Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГУЛЬНЫ РЭЙТЫНГ УЛАДЗІМЕРА ГАНЧАРЫКА ПЕРАВЫШАЕ 30%


Віталь Цыганкоў, Менск

Сёньня ў інфармацыйнай службе амбасады ЗША ў Беларусі (USIS) прайшла відэаканфэрэнцыя, прысьвечаная вынікам апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў.

На відэасувязі з Вашынгтону на пытаньні беларускіх журналістаў адказваў Біл Долбэк, прадстаўнік кампаніі Wirthlin Worldwide. Гэтая арганізацыя, якая існуе з 1969 году, працавала ў Альбаніі, Польшчы, Расеі, Югаславіі, двойчы кіравала выбарчай кампаніяй прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана. Цяпер на замову Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту (IRI — International Republican Institute) Wirthlin Worldwide стала праводзіць у Беларусі сацыялягічныя дасьледаваньні.

Апошняе апытаньне правялі з 13 па 25 жніўня. Рэйтынг Уладзімера Ганчарыка за гэтыя два тыдні вырас з 13% да 24%. Як адзначыў Біл Долбэк, пасьля зьняцьця кандыдатуры Домашам Ганчарыку ўдалося амаль падвоіць свой рэйтынг. Адзіны кандыдат кансалідаваў усе галасы апазыцыйнага электарату, і забраў сабе фактычна ўвесь электарат Сямёна Домаша.

Між тым, рэйтынг Сямёна Домаша, які, нагадаем, зьняў сваю кандыдатуру 22 жніўня, за пэрыяд апошняга дасьледаваньня складаў 9%, якія таксама можна дадаваць да актыву адзінага кандыдата. Такім чынам, кансалідаваны рэйтынг Уладзімера Ганчарыка зараз перавышае 30%.

Між тым, папулярнасьць Аляксандра Лукашэнкі, паводле зьвестак амэрыканскіх сацыёлягаў, вось ужо некалькі месяцаў застаецца даволі стабільнай і складае цяпер 44%. Рэйтынг трэцяга кандыдата Сяргея Гайдукевіча спачатку рос, але, пачынаючы са жніўня, застаецца стабільным на ўзроўні 3–4%.

Што тычыцца ўзроставых прыхільнасьцяў беларускіх выбарцаў, то на гэтае пытаньне спадар Долбэк адказаў так:

(Долбэк: ) "Існуе выразнае адрозьненьне ў прыхільнасьцях паводле ўзросту. Лукашэнка мае падтрымку сярод людзей старэйшых за 55 гадоў, у той час як Ганчарык мае лепшы рэйтынг сярод выбарцаў маладзейшых за 40 гадоў. У той час як ва ўзросьце ад 40 да 54 шмат тых, хто яшчэ ня вызначыўся ў сваім выбары".

Увогуле, каля чвэрці выбарцаў дасюль ня вызначыліся ў сваіх прыхільнасьцях. Яны альбо заяўляюць, што будуць галасаваць супраць усіх, альбо кажуць, што пакуль ня вырашылі, каму аддаць свой голас. Між тым, сярод гэтай катэгорыі выбарцаў толькі 22% прыхільна ставяцца да Лукашэнкі. Калі сацыёлягі паспрабавалі спрагназаваць вынікі галасаваньня з улікам тых, хто яшчэ ня вызначыўся, то атрымалася наступная карціна: Лукашэнка атрымае 46%, Ганчарык — 40% і Гайдукевіч — 4%.

XS
SM
MD
LG