапаможа "акультурыць" нашу вёску".

(Гуц: ) "Я буду галасаваць за Ганчарыка. Што мне даў Лукашэнка? Ніколі ня думаў, што давядзецца хадзіць у латаных штанах ды дзіравай ватоўцы. А вось давялося. І ботаў няма — адны гумавыя, ды й тыя ў дзірках. Лукашэнка 7 год у нас прапанстваў, а што ён нам даў?!" — абураецца пэнсіянэр Гуц.

Галасаваць супраць Уладзімера Ганчарыка зьбіраецца ў Аўгустове хіба што мясцовая мэдсястра Галіна Дубавец:

(Дубавец: ) "Мяне цяперашні прэзыдэнт задавальняе, і я буду за яго галасаваць".

(Карэспандэнт: ) "Вы перакананыя, што Ганчарык будзе горшым прэзыдэнтам?"

(Дубавец: ) "Я не перакананая, што будзе горшы — але адкуль я ведаю, што ён будзе лепшы. Трэба, каб быў маладзейшы прэзыдэнт. Хаця я адна, але я буду галасаваць за Лукашэнку".

Высокі рэйтынг Уладзімера Ганчарыка ў роднай вёсцы тлумачыцца найперш высокім аўтарытэтам ягонай маці:

(Спадар: ) "Вельмі добрая маці ў яго".

(Багацішчаў: ) "Ёй 82 ці 83 гады, мы — маладзейшыя. І калі яна папросіць, напрыклад, нешта па гаспадарцы, то мы рэгулярна ідзем і дапамагаем. Уладзімер Ганчарык ня можа кожныя выходныя прыехаць у вёску і дапамагчы ёй. У Аўгустове пра яе ніводзін чалавек ня скажа кепскага слова".


XS
SM
MD
LG