Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСОЛ ЗША МАЙКЛ КОЗАК АДКІНУЎ АБВІНАВАЧАНЬНІ МІНІСТРА ХВАСТОВА


Юры Сьвірко, Менск

Абмен заявамі паміж кіраўнікамі дыпляматычных ведамстваў ЗША й Беларусі стаўся ці не галоўнаю тэмаю кулюарных размоваў на ўрачыстым прыёме з нагоды 10-годзьдзя незалежнасьці Ўкраіны, што ладзіла сёньня ўкраінская амбасада ў Менску.

Адным з тых, хто сьвяткаваў угодкі незалежнасьці Ўкраіны, быў амэрыканскі амбасадар у Менску Майкл Козак. Але большасьць пытаньняў да яго былі зьвязаныя з 10-годзьзем незалежнасьці Беларусі ды прынятага з гэтай нагоды звароту амэрыканскага дзяржсакратара Коліна Паўэла.

Беларускі міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў вельмі нэгатыўна ацаніў гэты зварот і заявіў, што ЗША высоўваюць Беларусі нейкія новыя патрабаваньні, якія Менск выконваць ня будзе.

"Ці былі НОВЫЯ ўмовы з боку ЗША ў дачыненьні да Беларусі?" – запытаў я амэрыканскага амбсадара ў Менску Майкла Козака.

(Козак: ) “Не. Я думаю, тое, што сказаў сакратар Паўэл, мае на мэце паўтарыць дакладна тыя самыя рэчы, пра якія мы ўсе кажам цягам некаторага часу, – што шлях вырашэньня праблемаў, якія існуюць зь Беларусьсю, для беларускіх уладаў палягае ў правядзеньні свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў. Іншымі словамі – адпавядаць сваім абавязальніцтвам, якія яны свабодна ўзялі на сябе згодна з Хартыяй АБСЭ. Таму – няма новых умоваў. Што застаецца, дык гэта ўмовы, якія не былі высунутыя звонку, а якія былі дорбраахвотна прынятыя Беларусьсю. Калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, дык нашыя стасункі палепшацца. Я думаю, менавіта пра гэта йдзе мова ў заяве дзяржсакратара. І я ня думаю, што могуць быць нейкія пытаньні наконт гэтага. Няма новых умоваў, і умовы дакладна тыя самыя, што мае ўся АБСЭ. Гэта ня тыя ўмовы, што дзяржавы АБСЭ накладаюць на Беларусь. Гэта ўмовы, якія ўсе дзяржавы АБСЭ ўлучна зь Беларусьсю, прынялі, калі яны ўступалі ў АБСЭ. Гэткім чынам, мы ўсе забавязаліся сьледаваць тым самым стандатам. Гэта ідэнтычныя стандарты для кожнай краіны, у тым ліку Беларусі. І для Злучаных Штатаў таксама”.

Заявіў Майкл Козак, амбасадар ЗША ў Беларусі, камэнтуючы інтэрвію міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова.


XS
SM
MD
LG