Адзін з галоўных заснавальнікаў газэты "Шаг" бізнэсовец Веніямін Галынкін, па словах спадара Вайцахоўскага, ўжо некалькі тыдняў, як забараніў друкаваць у газэце "Шаг" нэгатыўныя матэрыялы пра Лукашэнку і ўвогуле пра ўладу.
Рэдакцыя газэты выконвала волю гаспадара, аднак у апошні свой нумар па дамоўленасьці зь яшчэ адной недзяржаўнай мясцовай газэтай "Інтэкспрэс" быў укладзены спэцвыпуск "Інтэкспрэсу", прымеркаваны цалкам да прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтая акалічнасьць і выклікала гнеў у Веніяміна Галынкіна, які валодае большай паловай акцыяў газэты.
Сёньня сход заснавальнікаў звольніў Анатоля Вайцахоўскага з пасады рэдактара за тое, што той "груба парушыў працоўныя абавязкі, дапусьціўшы, каб разам з газэтным нумарам газэты "Шаг" бясплатна распаўсюдзіў газэту "Інтэкспрэс".
Да слова, Анатоль Вайцахоўскі стаў не адзінай ахвярай у гэтай гісторыі. Кладаўшчыца друкарні, якая выдала рэдакцыі "Інтэкспрэсу" 30 000 наклад спэцвыпуску, ужо больш там не працуе, а друкар — пазбаўлены прэміяльнай даплаты.
Что ж датычыць непасрэдна выбарчых падзеяў, то на працягу сёньняшняга дня ў Баранавіцкі штаб Уладзімера Ганчарыка тэлефанавалі супрацоўнікі гарадзкога аддзелу ўнутраных справаў і паведамлялі, што іх прымушаюць расьпісвацца пад абавязацельствам прагаласаваць датэрмінова.