Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ ШАРАМЕТ: КІРАЎНІЦТВА РАСЕІ ЗАБАРАНІЛА ОРТ І НТВ ПАКАЗВАЦЬ ТЭЛЕІНТЭРВІЮ АЛЕГА АЛКАЕВА


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

“Новые Известия” пішуць, што “інфармацыя, якая трапляе ад рэгіянальных структураў Беларускага Гельсынскага Камітэту, сьведчыць пра гатовасьць афіцыйнай улады да фальшаваньня выбараў, якія адбудуцца 9 верасьня. “Зрэшты, – лічыць газэта, – іншага іншага разьвіцьця падзеяў чакаць не даводзілася. Прэзыдэнт Лукашэнка ў адным са сваіх нядаўніх выступаў па Першым нацыянальным тэлеканале даў устаноўку – “выбары пройдуць у адзін тур, дзе за мяне прагаласуюць 80-90 адсоткаў насельніцтва”.

Далей “Новые Известия” пішуць, што “выканаўчая ўлада робіць практычныя крокі для ўвасабленьня ў жыцьцё загаду Лукашэнкі”. Газэта паведамляе расейскаму чытачу ўвесь спэктар вынахадніцтваў вэртыкальшчыкаў – ад інструктажу чыноўнікамі Віцебскага аблвыканкаму старшыняў участковых камісіяў, як падмяняць бюлетэні, да прапановы намесьніцы кіраўніка Фрунзенскага выканкаму сталіцы, каб пікетоўшчыкі ў падтрымку Лукашэнкі апраналіся ў шорты і мелі белыя парыкі, бо гэта мае прывабіць моладзь на бок Лукашэнкі. “Новые Известия” падсумоўваюць, што “ў сваёй ініцыятыве ў падтрымцы Лукашэнку выканаўчая ўлада даходзіць да абсурду”. Але пры такой гатовасьці ўлады да фальсыфікацыяў “выбары могуць быць не прызнаныя міжнароднай супольнасьцю”.

“Независимая газета” выносіць у загаловак перакананьне – “Статыстыка ведае ўсё, у тым ліку і тое, што Аляксандар Лукашэнка пераможа ўжо ў першым туры.” Такая выснова зробленая на падставе аналізу некалькіх дасьледаваньняў, праведзеных беларускімі і расейскімі сацыёлягамі.

Расейскія газэты працягваюць камэнтаваць скандал вакол пісьмовых і відэа-выкрыцьцяў у справе далучанасьці беларускіх ўладаў да зьнікненьня вядомых у краіне палітыкаў. “Чым далей, тым больш незразумела” – гэта загаловак артыкулу ў газэце “Время новостей”. Аўтар публікацыі паведамляе апошнія падрабязнасьці скандалу і вылучае пацьверджаньне, зробленае міністрам унутраных справаў Беларусі Ўладзімерам Навумавым пра сапраўднасьць рапарту генэрал-маёра Лапаціка.

Але, – піша газэта, – “чым больш збліжаецца да лягічнага фіналу гісторыя пра зьніклых палітыкаў, тым больш блытанай яна становіцца. Незразумела, чаму, прызнаючы сапраўднасьць рапарту Лапаціка, міністар унутраных справаў дагэтуль не зрабіў аніякіх захадаў па праверцы гэтых зьвестак, а галоўны падазраваны па-ранейшаму ачольвае беларускую пракуратуру. Калі ж ніякіх захадаў у дачыненьні да Шэймана і Сівакова ніхто рабіць не зьбіраўся, то незразумела, навошта Навумаву спатрэбілася прызнаваць сапраўднасьць надрукаваных у СМІ дакумэнтаў?” На гэтае пытаньне “Время новостей” адказу ня мае.

Газэта “Известия” ў артыкуле “Часам яны зьнікаюць” вылучае меркаваньне “многіх назіральнікаў”, якія “ацэньваюць усе падзеі са зьяўленьнем касэты, а затым і “раскопкі” на месцы меркаванага злачынства, і пераможны рапарт міністра Навумава пра адсутнасьць усялякіх доказаў як сплянаваную акцыю спэцслужбаў, якія атрымалі заданьне наладзіць апэрацыю па дыскрэдытацыі кампаніі ў справе вышуку зьніклых людзей”.

Газэта расейскіх камуністаў “Правда” зьмяшчае “Адкрыты ліст да народу Беларусі” нейкага Чэслава Высоцкага, сакратара падпольнага ЦК Кампартыі Літвы”. Распачынаецца ліст, напісаны “па даручэньні левых народна-патрыятычных сілаў Літвы”, трывожна: “Над сьветам навісла сьмяротная небясьпека”. Захад, паводле літоўскага камуністага, распачапў трэцюю ўсясьветную вайну, і ястрабы на чале з ЗША “спрабуюць авалодаць апошняй заслонай супраціву ў Эўропе – свабодалюбнай і незалежнай Беларусьсю”.

Ліст завяршаецца заклікам да беларускага народу прагаласаваць за Лукашэнку. І гэта будзе, паводле літоўскага камуністага, чый адкрыты ліст зьмешчаны ў расейскай “Правде,” – “перамогай прагрэсу, стваральнасьці, захаваньня міру і цывілізацыі на плянэце”.

Сёньня расейскія інтэрнэтныя СМІ – “Известия. Ру” і “Лента. Ру” –паведамляюць пра ўчорашнюю заяву ў Менску кіраўніка аддзелам адмысловых інфармацыйных праектаў ОРТ Паўла Шарамета пра тое, што “ОРТ мае поўны варыянт запісу тэлеінтэрвію былога начальніка сьледчага ізалятару Алега Алкаева, які валодае дадзенымі пра “эскадроны сьмерці”. Цытуецца спадар Шарамет, які падкрэсьліў: “Аднак у выніку асабістага ўмяшальніцтва прэзыдэнта Лукашэнкі і ягонага кантактаваньня з кіраўніцтвам Расейскай Фэдэрацыі пакуль мы ня можам паказаць стужку Алкаева”. Шарамет дадаў, што, “наколькі ён ведае, такія ж праблемы ўзьніклі на НТВ”.



XS
SM
MD
LG