Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРАЛЕЛЬНАЕ НАЗІРАНЬНЕ ПАЧНЕЦЦА 4 ВЕРАСЬНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы "Незалежнае назіраньне" правялі сёньня прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой паведамілі, што нягледзячы на ўсе перашкоды з боку ўладаў выбарчыя камісіі ўжо зарэгістравалі больш за 10 000 незалежных назіральнікаў ад шэрагу недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў.

Напярэдадні рэгістрацыі назіральнікаў старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына разаслала кіраўнікам абласных камісіяў адмысловы дакумэнт, якім папярэдзіла, што "Незалежнае назіраньне" рыхтуе паралельны падлік галасоў, што, на ейны погляд, ёсьць парушэньнем закону.

Паводле аднаго зь лідэраў "Незалежнага назіраньня", кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага, пасьля атрыманьня гэтага дакумэнту ЦВК кіраўнікі некаторых тэрытарыяльных камісіяў не хацелі рэгістраваць назіральнікамі сяброў ягонай арганізацыі. Але ў выніку назіральнікамі зарэгістраваныя амаль усе актывісты арганізацыяў, што ўваходзяць у "Незалежнае назіраньне". Гаворыць Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Што датычыцца рэгістрацыі нашых назіральнікаў, то ўлады не маглі іх не зарэгістраваць, бо рэгістрацыя йшла згодна з законам, і калі б было не зарэгістравана некалькі тысячаў назіральнікаў (агульная колькасьць іх вельмі вялікая — гэта больш за 10 000), то быў бы грандыёзны скандал. Немагчыма не зарэгістраваць такую колькасьць назіральнікаў. Але ўрэшце выбары пачнуцца толькі заўтра, так што пабачым, ці пойдзе гэтае назіраньне, ці дапусьцяць назіральнікаў на ўчасткі".

Каардынатары "Незалежнага назіраньня" гавораць, што ўлады ў рэгіёнах рабілі ўсё магчымае, каб запалохаць будучых назіральнікаў і прымусіць іх адмовіцца ад назіраньня. Гэтыя запалохваньні пагрозамі звальненьня з працы, іншымі адміністратыўнымі пакараньнямі часткова дасягнулі сваёй мэты (некаторыя людзі адмовіліся ад назіраньня). Але й больш як 10 000 назіральнікаў будзе дастаткова, каб пракантраляваць ход галасаваньня й правесьці паралельны падлік галасоў на 500 выбарчых участках.

Назіраньне за датэрміновым галасаваньнем пачнецца заўтра. Паводле Алеся Бяляцкага, назіраньнем будуць ахопленыя ўсе ўчасткі ў гарадах і раённых цэнтрах. Значна цяжэй будзе наладзіць назіраньне на вёсцы. Прадстаўнікі "Незалежнага назіраньня" вельмі непакояцца, што ўлады змогуць сфальшаваць вынікі датэрміновага галасаваньня ўначы, калі скрыні (хаця й пад аховай міліцыянтаў) будуць знаходзіцца на ўчастках.

Каардынатар сыстэмы паралельнага падліку галасоў Міраслаў Кобаса паведаміў, што гэтае мерапрыемства на некаторых участках таксама пачнецца з заўтрашняга дня.

Менавіта сыстэма паралельнага падліку галасоў выклікае вельмі нэрвовую рэакцыю ўладаў і праўрадавых арганізацыяў. Сёньня яны нават арганізавалі круглы стол, дзе была агучаная заява прадстаўнікоў трох дзясяткаў праўрадавых арганізацыяў, якія асуджаюць паралельны падлік галасоў. А намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Міхаіл Сьнягір пагражаў арганізатарам паралельнага падліку і магчымых акцыяў пратэсту апазыцыі адміністратыўнай і крымінальнай адказнасьцю.

А начальнік аховы правапарадку МУС Іван Дубік заявіў, што любыя спробы апазыцыі дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне будуць жорстка спыненыя.

XS
SM
MD
LG