Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАБЫЎСЯ НА ІДЭЮ АБ’ЯДНАНЬНЯ З РАСЕЯЙ


Мікола Іваноў, Прага

Аляксандар Лукашэнка, якога часта называюць апошнім дыктатарам Эўропы, вызначаецца рэдкім густам і пачуцьцём рытуалаў перадвыбарчай кампаніі.

Працуючы з натоўпам, фліртуючы з жанчынамі ці гладзячы жывёлаў на фэрмах, “бацька” (як яго амаль усе называюць) – выдатны актор на палітычнай сцэне, калі патрэбна абліваць брудам палітычных апанэнтаў ці кляйміць Захад.

Часам яму даводзіцца мабілізаваць усю гаму ягонага досьведу, чытаем на старонках газэты Daily Telegraph. Выступаючы, напрыклад, у Баранавічах, ён заявіў: “Ня верце тым, хто гаворыць, што Захад не зацікаўлены ці не паважае Лукашэнку. Я ўсяго толькі не дазваляю Захаду расцягваць нашую краіну”.

Перасьлед палітычных апанэнтаў, кантроль над сродкамі масавай інфармацыі і выбарчы закон, скроены такім чынам, каб гарантаваць яму кантроль над выбарчымі ўрнамі, амаль напэўна дасць яму яшчэ 5 гадоў улады.

У цэнтры цяперашняй перадвыбарчай кампаніі абвінавачаньні з боку апазыцыі аб тым, што памагатыя Лукашэнкі стварылі “эскадроны сьмерці” для зьнішчэньня дзеячоў апазыцыі.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША лічыць гэтыя абвінавачваньні вартымі даверу. Але Лукашэнка назваў гэтыя абвінавачваньні “байкамі і казкамі”.

“Які таталітарызм? Якая дыктатура? – сьцьвярджае ён. – Мы усяго толькі гарантуем парадак”.

А парадак пры Лукашэнку – гэта канфіскацыя кампутараў, якія належаць апазыцыі, закрыцьцё друкарняў, дзе друкуюцца перадвыбарчыя матэрыялы.

Запалоханы прыкладам бяскроўнай рэвалюцыі ў Бялградзе мінулай восеньню, Лукашэнка паабяцаў выкарыстаць сілу, каб стрымаць любую спробу зьвергнуць яго такім самым чынам, як гэта здарылася з ягоным старым сябрам Слабаданам Мілошавічам.

“Я не зьбіраюся сядзець у бункеры, як Мілошавіч, – заявіў ён. – Я нікога не баюся. Я сам абараню сябе”.

Уладзімер Ганчарык, прафсаюзны лідэр і галоўны кандыдат апазыцыі на выбарах 9 верасьня, абяцае новыя падрабязнасьці пра “эскадроны сьмерці”, чытаем на старонках газэты Daily Telegraph, але ён прызнае, што людзі адмаўляюцца верыць у тое, што высокапастаўленыя дзяржаўныя асобы маглі карыстацца паслугамі “эскадронаў сьмерці”, каб забіваць сваіх апанэнтаў.

“Улады заплямілі сябе крывёй, – заявіў ён на мінулым тыдні, – але праблема ў тым, што сьведчаньні гэтая нагэтулькі неверагодныя, што шмат хто ня верыць ім”.

Два былыя супрацоўнікі пракуратуры падтрымалі гэтыя абвінавачваньні, а адзін высокапастаўлены чыноўнік пакінуў пасаду, каб раскрыць новыя сакрэты дзейнасьці Лукашэнкаўскага рэжыму. Аднак, самая вялікая небясьпека для Лукашэнкі сыходзіць з Масквы.

Калі ён, як прадбачыцца, выйграе выбары, яму давядзецца ўсё роўна мець дачыненьне з варожасьцю з боку прэзыдэнта Пуціна, які ня робіць сакрэту з факту, што яму не падабаецца ягоны беларускі калега. Уся лукашэнкава ранейшая палітыка была пабудаваная на ідэі аб’яднаньня з Расеяй. У Баранавічах Лукашэнка ўвесь дзень агітаваў, нязгадваючы гэтую ідэю.


XS
SM
MD
LG