Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК ВЫНЕС УЛАДЗІМЕРУ ГАНЧАРЫКУ ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ ЗА МАЙКІ “СКАЖЫ ДУРНЮ НЕ!”


Валер Каліноўскі, Менск

Прадстаўнікі каманды Ганчарыка лічаць, што папярэджваць і здымаць з дыстанцыі трэба Аляксандра Лукашэнку.

Цэнтарвыбаркам сёньня разглядаў пытаньні пра парушэньні ў агітацыі за Аляксандра Лукашэнку і Ўладзіміра Ганчарыка. Нягледзячы на тое, што ЦВК ўстанавіла факт выхаду календароў з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі без выходных дадзеных – яго не пакаралі, паколькі календары гэтыя былі надрукаваныя легальна і амаль не распаўсюджваліся.

Затое да Ўладзімера Ганчарыка ЦВК падыйшоў вельмі строга. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што група Ганчарыка дзейнічае, паводле ейных словаў, правакацыйна, ігнаруючы папярэджаньні ЦВК і пракурора Менску. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік да канкрэтных парушэньняў аднес зьвесткі пра тое, што ў прафсаюзным будынку ў Магілёве праваахоўчымі ворганамі было знойдзена больш шасьці тысячаў маек з надпісам "Скажам дурню не!". Тут ЦВК зафіксаваў парушэньне артыкулу 47 Выбарчага кодэксу – бясплатная раздача матэрыяльных каштоўнасьцяў, што зьяўляецца подкупам выбаршчыкаў. Распаўсюджваньне сцэпвыпускаў незалежных газэтаў з агітацыяй за Ганчарыка таксама было кваліфікавана як подкуп выбаршчыкаў. І трэцяй падставай сталі сустрэчы з выбаршчыкамі ў Бабруйску, Барысаве, Гродне, Ваўкавыску, Менску, якія прайшлі нібыта з парушэньнеем закону.

Давераная асоба Ганчарыка Міхаіл Пастухоў спрабаваў пераканаць ЦВК, што Выбарчы кодэкс дае права кандыдату і давераным асобам сустракацца з выбаршчыкамі на мітынгах і сходах, і мясцовыя ўлады павінны дапамагаць у гэтым, а не перашкаджаць. ЦВК ня мае права прымаць нормы, якія пагаршалі б умовы для гэтых сустрэчаў, – зазначыў Міхаіл Пастухоў. Што ж да бясплатнай раздачы агітацыйных маек і газэт, то спадар Пастухоў адзначыў, што каманда Ганчарыка і ён сам ня маюць да гэтага адносінаў.

"Як Югаславію, Беларусь уцягваюць у правакацыю, таму ўжо пара здымаць Ганчарыка з рэгістрацыі," – заклікаў сябра ЦВК Анатоль Роднікаў. Аднак большасьць вырашыла абмежавацца папярэджаньнем.

Гэтае папярэджаньне, аднак, не азначае, што пры наступных парушэньнях Ганчарык будзе зьняты з рэгістрацыі, – зазначыў нашаму Радыё сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Можа быць яшчэ адно папярэджаньне, можа быць і яшчэ адно. Такого жорсткага ўказаньня на тое, што адразу пасьля першага папярэджаньня будзе зьняцьцё, няма. У кожным канкрэтным выпадку будзе разглядацца ступень парушэньня закону. Сёньня маглі і зняць Ганчарыка, так”.

Кіраўнік штабу Ўладзімера Ганчарыка Валянціна Палевікова лічыць гэтае папярэджаньне несправядлівым. На яе думку, папярэджваць і нават здымаць з рэгістрацыі ў сапраўднасьці трэба перш за ўсё Аляксандра Лукашэнку:

(Палевікова: ) “Вы ведаеце, кольскі скаргаў мы накіравалі ў ЦВК. У кожнай скарзе мы патрабавалі адваротнае, я думаю, што папярэджаньне трэба было вынесьці Лукашэнку ў першую чаргу. Мы будзем працягваць кампанію і далей па пляне, як усё намечана”. – Сказала Валянціна Палевікова, якая сёньня знаходзілася ў Кіеве і разам з Аляксандрам Дабравольскім правяла прэсавую канфэрэнцыю з удзелам вялікай колькасьці журналістаў.


XS
SM
MD
LG