Акрамя пасады віцэ-прэзыдэнта Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якую Кіма Кільюнен займае паўгода, ён яшчэ і сябар рабочай групы ў справах Беларусі. А ў Менск ён зьявіўся, маючы яшчэ і паўнамоцтвы адмысловага прадстаўніка дзейнага старшыні АБСЭ — міністра замежных справаў Румыніі Мірчы Джоанэ.
Як патлумачылі ў Кансультацыйна-назіральнай групе АБСЭ ў Менску, як адмысловы прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ спадар Кільюнен узначаліць сумесныя дзеяньні Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Беларусі.
Сталы сябар дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Ўладзімер Нісьцюк ня раз сустракаўся са спадаром Кільюненам як на форумах асамблеі, так і на розных кангрэсах сацыял-дэмакратаў. Вось як ён ацэньвае візыт Кільюнена:
(Нісьцюк: ) "Кіма Кільюнен — гэта вельмі прыстойны чалавек, сталы, з добрым досьведам дыплямат, які працаваў у структурах Аб'яднаных Нацыяў, ужо даўно і актыўна працуе ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, кіраваў адным з камітэтаў Парлямэнцкай Асамблеі. Безумоўна, гэта вельмі цікавы чалавек і моцны палітык.
Але мяне насьцярожвае тое, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусь не прыехала Парлямэнцкая "тройка", хаця і абяцала гэта зрабіць. Па-другое, я ўжо трохі ведаю пляны спадра Кільюнена. Мяне насьцярожвае, што ён не сустракаецца з Кансультацыйнай радай апазыцыйных палітычных партыяў".
У сёньняшняй праграме эўрапейскага чыноўніка дзьве вечаровыя сустрэчы — зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым і амбасадарам Расеі ў Беларусі Вячаславам Даўговым. Асноўныя мерапрыемствы заплянаваныя на сераду — гэта перамовы са старшынёй Цэнтарвыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай, арганізатарамі сеткі ўнутранага назіраньня за выбарамі, прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў, навукова-дасьледчых і аналітычных цэнтраў, кандыдатамі на прэзыдэнта.