Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗУБРОЎЦЫ Ў ЦЭНТРЫ МЕНСКУ СЁНЬНЯ ЗЬБІРАЛІ Ў СЬМЕТНІЦЫ ЎЛЁТКІ ЛУКАШЭНКІ


Любоў Лунёва, Менск

На пляцоўцы каля кінатэатра "Кастрычнік" сабралася некалькі дзясяткаў сяброў моладзевага руху "Зубр". Яны прыйшлі туды зь мётламі і шуфлямі, каб падмесьці пляцоўку. Улёткі з выявай Лукашэнкі яны дэманстратыўна зьбіралі ў шуфлі й кідалі ў сьметніцы.

Цімафей Дранчук сказаў:

(Дранчук: ) "БПСМ спрабуе ўзьняць рэйтынг Лукашэнкі сваімі налепкамі, тупымі графіці на вокнах і раскідваньнем ягоных партрэтаў. А "Зубр" змагаецца за чысты горад. 9 верасьня, зразумела, пераможа дэмакратычны кандыдат Уладзімер Ганчарык. Мы папросту жадаем сустрэць 10 верасьня ў чыстым горадзе. Мы жадаем, каб вось гэтая выява на ўлётках, якія тут раскіданыя, зьнікла, як дурны сон".

Прэсавы сакратар моладзевай арганізацыі "Зубр" паведаміў Радыё Свабода, што апошнім часам сябры арганізацыі сутыкаюцца з рознага кшталту правакацыямі з боку ўладаў. Гаворыць Аляксандар Атрошчанкаў:

(Атрошчанкаў: ) "Напярэдадні выбараў мы чакаем нейкіх правакацыяў. Яны ўжо ідуць на поўную катушку. Напрыклад, расьпісалі вуліцу Чкалава "зуброўскімі" графіці і абляпілі налепкамі. Але па ўсёй вуліцы сапсавалі таксафоны. Мы лічым, што гэта было спэцыяльна зроблена, каб выклікаць нэгатыўную рэакцыю да нас з боку жыхароў Менску".

Сябры "Зубра" плянуюць цягам наступнага тыдня ладзіць штодзённыя акцыі ў падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Ганчарыка.


XS
SM
MD
LG