Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫРЭКТАР ВІЦЕБСКАГА МЯСАКАМБІНАТУ ПАГРАЖАЕ, ШТО ВЫНІКІ ГАЛАСАВАНЬНЯ КОЖНАГА РАБОТНІКА БУДУЦЬ ПРАВЕРАНЫЯ(!)


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Як паведаміў каардынатар у справе назіраньня за выбарамі ў Віцебскім раёне Васіль Ігнаценка, на шмат якіх сельскіх выбарчых участках старшыні адмаўляюцца рэгістраваць назіральнікаў ад арганізацыяў, якія лічыць апазыцыйнымі.

Тлумачаць гэта звычайна наяўнасьцю іншых назіральнікаў ад падуладных структураў, якіх, маўляў, ужо дастаткова. Таму на некаторых участках у Віцебскім раёне назіральнікаў ад дэмакратычных сілаў пакуль што няма. Падчас паездкі па раёне спадар Ігнаценка высьвятліў таксама, што некаторым старшыням камісіяў ужо давялі зьверху і канкрэтную колькасьць выбарцаў, што мусяць прагаласаваць датэрмінова.

Падобныя ўстаноўкі атрымалі і кіраўнікі віцебскіх прадпрыемстваў. Як паведаміла каардынатарка ў справе назіраньня за выбарамі ў Кастрычніцкім раёне, дырэктар Віцебскага мясакамбінату 25 жніўня праводзіў адмысловую нараду, у часе якой загадаў правесьці на прадпрыемстве перадвыбарчыя гутаркі.

Зьмест гутарак мусіць быць прыкладна такі: усе працаўнікі камбінату ад дырэктара да рабочага мусяць прагаласаваць датэрмінова, добра памятаючы пры гэтым, што вынікі галасаваньня кожнага будуць правераныя. А таму вельмі пажадана памятаць, што "коней на пераправе не мяняюць". І хаця канкрэтнае прозьвішча кандыдата на нарадзе не прагучала, кожны працаўнік мясакамбінату мусіць зразумець, якога каня меў на ўвазе дырэктар.


XS
SM
MD
LG